І самота, туга агарнулі сэрца, нібыта ён у нечым вельмі і вельмі правініўся, вінаваты перад усім белым светам. Перад ізалятарам, Зосяй, Козелам, перад усімі людзьмі і рэчамі. Здрадзіў людзям і рэчам і цяпер уцякае ад людзей, рэчаў. Прыгнятала яго віна і за тое, што яшчэ жывыя, жывыя паліцэйскія, за тое, што яны натварылі на белым свеце, і за тое, за тое... Ён не мог выказаць за што, яму нечакана прыгадалася сівая жанчына, з якой ён сядзеў побач у зале суда, якая зведала столькі пакут і саромелася глядзець людзям у вочы, нібыта ў тым, што адбылося з ёй, была і яе віна. Вось такую адказнасць і няёмкасць адчуў у сабе раптам і Лецечка, няёмкасць за тое, што выпала яму, за людзей, з якіх выйшаў і ён сам, што дарагім яму людзям будзе непрыемна яго дачаснае знікненне, што наперадзе яго чакала нешта светлае і радаснае, а цяпер гэтае светлае і радаснае ўжо не адбудзецца, не адбудзецца. Шмат чаго не адбудзецца з таго, што наканавана яму, і нічога ён не зробіць з таго, што павінен зрабіць, што павінен пакінуць пасля сябе на зямлі кожны чалавек. І ён вінаваціўся ў тую хвіліну перад усім белым светам за не зробленае ім, не здзейсненае, за тое, з чым застаецца чалавек сам-насам у свой апошні судны дзень і судны час. Ён жа застаўся ні з чым. Зашчымела ад сораму сэрца. І Лецечка заспяшаўся, заспяшаўся, каб што-небудзь ды паспець зрабіць, каб хоць чым-небудзь ды аддзякаваць беламу свету за тое, што ён бачыў сонца і неба, зямлю, за тое, што ён хоць і не доўга, цяжка, але жыў на зямлі. І любіў, любіў і любіць...
Лецечка ціхенька адчыніў дзверы ізалятара і так ціхенька, асцярожна зачыніў іх, што Козел са Стасем толькі зірнулі адзін на аднаго і паціснулі плячыма. А Лецечка подбегам кінуўся ад дзвярэй да свайго ложка.
– Зараз, зараз, хлопцы... – Лецечка пацягнуў з-пад ложка драўляны чамадан, які колісь атрымаў у спадчыну ад Халявы, а той – у спадчыну яшчэ ад кагосьці з дзетдомаўцаў. Быў ён не пафарбаваны, неахайна пагабляваны, але захаваў у сябе цэлую эпоху дзетдомаўскага няскладнага жыцця. Лецечка склаў на чамадан рукі, схіліўся над ім, уцягнуў у сябе яго пах, даўно зжытых клапоў; пах яблыкаў, якія колісь захоўваліся ў ім, гэтым чамадане, а цяпер ужо даўно з'едзены; пах цукерак, дзетдомаўскіх паек хлеба, пах яго, Лецечкавага, жыцця – лекаў, дэзінфекцый, жалеза і гумы; дыхнуў гэтымі пахамі, соладка прыжмурыўся і рэзка, рыўком, адкінуў вечка. Высыпаў усё, што было ў чамадане, на стол. А было там – магніт, шпуля меднага тонкага дроту, стужка гумы ад процівагаза, павелічальнае шкло, зоска з пушыстага хвосціка труса з свінцовай пломбай пасярэдзіне, зубны парашок, шчоткі, баначка чорнай ваксы, кароценькая металічная трубка для самапала і загагулісты корань – нарыхтоўка для таго ж самапала, хромавы язычок ад чаравіка – для рагаткі, кніжка «Тры мушкецёры» Дзюма і шкатулка-самаробка: шэсць знітаваных ружовымі ніткамі яркіх паштовак з відамі Масквы.
– Вось, – сказаў Колька, – вось колькі ў мяне дабра назапашана.
Выхапіў з агульнай кучы магніт і шпулю дроту, схаваў рукі за спіну. І шпуля і магніт пяклі яму рукі, трэба было неадкладна пазбаўляцца ад іх. Неадкладна пазбаўляцца ад усіх гэтых рэчаў. Яны звязвалі яго, збівалі, блыталі думкі. Жаль, туга сыходзілі ад іх. Жаль і туга агортвалі Лецечку. Лецечка прыгадаў, як яму трапілі шпуля і магніт, як ён выдзіраў іх з сапсаванага дынаміка. І як баязліва з месяц хадзіў, чакаў пакарання. Але яго так і не пакаралі. Ніхто так і не даведаўся, што гэта ён выдзер шпулю і магніт з дынаміка. І развітваўся з гэтымі рэчамі амаль што радасна.