Хлопчыка адарвалі ад маці і пацягнулі на руках па паветры, нібыта баяліся, што ён папаўзе чарвяком у зямлю, і ён выгінаўся, віўся, выкручваўся чарвяком у дужых руках мужчын, слізгацеў у руках, нібыта стаў раптам голым, слізгацела за ім, коўзалася, як пупавіна, скрабла, драпала зямлю вяровачка. Яго падхапілі за гэтую вяровачку-пупавіну, узнялі і кінулі ў кузаў машыны, і машына, атрымаўшы гэтае дзіцячае цела, якое глуха дзвяньгнула ў яе нутры, ірванулася з месца і памчала...
«Кіндэрхайм, кіндэрхайм» – восеньскай мухай б'ецца цяпер у галаве ў падлетка чужое, страшнае слова. Ён ведае, ён успомніў, што яно азначае: «дзіцячы дом, дзетдом». Быў дзетдом у немцаў... І зноў перад ім ажывае, зіхатліва паблісквае нікелем і шклом медыцынскі шпрыц, зноў стаяць уваччу мужчынскія вялікія дужыя рукі, ад якіх пахне лекамі і чыстым ручніком. Замест пальцаў на гэтых руках пяць чорных змяюк. Змяюкі выгінаюцца, нацэльваюць на яго цела вялізную змяю-шпрыц. Шпрыц-змяя гоніцца за ім, лучыць джалам у яго сіняе цела. І туман. І з туману два колеры: сіні і чырвоны.
Свет пафарбаваны ў два колеры: сіні і чырвоны. Ёсць яшчэ трэці ў ім колер, колер туману, бела-малочны. Але гэта не колер жыцця, гэта правал, гэта бездань, у якую ён трапіў і якая паглынула яго, пачала жэрці яго з той хвіліны, як ён стукнуўся аб кузаў машыны. Дзень патух, забяліўся малаком, зацерусіўся імжой, яго зжэр гэты малочны колер. Малочная шэрань туману наплыла, агарнула яго, зжэрла яго рукі, ногі, цела. Захаваліся толькі вочы ды тое, што жывіла іх, малюпасенькая частка таго неадчувальнага, непрыкметнага, што не ўспрымаецца і на дотык, але неўміручага, вечнага нешта, захаваліся вочы і нешта, каб бачыць гэтае малочнае, што наплывае на яго клейка, цягуча і няўхільна.
Калі шэрань, забеленая малаком, разыходзілася, усё навокал запаўнялася сінім і чырвоным кіндэрхаймам. Кіндэрхайм для яго быў не словам, не гукам, а таксама колерам – чырвоным і сінім. Гэтыя колеры зліліся, і немагчыма цяпер успомніць, які з'явіўся першым, які браў верх, яны нібыта ўзнікалі і вынікалі адзін з аднаго, выцялі адзін з аднаго. Але напачатку, здаецца, быў верх сіняга. Сіні быў дзень, сіняя была сцежка, па якой яго разам з іншымі – таксама сіняга адцення – дзецьмі вялі да сіняга двухпавярховага дома. Адначасова штосьці быццам было і чырвонае. Чырвонымі жужальнымі шарыкамі перакочвалася пад яго нагамі сцежка, па якой ён ішоў да двухпавярховага кіндэрхайма. І ў тым кіндэрхайме было штосьці чырвонае. Шчыліна ў сцяне была чырвоная, шырокая, хоць далонь прасоўвай, а мо і дзверы былі чырвоныя. Каля дзвярэй была абвалена, здаецца, тынкоўка, і ў вочы зазіралі чырвоныя цагліны.
Гэта ўсё звонку, на падыходзе да кіндэрхайма. У самім жа кіндэрхайме, тут выразна памятаецца, уладарыў сіні колер. Ён ляжаў і на цэгле, і на падлозе, і на тварах тых, хто жыў у ім. А чырвоны прыйшоў потым, потым урэзаўся ў вочы, заслаў сабою ўсё.
Хлопчык пяці-шасці-сямі год плыў па бела-малочным тумане. І паступова выплываў з яго. Выплывалі спачатку ногі, а потым рукі, адна, другая, а потым ён прыкмеціў, што вакол яго ёсць людзі, такога ж, як ён, узросту і трохі большыя, хлопчыкі, дзяўчынкі. Хлопчык не ўзрадаваўся ім. Усе яны былі жудасна ссінелыя. І ўсе чагосьці чакалі, пазіралі на дзверы, іх выклікалі па адным за гэтыя дзверы, і адтуль чуваць былі ўвесь час стогны і крыкі. І хлопчык чакаў сваёй чаргі, назапашваў у сабе стогн і крык. І надышла яго чарга. Расчыніліся і зачыніліся за ім дзверы. Але ён не закрычаў. Крык засеў, застыў, прымёрз у яго горле. Тое, што ён убачыў, на белым-белым стале, было жахлівей за жах. На засланым прасціной стале ў шкляных палачках чырвона паблісквала жывая кроў.
І адскочыў сіні колер, усё надоўга афарбавалася, набрыняла, налілося крывёй. І з гэтага крывавага чырвонага выплылі пальцы са змяёй-шпрыцам і паказалі яму на стол. Ён залез пад стол, яго выцягнулі адтуль за нагу. Ён укусіў кагосьці ці штосьці, яго ўдарылі па твары. Болю ад гэтага ўдару ён не адчуў. Наогул біць яго цяпер было дарэмнай справай. Цела яго як здзеравянела, і ад удару толькі знямела ўздуліся губы. Ён адчуў на губах прысмак дрэва, нібыта грыз гэтае дрэва і застраміў губы. Яго кінулі на стол. І зноў трое ўзяліся выкручваць рукі і ногі. Прыкруцілі рукі і ногі да стала. І тут ён закрычаў, але не горлам, а прыкручанымі да стала рукамі і нагамі, якія ўсё бачылі, усё разумелі, але не маглі абараніць яго. Бачылі чырвоныя шкляныя трубкі, напоўненыя крывёй, якія пераклалі ўжо на другі стол, бачылі іголку-джала шпрыца, што лучыла ў яго. Вочы разумелі, што шпрыц ідзе да яго па кроў. Шпрыц, аж прагне, дамагаецца яго, каб узяць яго жывую кроў. Узяць усю да кроплі. Ён застанецца без крыві. І яго, як мокрую анучу, выкінуць на сметнік. Увесь зямны жах засяродзіўся для яго на чорнай, коса зрэзанай іголцы шпрыца. Увесь зямны боль глядзеў на яго, цікаваў з гэтай дзірачкі. Джала шпрыца дагнала яго і ўрэзалася, прысмакталася да яго рукі. І ён зноў паваліўся, паляцеў у бездань, у бела-малочны туман, што смактаў з яго сокі. Выкручанай анучай ляжаў ён на чымсьці жорсткім і шурпатым, мо нават ён быў ужо і мёртвы, валяўся на сметніку. Але гэта яго не палохала. Чаго баяцца, калі ў табе няма болей крыві, калі змяя смактала з твайго цела доўга, пакуль, як тая перасычаная, апітая п'яўка, сама не адвалілася, не папаўзла ад твайго цела, губляючы па дарозе чырвоныя кроплі.