Выбрать главу

Праз акно, хаця бяспечней было выйсці як і заходзіў. Але ён тады не думаў аб небяспецы, усе думкі яго былі аб адным: як мага хутчэй знікнуць адсюль, покуль ніхто не хапіўся, не адабраў шкатулкі. У калідоры, здавалася, яе маглі б адабраць. А на вуліцы ён ужо быў недасягальны.

Усё сваё багацце, што нажываў гадамі, падзяліў Лецечка, раздаў усяго сябе, усё сваё жыццё. Заставалася адна толькі шкатулка, і, гледзячы на яе, радуючыся ёй, ён адначасова гатовы быў і расплакацца, нібыта раздзеты дагала сядзеў цяпер перад Козелам і Стасем. Стол вызваліўся ад рэчаў, і шкатулка, што засталася ў адзіноце, задзірліва ярка калола вочы. Нібыта гэта не шкатулка, а сама Лена Лаза была тут, голая, безабаронная, сядзела перад імі, і сорам браў глядзець на яе, голую, і нельга было адарваць вачэй. І цяжка было прыдумаць, што рабіць з гэтай шкатулкай, яшчэ цяжэй было выканаць тое, што прыдумвалася. Няўтульна і няёмка адчуваў сябе не толькі Лецечка, але і Козел са Стасем. Нібыта яны цікавалі адзін за адным, і ўсе трое ведалі, што цікуюць, ведалі, цікавалі і пакутавалі ад гэтага. Пакутавалі, нібы ведалі адзін аб адным нешта такое, чаго нельга ведаць. Стасю і Козелу, Лецечка адчуваў гэта, пяклі ўжо рукі рэчы, што ён падарыў, якія ён пакідаў ім. Няўтульна было ў тую хвіліну ў ізалятары, як ніколі. Усе трое маўчалі, але ў гэтай іх зацятасці было выразна чутно, як скуголіць і вые дзесьці ў садзе Асталоп, як дурэюць за сцяной у здаровым крыле корпуса дзетдомаўцы. Усхадзіліся, нібыта задумалі знесці, разбурыць гэтым вечарам увесь корпус ці зламаць сцяну, якая падзяліла іх на хворых і дужых...

– Ах ты гад, гад, – без дай прычыны закрычаў раптам Козел і кінуў на ложак усё, што хвіліну назад з такой радасцю браў ад Лецечкі. І сам паваліўся на ложак, забіўся ў несуцешным горкім плачы.

– Лецечка, Лецечка, – сказаў Стась, прыслухоўваючыся да плачу Козела, да таго, што робіцца за сцяной, да таго, як вые і скуголіць Асталоп за акном. І скаланаючыся раз-пораз: – Не трэба мне нічога, Лецечка. Забяры ўсё назад, табе яшчэ ўсё гэта і самому спатрэбіцца.

– Забірай, забірай і маё, – закрычаў Козел. – Ты што... ты што прыдумаў?.. – Козел піхаў у кішэню, за пазуху Лецечку магніт, банку з ваксай, зоску, трубку для самапала, спяшаўся, рэчы падалі на падлогу, ён збіраў іх, раскідваў па пакоі. Тросся ўвесь, нібы яго біла падучка. Грукацеў і шамацеў адзеннем і Стась, адсоўваў ад сябе Лецечкавы падарункі і адсоўваўся ад іх сам, нібыта баяўся заразіцца, падхапіць ад іх нейкую хваробу. І ў яго кемлівых вачах вільгаццю збіраўся, выспяваў спалох. А Лецечку было крыўдна, што Стась і Козел так лёгка, бесклапотна абыходзяцца з тым, што ён запасіў, збіраў усё жыццё.

– Бі, бі... – усхапіўся і падляцеў нечакана да Лецечкі Козел, ускінуў угару падбародак так, што на ім напялася і заблішчала старэча-папяровая скура і сіненька выступілі ўсе жылы і жылкі. Козел ужо занёс руку, павеяла ўжо на Лецечку халадком ад узмаху яго дзіцячага маленькага кулака. Але ў апошняе імгненне Козел устрымаўся, толькі драпануў па твары вераб'іным, вострым сінім кіпцюрком. А Стась Дзыбаты, той самы Стась Марусевіч, які і муху абмінаў, які і муху не мог пакрыўдзіць, ударыў-такі яго, мазануў па твары далонню, як мокрай анучай, што падлогу мыюць.