– Каму ў якой руцэ? – весела выгукнуў ён.
– Маё ў левай, – сказаў Козел.
– Маё ў правай, – сказаў Стась.
І Колька аддаў Козелу магніт, а Стасю шпулю. Аддаў і ўсміхнуўся таму, як мудра, прадбачліва падзяліў усё выпадак: Козел даўно ўжо шукае дрот для рагаткі, а выпала яму бескарысная рэч – магніт. Лецечка падміргнуў Стасю, вырашыў і надалей працягваць дзяльбу, як падказаў выпадак. Але Козел быў кемлівы, ён хацеў атрымаць сваё адразу.
– Мяняем не гледзячы? – падышоў ён да Стася. Мо яны тут бы і памяняліся, але Лецечка перашкодзіў яму.
– Стоп, стоп, стоп! – закрычаў ён. – Назад рукі не поўзаюць... Вось табе, Васька, яшчэ... – і адно за адным пачаў кідаць у яго далоні трубку для самапала, ваксу, ніткі, іголкі, гузікі. І зусім ужо дзеля смеху – каробачку зубнога парашку і зубную шчотку. Парашку гэтага было ў дзетдоме – хоць платы ім бялі: кожныя два тыдні выдавалі па наборы – шчотка, каробачка парашку. І захоўваў Лецечка парашок проста так, каб чамадан не гуляў. Козела аж скаланула ад гэтага пазачарговага набору. Зусім нават проста мог ён залімоніць парашок у Лецечку. Ды Лецечка паспеў улагодзіць яго: зверху, на каробачку зубнога парашку, паклаў зоску.
І ўздрыгнула Лецечкава рука, калі ён клаў гэтую зоску, хоць і не па ёй была яго туга. Балюча зрабілася Лецечку, што не спатрэбіцца болей яму зубны парашок. Прыйдзе дзень, і ўсе, Козел, Стась, атрымаюць па новай зубной шчотцы, па каробачцы зубнога парашку, а ён ужо не атрымае. Мо нават, як заведзена, паганяюць, як у футбол, па пакоі каробачку з зубным парашком, перамажуцца, выбеляцца, як млынары, і будзе несці ад іх на вярсту мятай. А зоску яму не шкада, хаця і прыдбаў ён яе зусім нядаўна, а марыў аб ёй даўно, як марыў да гэтага дня Козел, як марыць кожны дзетдомаўскі і гарадскі хлопец, што ходзіць ужо ў школу, калі ён, праўда, не бязногі, не калека, мае спрыт біць нагой па пушыстай шкурцы, да якой прыладжаны кавалачак свінцу. Каштавала гэтая зоска Лецечку пяць поўных вячэр, ды звыш таго аддаў пяць пернікаў, што давалі на снеданне, за свінец. Здаецца, як сабаку пад хвост выкінуў пернікі і вячэры. Не спатрэбілася яму зоска. Паклаў яе Лецечка ў чамадан, і як не было ўсё роўна яе, але ні хвіліны, ні вось столькі не шкадаваў ні аб марна страчаных перніках, ні аб вячэрах. Зоска была для кожнага дзетдомаўца сапраўдным скарбам. За гэтым скарбам палявалі і настаўнікі і выхавацелі. І апошнія заўсёды ўдала, заўсёды паспяхова, як чорт іх наводзіў, адбіралі, выкідвалі на сметнікі, палілі ў грубках. А зоскі зноў з'яўляліся. І было для кожнага дзетдомаўца справай гонару мець сваю ўласную зоску. І свая ўласная, заўсёды пад рукой, была ў Лецечкі, ляжала ў чамадане. Чакаў ён часу, чакаў, калі знікнуць з дзетдома ўсе да адзінай зоскі, а ў яго прыхаваецца, ён возьме яе з чамадана... Не, не дачакаўся. Няхай цяпер ляжыць у чамадане Козела. Няхай заўсёды жыве ў дзетдоме зоска. А прыйдзе час, настане час развітвацца Козелу з дзетдомам ці мо надыдзе і такі час, што адбяруць усе зоскі выхавацелі і забудуць ужо аб ёй, тыя, што цяпер толькі падрастаюць, вось тады і возьме Козел з чамадана яе, перадасць як спадчыну, яго, Лецечкаву, спадчыну, тым, новым, і заскача, заскача, замільгаціць пушыстым хвосцікам зоска, не памрэ памяць аб ім, аб Лецечку. І ўдадуцца, і народзяцца наступныя пакаленні дзетдомаўцаў дужымі на ногі, будуць набіваць яго, Лецечкавай, зоскай па сто ўдараў, па сто разоў будзе падскокваць угару зоска. Зоска хвацкая, спрытная, ёю можна і больш набіваць, толькі ўменне трэба, і дужыя ногі трэба. Не загіне, не прападзе яна ў Козела.
