Віна расхацелася. Калі гэта развітанне, то трэба развітацца і з традыцыямі. Яны з сябрамі мелі запазычаны з фільма звычай: піць на моры тэкілу. Знайшла невялікую краму, купіла соль і лайм і пайшла на пляж побач з палацам. Села на камяні спіной да Круазэт, тварам — да Міжземнага: гэта мора цёплае і ласкавае.
У яе будзе тое, аб чым марыць большасць сяброў, — падарожжы ў іншую рэальнасць, якія дапамагаюць забыць пра рэальнасць гэтую. Душой — там. Тут — целам. Але з-за таго, што душа недзе «там», «тут», то бок, цэлая краіна, здаецца другаснай, on the second place, you know. І другасным здаецца ўсё: думкі, падзеі, дасягненні. Людзі.
Вось каб адразу нарадзіцца «там» — там і магчымасці былі б іншыя. І можна было марыць аб фестывалях. А «тут» — тут не трэба і пачынаць было.
Аля лізнула салёнае, зморшчылася ад горкага, укусіла кіслае.
Дрэнна, канечне, што яе пазбавілі выбару, — не выслізнеш. Хіба толькі... Ды дзеля гэтага патрэбны належныя абставіны. І рызыка. Абставіны — перш. І рызыка.
Аля паглядзела на гадзіннік: так і ёсць, вось і абставіны — палова дванаццатай. Калі не паспяшацца, яна не паспее да поўначы — і, здаецца, знікне. Цікавы варыянт, чаму б і не? Канечне, бракуе барацьбы з лёсам, ну і к чорту барацьбу. Ці пазмагацца?
Аля бегла дадому. Абставіны. І рызыка.
***
Заставалася тры дні. Аля турбавалася, што не паспее. Не паспее паглядзець на бацькоў, пакуль яшчэ іх памятае.
«Калі ласка, калі ласка, калі ласка, няхай яны прыедуць — і я зірну на іх апошні раз. Калі ласка!»
І яе пачулі: Аля бачыла, як пад'ехала машына. Яны ўтрох увайшлі у пад'езд.
Ну што, паспрабуем?
У пад'езд удалося праслізнуць — апярэдзіла бабульку-суседку, якая толькі-толькі адчыніла дзверы.
Паднялася па лесвіцы, націснула на званок. Сэрца білася вельмі хутка, як.
— Вы, пэўна, да Жэні?
Адчыніла маці. Гэта добра.
— Я вас пазнала! Вы з той крамы, што ўнізе. У мяне добрая памяць на твары. Заходзьце. Дачушка, гэта да цябе.
Жэня выйшла з яе пакоя. Памаўчалі. Аля забыла ўсе словы. Чула толькі, што сэрца б'ецца вельмі хутка, як...
— Пэўна, ты прыйшла, каб паведаміць, што быў завоз?
Аля кіўнула.
— Дзякуй. Усё, можаш ісці.
— Жэня, можна цябе папрасіць дапамагчы з гарбатай? — маці глядзела незадаволена.
І зніклі на кухні: адразу пачуўся громкі шэпт— пэўна, маці выказвала, што нельга так паводзіць сябе з гасцямі. Значыць, ёсць колькі хвілін — хопіць, каб завітаць у свой пакой.
Там усё было па-старому: яе канапа, яе расчыненая шафа, яе старыя рэчы. Дзякуй, што нічога яшчэ не паспела выкінуць. Сэрца грукатала, перакрываючы нават далёкі громкі шэпт. Толькі некалькі імгненняў сам-насам, яшчэ некалькі імгненняў — і:
— Што ты тут робіш?
— Захацелася прысесці!
— Не вельмі прыемна, калі так заходзяць у чужыя пакоі.
— Жэня! — мама зноў перапыніла. — Запрасі на гарбату.
Гарбаты Алі не хацелася — хацелася збегчы з дому, які ў яе ўкралі. Вось толькі апошні раз зірнуць на маці — і:
— Дзякуй, не трэба. Я сапраўды зайшла толькі дзеля таго, каб паведаміць пра завоз. І запрасіць да нас Жэню. Ёсць шмат цікавых брэндавых рэчаў. А зараз — бывайце.
І — прэч з кватэры, не аглядваючыся.
Аддыхалася толькі ў краме: дзіўна, за некалькі тыдняў яна пачала лічыць яе сваім домам. Здавалася, дом супакойваў. Але якая яму была справа?
Аля нервова перакладвала рэчы ў вялізнай скрыні, калі за спіною расчыніліся дзверы, — «Элі». Зноў у яе куртцы.
— Навошта ты прыходзіла?
— Развітацца. Пэўна, ты ведаеш, што хутка скончыцца выпрабавальны тэрмін, — і я ўсё забуду.
— Табе расказалі? Хто?
— Антон.
— Ну, вось і пазнаёміліся. Я не хацела цябе гэтым турбаваць.
«Элі» праглядала сукенкі, акуратна развешаныя на самым выгодным месцы:
— Добра ты тут кіруеш. Што, сапраўды прывезлі штосьці добрае?
— Так, і нават шмат. Але я не паспела развесіць усё.
— У скрыні?
«Элі» нахілілася і пачала корпацца. Аля намагалася размаўляць спакойна, як заўсёды.
— Ведаеш, Алька, я так даўно не купляла нічога для сябе — так, брала напракат. Што і забыла, якая гэта асалода — валодаць рэччу.
«Элі» выцягнула са скрыні зялёную сукенку:
— Яшчэ з цэтлікам выробніка — не апраналі, значыць! Рэдка так шанцуе. І дарагога брэнда — пэўна, бірку забылі зрэзаць, каштавала ж шалёныя грошы. Бачыш, мы робім раскошу дасягальнай. Я памераю, калі ты не супраць.
Аля паматала галавой. Абставіны складваліся. Гэта добра.
— Мне здаецца, будзе сімвалічна, калі першую рэч для пачатку новага жыцця я здабуду на сваёй старой працы, — «Элі» пераапраналася за фіранкай. — Мне пасуе, як лічыш?