– Вось і пабіліся, – сказаў Лецечка, а сам сабе дадаў: «Вось і развіталіся...» – Столькі год разам жылі, а пабіцца не выпадала... Вось і пабіліся. Вось і пабіліся...
І ўсё зноўку нечакана ўспыхнула ў ім і перад ім, азарылася зіхаткім святлом, якое рынула ніадкуль, і загучаў голас-покліч. Лецечка вокамгненна аслеп і аглух ад гэтага поклічу і ад гэтага святла. Не вачыма, а ўсім целам ён раптам убачыў і адчуў, як рассунуліся сцены ізалятара, расступілася ноч і заззялі, зазіхацелі ўдалечыні блакітныя запаветныя дзверы, спавітыя плюшчом, вінаградам і хмелем, музыка падхапіла і панесла, панесла яго, нібыта на крылах, панесла да гэтых запаветных дзвярэй, якія ледзь-ледзь прыадчыніліся, з-за якіх цягнулася да яго мноства рук і лілася музыка.
І ўсё гэта як імгненна з'явілася, як імгненна прымроілася, так імгненна і знікла, засталася толькі музыка, прайгравалася ў вушах незнаёмая, ніколі не чутая ім музыка, замілоўвала і расчульвала. Скрозь гукі гэтай музыкі ён чуў цяпер і галасы Козела і Стася, скрозь яе бачыў іх твары. Музыка была ружовая і блакітная. Ружовыя і блакітныя былі галасы і твары Стася і Козела.
– Добранькі які... Добранькі які... Ведаеш, што за такое трэба... – Стась паваліўся на ложак і адвярнуўся тварам да сцяны, зашыўся ў куток, уладкаваўся ў кутку на кукішках і Козел, пазіраў на Лецечку, са злосцю сачыў за ім з кутка. І Лецечка адчуў сваю віну перад Козелам і Стасем. Сапраўды, усё не так, як трэба, ён зрабіў. Па-добраму, па-людску не развітаўся з імі, ні з кім не развітаўся, нават з Захар'ем і з бабай Зосяй. Ён памятаў, да апошняй хвіліны памятаў аб Захар'і і бабе Зосі, але памяць гэтая была зыбкая, размытая, нібыта як не аб жывых людзях, а аб ценях, якія некалі абкружалі яго, мілых, любых, дарагіх ценях. Адзін з гэтых ценяў, здаецца, быў калісьці яго бацькам, а другі – ці то бабуляй, ці то маці. Ён адыходзіў, аддаляўся ад гэтых ценяў.
Музыка ўжо звала, запрашала яго з ізалятара, зводзіла яго з пакоя, які прапах лекамі... хаця паху лекаў ці якога іншага паху ён ужо не адчуваў, але ведаў пра іх, а музыка вяла яго на прастор, на паветра, дзе рошчынай управа і ўлева расцякалася ўначы дарога, дзе патрэсквала ў прахалодзе ночы прадзьмутая дзённым сонцам трыбуна, дзе шкляна застыла ўначы сажалка і плавае, неспакойна сёння плавае, яго, Лецечкава, рыба. І Лецечка праг хутчэй да лінейкі, да дарогі, да сажалкі, рыбы, праг хутчэй развітацца са сваімі рэчамі. Пазбавіцца ад іх гнёту, каб адсланілася ўсё, каб нічога не замінала. А наяўнасць усіх гэтых рэчаў прыгнятала яго. Ён увесь час памятаў і аб магніце, і аб недаробленым самапале, аб нарыхтоўках для рагаткі, аб зосцы і шкатулцы. Лецечку не давала спакою, што пасля яго, без яго ведама і дазволу хтосьці будзе датыкацца да іх, датыкацца з агідай і жахам. Ён хацеў падарыць, падзяліць іх паміж Козелам і Стасем. Гэта ж зусім іншая справа, калі ён прызначыць іх сваімі жывымі рукамі ў рукі Стася і Козела. На іх жа тады не ўпадзе адбітак яго смерці, не будзе на іх адзнакі смутку яго смерці, якія непазбежна накладуцца на іх, не будуць даваць спакою Стасю і Козелу, калі гэтыя рэчы трапяць ім не з яго рук. 3 яго рук – гэта значыць, у іх будзе жыць толькі памяць аб ім. Добраахвотна – гэта значыць, ён не прыйдзе па свае рэчы адтуль, нікога не напалохае. Сам жа аддаў, не пашкадаваў. Хацеў як лепей, а атрымалася наадварот. Хацеў сысці на ўсю гэтую ноч з ізалятара, каб не напалохаць Стася з Козелам, а, як выяўляецца, ужо напалохаў. Трэба заставацца да канца ў ізалятары, каб не напалохаць іх яшчэ болей. І нельга заставацца, таму што стане ізалятар для дзетдома, для Стася з Козелам пракляццем. Вечарамі будуць яны спуджана азірацца па баках, будуць баяцца зірнуць у куток, таму што ноччу ўсюды будзе ён блюзніцца ім. І што рабіць, і што пачаць? Апаганіць ён сённяшняй ноччу ізалятар. А ізалятар жа дарагі яму, хоць ён і не вельмі любіў яго. Гэта ж яго селішча, дом яго родны, у ім пражыў болей, чым паўжыцця, і як гэта пагадзіцца з тым, каб застацца тут да канца, як угаварыць сябе, як вытлумачыць усё Козелу са Стасем, куды іх ссяліць, хаця б на адну гэтую ноч? Дзе знайсці самому прытулак на гэтую апошнюю ноч? А ноч, ноч ужо на дварэ. Ужо ўціхамірыліся, угаманіліся за сцяной хлопцы, ужо на ўсю моц б'юць, спяваюць ці то за акном, ці то пад падлогаю цвыркуны. А Стась з Козелам усё яшчэ не спяць, і ўсё меней часу застаецца ў яго. А мо так і не скончыцца ноч, так і застануцца назаўсёды на небе зоркі і месяц і вечна будуць біць у цемрадзі цвыркуны? Не канчалася б ніколі ноч, ноч, змрок, цемрадзь патрэбны цяпер Лецечку для апошняй справы, самай галоўнай, перад тым як знікнуць, справы.