Сукенка сапраўды пасавала — дарагая вопратка ўвогуле пасуе ўсім.
— У цябе такіх будзе шмат. А гэтую — я куплю.
Аля напружылася — цяпер:
— Там яшчэ няма цаны. Я магу напісаць, якую хочаш. Я прадавец. І ў цябе не хопіць грошай.
— І што ты хочаш?
— Я згодна памяняцца. На сваю куртку.
«Элі» рассмяялася:
— Ты хочаш паймаць мяне на маіх жа метадах?
— Навошта табе маё жыццё? У мяне няма ніякіх залатых перспектыў, падарожнічаць я магу раз, ну два ў год — а ты ж звыклая да іншага.
— Таго, што ў цябе ёсць, мне больш чым дастаткова. І гэтая сукенка падабаецца мне не настолькі. Я не буду мяняцца, — «Элі» пачала распранацца.
— Пачакай!
— Не, я шмат чакала. Я тут ужо два дзесяцігоддзі — вось табе яшчэ адзін плюс, тут не старэеш. І я стамілася глядзець на чужое, быць чужынцам — і там, і тут. Мне патрэбна сваё.
«Элі» скінула сукенку.
— Прабач, Жэня. Гэта была апошняя спроба.
Аля ўзяла цэтлік і напісала на ім кошт:
— Вось, трымай. Няхай гэта будзе ад мяне падарунак.
— Дзякуй. Гэта насамрэч мала. У мяне нават ёсць з сабою.
«Элі» працягнула грошы.
— Віншую з набыццём!
Вагончык страсянула.
— Ты чула? — «Элі» выглянула ў акно.
— Мабыць, вецер.
Цяпер — рызыка.
— Жэня, я яшчэ хацела цябе спытаць. Вось гэтыя правілы, тыя, што на сценах, яны абавязковыя для выканання?
Аля пакрыху пасоўвалася па вагончыку.
— Так, яны асноўныя.
— Бо ведаеш, я памыла цішотку і думала, што ўсё скончыцца, а мяне проста не пусцілі ў Амстэрдам.
— Ну, гэта правіла для пакупнікоў, а ты прадавец. Таму правіла ты не парушыла.
— А калі б парушыла?
— Гэта немагчыма.
— Ну, а калі б?
Аля павольна, вельмі павольна рухалася да дзвярэй. «Элі» заўважыла гэта. Аля спынілася.
— Тады кантракт з табой быў бы скасаваны.
— То прабач яшчэ раз, я парушыла правіла. Сукенка, якую ты купіла, належыць мне. Я выцягнула яе толькі што са сваёй шафы, калі заходзіла дамоў.
Аля прамаўляла гэта не для яе — хацелася, каб гэта пачулі сцены. Няхай дапамагаюць.— Зялёная сукенка з залацістымі пырскамі, якую некалькі гадоў таму мы набылі з матуляй. І так, маеш рацыю, яе ніводнага разу не апраналі.
«Элі» адкінула сукенку, нібы яна была атручана.
— У правілах напісана, што тут нельга гандляваць рэчамі, якія належаць мясцовым жыхарам. Я парушыла правіла для прадаўцоў і цябе ўцягнула. Баюся, я не вытрымала выпрабавальны тэрмін.
«Эл і» збялела і кінулася да выхаду. Аля была хутчэйшая — яна зачыніла за сабой дзверы, саскочыла з ганка і пабегла прэч. Азірнулася — ручка тузалася, ды дзверы не адчыняліся, хаця Аля нічога замкнуць не паспела. «Элі» засталася ў сваім вагончыку. Гэта магло значыць адно: згода атрымана.
На двары пачало цямнець — не было ніводнага чалавека, хто бачыў гэтую пастаноўку, у якой Аля сыграла сваю лепшую ролю. Ды не, адзін быў. Там, на дзіцячай пляцоўцы, каля кучы немарскога пяску, стаяў Антон.
Аля ўсміхнулася.
— Шкада, — расчаравана пахітаў ён галавой.
Аля не сказала нічога і пайшла ў пад'езд. Там было адчынена. І кватэра — таксама.
— Ой, няўжо гэта я забылася зачыніць дзверы! — маці збянтэжана выглянула з пакоя. — Прабач, добра, што ты хутка вярнулася. Аля, што з тваім тварам?
— Нічога, я засумавала, — зноў абняла яна матулю.
— Нешта мы зашмат сёння абдымаемся. А калі ты сумуеш, то і не трэба нікуды хадзіць. Заставайся тут, са мною.
— Застаюся.
***
Раніцай вагончыка не было: ён знік гэтаксама уначы, як і з'явіўся.
Аля збіралася на працу ў тэатр:
— Ведаеш, роля ў мяне амаль што галоўная. Так, грошы маленькія. Нават не «смешныя» — з такога нельга смяяцца. Але вось што добра: мне прапанавалі ролю ў расійскім серыяле. Там і буду зарабляць, — яна расчыніла дзверцы шафы. — Так у нас амаль усе робяць: там зарабляюць, а тут — працуюць. Яны целам — там, а тут — душою. Вось такім чынам у нас у краіне тэатр і існуе. Затое існуе, затое наш. І прыемна, што я спрычыняюся да нечага такога, што, спадзяюся, змяняе гэтую прастору.
— Я ўвечары наведаюся на твой спектакль, для мяне, між іншым, гэта будзе прэм'ера, — маці стала побач з шафай і зазірнула ў неабсяжныя глыбіні.
— На жаль, апрануць мне на прэм'еру ўсё яшчэ няма чаго.
— Памятаеш, адмыслова для такога выпадку мы набывалі зялёную сукенку. Дзе падзелася?
— Хто ж зараз гэта можа ведаць! Давай мне пашыем новую? Ці лепей некалькі? А то адны толькі горы джынсаў, — выцягнула пару, але стос не паваліўся, утрымаўся.
Аля зачыніла дзверцы шафы — белыя, дзве створкі, дзве круглыя ручкі.
Здаецца, гэта канец.