Выбрать главу

Стась Дзыбаты быў адкрыты ўсім, але на гэтую яго адкрытасць ніхто не мог глядзець без дрыжыкаў. Ніхто не мог пахваліцца, што да канца вытрымаў, разгледзеў твар Дзыбатага. Гэта быў не твар, а адзіная жывая рана, якая крычала і галасіла ўголас, рана з чырванню і сінню, нібы кветка, нейкая дзівосная і жахлівая, на якой усімі адценнямі вясёлкі палалі струпы, рубцы, ягадзіны і ледзякі даўніх апёкаў. I на гэтым жа, што ўганяў у дрыжыкі, твары – дзівоснай сілы і прывабнасці вочы, вочы спрацаванага, з’езджанага каня, які ведае ўжо ўсё аб тым, што яго чакае і пакорліва, але з жывёльным спрадвечным смуткам глядзіць, прыслухоўваецца да таго, як пакідае, выходзіць з яго жыццё. З’езджанасць каня была ў яго скразная, яна смугой лягла не толькі на твар, але і на новы, ды на ім, здаецца, ужо зношаны шэры каверкотавы касцюм, на грудзі, ногі, рукі – усё гэта ценька, празрыста, але без звону, з усхліпамі звонку і ўнутры. Яму, пэўна, было цяжка насіць не толькі свае сто дзевяноста сантыметраў, але і касцюм. I касцюм яму быў не толькі адзеннем, а і абручом, сашчэпкай, якая сашчапіла, з'яднала ў адзінае цэлае разладжанае, расхістанае цела. I пры ўсім гэтым Стась Дзыбаты быў улюбёны ў футбол, любіў яго да апантанасці, як, дарэчы, усе мы, чалавекі, любім тое, што забаронена нам і недасягальна.

Колька Лецечка... Што любіў ён, як выглядаў ён, якім ён быў... Увогуле, самым звычайным. Гарба ў яго не было, апёкаў і, крый бог, струпоў на твары таксама не было. Але і вельмі ўжо прыгожым ён сябе не лічыў і крыху нават шкадаваў аб гэтым, калі цішком разглядваў у люстэрка свой звычайны твар. Хацелася яму крыху больш і пунсовасці на твары, больш прывабнасці, носа іншага, вастрэйшага, точанага, рымскага, а не бульбачкай. Так, нос, здавалася яму, мог зрабіць яго прыгажуном. Але дзе ты тут возьмеш гэты рымскі нос, калі і вачэй змяніць нельга! Да рымскага носа, зразумела, патрэбны і вочы іншыя, цыганскія, а ў яго... паляшуцкія вочы: калі яшчэ не ўкраў чаго, дык абавязкова ўкрадзе. Да чорных вачэй пасавалі б і валасы кучаравыя, чорныя, з бляскам, цыганскія, а ў яго... Хату ці то хлеў саломай крылі, засталося трохі ад страхі, не доўга ламалі галаву, куды дзець, прызначылі яму рэшткі на валасы.

Але гэтую вонкавую непрываблівасць Лецечка надумаў запоўніць трываласцю духу, характарам, унутраным зместам. Ён выпрацоўваў у сабе волю, гаварыў усім толькі праўду і стойка зносіў усе крыўды, якія выпадалі на яго з-за гэтай праўды, не плакаў. «Мужчыны не плачуць» – гэта быў яго дэвіз. Трэба сказаць, што плакаць-то ён не плакаў, але слёзы іншы раз цяклі. Ніхто не ведаў, што ён выпрацоўвае ў сабе волю, рэжа ўсім праўду ў вочы не таму, што злы, а прынцып у яго такі.

3 гэтым прынцыпам яму асабліва нязручна стала жыць апошнім часам. Апошнім часам у дзетдом прыйшло шмат навічкоў, і некаторыя з іх прыйшлі ў дзетдом з калоній.

Стогне горад, стогне дзетдом ад гэтых хлопцаў, якія так нечакана для сябе атрымалі свабоду і вольніцу, звычкі ў іх ужо зусім іншыя, чым у дзетдомаўцаў, і спяшаюцца яны, спяшаюцца нацешыцца гэтай свабодай і вольніцай. Ідуць па горадзе чуткі, што на плошчы абакралі ларок: «I во дзіва, анічагусенькі не ўзялі, адны толькі запалкі...» Запалкі гэтыя патрэбны для «падпеканаў» – самаробных пісталетаў. Гарадскі цір у парку закрыўся на рамонт, а ў лесе страляюць з гэтых самых «падпеканаў» дзетдомаўцы, спаборніцтва ідзе там: чый б'е мацней. Дзень і ноч не пакідаюць дзетдом дырэктар і выхавацелі. Прыйшла новая выхавацельніца ў Лецечкаву групу. Не паспела ступіць на парог, пастроіла групу, абвясціла:

– Я сама папрасіла групу самых адпетых. Я іх зраблю людзьмі. Я прыйшла навесці парадак. I навяду яго. Занадта мякка тут да вас адносяцца, вось і развялі распусту. 3 гэтага часу ўсё будзе па-іншаму. Гэта я вам цвёрда заяўляю. Завуць мяне Вера Канстанцінаўна!

– Не, – сказаў Лецечка, – не.

Не даспадобы прыйшлася яму прамова новай выхавацельніцы.

– Што значыць тваё «не»? – спытала яго Вера Канстанцінаўна.

– Не веру я вам, – сказаў Лецечка. – Я тут даўно ўжо, даўно, Лецечка я. «И кто с мечом к нам входил, тот от меча и погибал». Так будзе і з вамі, гэта я вам гавару без падману, таму што заўсёды гавару толькі праўду.