Лецечка марудна ўзнімаецца з ложка, бярэ апошняе, што належыць яму жывому. Шкатулку. Хавае яе за пазуху і, марудна перасоўваючы ногі, накіроўваецца да дзвярэй.
– Куды? Куды? – ускінуліся Стась з Козелам. Дурні, яны дамовіліся пільнаваць яго. Яны думаюць, што здольныя яго ўпільнаваць, што ўпільнуюць яго. Трэба ж такое прыдумаць...
– Я зараз, я зараз вярнуся, – сказаў Лецечка.
Але яны не паверылі яму, крадучыся, пайшлі за ім, спадзяваліся дапамагчы, калі што, а толькі перашкаджалі. У Лецечкі ўжо не хапала сілы парваць паштоўкі, з якіх была зроблена шкатулка, не было сілы ісці кудысьці далёка хаваць яе. Адчуваючы на сабе пагляд Козела і Стася, ён запхнуў шкатулку ў кветкі, верачы, што адтуль яе ніхто не выцягне, што там яна і згіне, адчуў рукою крамяную свежасць расы. Прыхапіў яе далонню разам з пялёсткамі, пылком, начнымі казяўкамі, абмыў расой твар: усё не так будзе пахнуць потым. Усё – не так...
Козел са Стасем ужо былі ў пакоі. Насупраць яго ложка дзвюма акуратнымі горкамі ляжалі магніт, вакса, зоска, трубка для самапала і шпуля дроту, стужка гумы ад процівагаза, а пасярэдзіне гэтых дзвюх горак – шашачная дошка, каробка з шашкамі і скураная футбольная пакрышка. Лецечка толькі зірнуў на гэтыя шчодрыя дары, хітнуў галавой, ужо далёкі ад усяго гэтага, адрачоны ад усяго зямнога. Але яшчэ жывы, жывы, і пакутаваў яшчэ, таму што нельга яму застацца ў спакоі і ў гэтыя апошнія хвіліны. Трэба рабіць выгляд, што нічога-нічога гэтай ноччу з ім не здарыцца. Трэба, як і кожны дзень, разбіраць пасцель і класціся спаць, захутвацца ў коўдру. Ён разабраў, лёг, захутаўся.
– Лецечка, Лецечка! – апошні раз пачуў ён галасы Стася і Козела.
– Добрай ночы, хлопцы, – першы і апошні раз сказаў ён ім гэтыя добрыя словы. І паверыў сам, што ноч у яго сапраўды будзе добрая, ён зробіць усё, каб яна была добрай. У сваю апошнюю ноч ён не засне. І першы раз у ім не было спалоху перад ноччу, таго штодзённага спалоху, які мучыў яго кожны раз з надыходам вечара, боязі, што вось ён засне і не прачнецца. Хаця і сёння жыў у ім страх, але іншы: не забыць, не прадрамаць, не праспаць сваю ўласную смерць, тую хвіліну, калі ён даткнецца парога іншага жыцця, новага быцця ці небыцця. Не хацеў ён смерці ў ізалятары, смерці ў сне. Думалася, верылася, што ў апошняе імгненне адкрыецца яму штосьці вышэйшае, адным вокам, але зазірне ён, паспее ахапіць тое, што не паспеў спазнаць, разгледзець пры жыцці. Адкрыецца яму вялікая тайна. Яна ёсць, ёсць і адкрываецца рана ці позна чалавеку. Ён зразумее, навошта і дзеля чаго прыходзіў у гэты свет. Мо пабачыць свет будучы, свой родны дзетдом, якім ён стане ў будучым, Стася, Козела, якімі яны стануць у будучым, і мо пабачыць яшчэ і сябе ў будучым. Няўжо ўсё на гэтым, капцы, кранты, няўжо ўсё на гэтым і канчаецца? Не мае быць такога. Ёсць, ёсць жа вышэйшы розум і вышэйшы сэнс...
Лецечка такі прыдрамаў, на хвіліну прыжмурыў вочы, але тут чыясьці рука дакранулася да яго пляча і хтосьці пяшчотна ў самае вуха: пара, пара. Ен усхапіўся з ложка. Змарыліся, спалі Козел са Стасем. У акно ўжо шэранню і чырванню зазіраў золак. Лецечка ўжо не бачыў і не адчуваў гэтага світання. У вочы яму ўжо свяціла іншае сонца, ён ужо задыхаўся ад яго зыркага, асляпляльнага святла, не хапала паветра. Лецечка, як птушка, што вось-вось падымецца, адарвецца ад зямлі, выпрастаўся, выцягнуўся ўсім целам у струну, замахаў рукамі, ловячы паветра. Але гэтага паветра не было ўжо ў ізалятары. У Лецечкі яшчэ хапіла сілы непаслухмянымі рукамі адчыніць дзверы і выйсці на ганак і там, на ганку, убачыць, як плавіцца, гарыць і палае неба, рушыцца сонца, надломваецца пластамі і пякуча навальваецца на парныя ўжо ад спёкі просіні.
– Людзі! Людзі! – безгалосна залямантаваў ён, выкінуў перад сабой рукі, грабучы імі паветра. – Беражыце, людзі, сонца.
Паспеў, прыгадаў, што такое ўжо было, але сонца ўцалела. Усміхнуўся са страху, што сонца застанецца, а яго ўжо не будзе. Але гэты спалох не паспеў яшчэ адбіцца на яго твары, ён захаваў на твары ўсмешку і слязу: мужчыны не плачуць, а слёзы... што зрабіць са слязьмі, яны самі бягуць. Ён паваліўся на ганак. Падаючы, здзівіўся: няўжо гэта ўсё? – і зразумеў: гэта – усё. Недаўменне, сляза і ўсмешка так і засталіся на яго твары. Усмешку, недаўменне і слязу, якую не паспела прасушыць яшчэ і сонца, убачыў і Захар'я, які на світанні завярнуў на ганак. Ён выцер сваю і Лецечкаву слязу, закрыў Лецечку вочы.