Стасю Лецечка пакідаў гумку і язычок хромавы ад чаравіка для рагаткі, павелічальнае шкло, трубку для самапала. Непатрэбныя наогул яму, Стасю, рэчы. Але хто загадзя можа сказаць, якія рэчы патрэбныя, якія непатрэбныя, якія з іх больш захоўваюцца, якія з іх больш жывуць... Стась не зробіць рагаткі, Стась не зробіць самапала. Стасю будзе хораша, як было хораша яму, ад аднаго толькі ўсведамлення, што ў яго пад рукой усе матэрыялы, усё начынне, і, калі спатрэбіцца тое, ён у любую хвіліну можа ўзяць і пусціць у справу, ужыць... Але не пусціць, не ўжыве, як не ўжыў сам Лецечка. Радаваўся, што ўсё ў яго, як і ў іншых, усё ёсць. Не горш ён за іншых.
На стале, на белым чыстым абрусе, засталіся толькі «Тры мушкецёры» і самаробная шкатулка. Лецечка кладзе «Трох мушкецёраў» на акно, не можа ён падзяліць кнігу на двух, а каму аддаць перавагу, не ведае, не хоча выбіраць паміж Стасем і Козелам і баіцца абразіць ці то аднаго, ці то другога. Дарагая яму гэтая кніжка, здаецца, калі б можна было ўзяць яе з сабой... А са шкатулкай паспяшаўся ён. Дарэмна ён яе разам з іншымі рэчамі паклаў на стол. Не павінны былі датыкацца да гэтай шкатулкі чужыя вочы. Не павінны. Здабыў яе Лецечка, таксама як і дрот, як і магніт, несумленна. Але, гледзячы на яе, Лецечка адчуваў не сорам, а радасць. Ён нагадаў, як украў гэтую шкатулку ў Лены Лазы з тумбачкі. Зусім нядаўна, і не збаяўся б украсці яшчэ раз, не дзеля якойсьці неабходнасці, а каб адчуць, перажыць яшчэ раз тую ўрачыстую радасць, той салодкі страх, які апанаваў яго ў пакоі ў дзяўчынак, тое адчуванне, што абрынулася на яго, адчуванне дужасці, уласнай годнасці, значнасці, з якімі ён краўся прахалодай калідора да прытоеных у паўзмроку запаветных дзвярэй, тое пачуццё спалоху, з якім ён адчыняў гэтыя дзверы, той рэзкі аглушальны ўдар па вачах, па ўсім целе святлом і сонцам, які ён атрымаў, калі пераступіў парог пакоя дзяўчынак. Пераступіў і застыў, аглушаны і аслеплены іншым пахам, іншым светам і інакшым жыццём. Пах быў дзявоцкі, духмяны і крыху саладкаваты, свет зіхатлівы і бліскучы ад белізны і яркіх фарбаў вышываных сурвэтак і накідак на падушках, жыццё іскрыстае, прамяністае ад дзявоцкіх усмешак, ад іх смеху, што заўсёды прысутнічалі тут, нават тады, калі і саміх гаспадынь не было, калі адсутнічалі гаспадыні. Іх смех жоўта і прамяніста лучыла сонца скрозь вымытыя да зіхатлівага рыпу вокны. Шкло рыпела і ўсміхалася, смяялася ад аднаго толькі дотыку сонечных промняў. Ён пайшоў на пальчыках, баючыся ступіць усёй нагою на маснічыны, пракраўся да Ленінага ложка, расчыніў яе тумбачку. Там, у глыбіні яе, і стаілася гэтая шкатулка з каляровых паштовак, знітаваных ружовымі ніткамі. Каля шкатулкі ляжалі два пернікі ад снедання. Колька паклаў да іх яшчэ два свае пернікі і ўзяў шкатулку з тумбачкі. Схаваў шкатулку за пазуху, выскачыў на двор праз акно.