— Дарослыя дзяўчынкі гарэлку з півам не мяшаюць. Я так і панкам сваім сказала. І што, ты таксама гэтак пераапранаешся?
— Не зусім. Але і твой шлях я прайшла. І па кватэрніках розных пабадзялася.
— І суседзі нічога не падазраюць? І сям'я? І ўсе так могуць?
Жэня адказвала стомлена — як зорка, якой задаюць адны і тыя ж пытанні.
— Не, суседзі нічога не падазраюць. І сям'я нічога не падазрае. І я казала ўжо, што не ўсе так могуць, не ўсе, а толькі абраныя, мной ці не толькі мной. Але ты задаеш такія нецікавыя пытанні! Ты трапіла ў новы свет ці зразумела, што твой свет — не такі, якім ты яго ведала. А пытаешся пра фігню, — і змяніла тон на бадзёра-трэнерскі: — Ну, давай прыдумвай добрае пытанне.
Аля пасядзела, памаўчала, але нічога лепшага не вынайшла, як спытаць:
— Жэня, што гэта?
— Ох, на гэта пытанне я не ведаю, як адказаць. Магу толькі сказаць, як гэта.
Для нас гэта — магчымасць падарожнічаць у іншыя, чужыя, вымярэнні, пераапранаючыся ў чужое адзенне. Патойбочнае жыццё сэкандаў. І не толькі майго — іх у краіне сотні. Але, як я ужо казала, падарожжы, змена асяроддзя — гэта толькі для нас з табой. Для астатніх — іншы эфект: рэчы змяняюць тых, хто іх апрануў.
Сэканды тут з'явіліся ў дзевяностыя. Тады, калі ў нас адчыніліся дзверы, рухнулі сцены, ляснулі заслоны — і засталіся мы голымі, сам-насам з усім светам. Ён — стары, з вялікім набыткам, майном, якое збіралася стагоддзямі, мы — зноў маленькія, зноў нам пачынаць спачатку. І галоўнае, мы — чужынцы, мы зусім іншыя, зусім, і як нам жыць было ў гэтым новым старым свеце? Тады і прыдумалі гэтую адаптацыю: перадаваць нам старое майно.
Калі ты, Аля, апранаеш чужую рэч, ты трапляеш у іншую рэальнасць. Калі, ну, да прыкладу, цёця Галя апране — гэтая рэч пачне пакрыху, вельмі-вельмі павольна, уплываць на яе характар. То бок, перадаваць энергію папярэдняга ўласніка. Яго характар, стаўленне да жыцця. І вось ужо Галя можа пяць хвілін у дзень паглядзець «Еўраньюс» без агіды, а Пеця, напрыклад, пашпацыраваўшы ў замежнай куртцы, якая раней належала ўласніку рэстарана, пачне свой бізнес і адчыніць кавярню з кавай навынас.
На нашых суайчыннікаў чужыя рэчы дзейнічаюць, ну, не ведаю, быццам прышчэпка еўрапейскіх каштоўнасцей, еўрапейскага характару, еўрапейскага ладу жыцця. Такі спосаб знешняй адаптацыі: нашы людзі даношваюць еўрапейскія рэчы, а рэчы напаўняюць іх еўрапейскай энергіяй. На сталых людзей дзейнічае горш, на маладых лепш — маладая энергія лягчэй паддаеца ўплыву, а старая такая задубелая, а дуб шалікам не падсячэш — так, галіначку падвязаць, каб хоць які вынік атрымаўся. Ну, вось. Зразумела што-небудзь?
— І ты дапамагаеш распаўсюджанню гэтых... каштоўнасцей ці насамрэч проста барахла?
— Калі спрошчана, то так.
— А калі няспрошчана, то хто гэта прыдумаў? Каму гэта патрэбна?
— Гэтага я не ведаю. Тое, што я распавяла, мне расказалі, калі бралі на працу. І крыху сама дадумала. А больш мне ведаць не трэба. Раз у месяц бывае завоз, я атрымліваю новыя рэчы, вяртаю тое, што зусім не прадаецца. Здаю грошы, пакідаючы сабе зарплату. Два выходных у тыдзень. Тады магу выпраўляцца ў падарожжы. Як ты разумееш, па Еўропе. Але спачатку вандравала так, як ты сёння, — у альтэрнатыўных рэальнасцях. Цяпер мне даступны іншы ўзровень — перамяшчэнне ў прасторы.
Некалькі хвілін у вагончыку была цішыня. Аля ўстала і зноў прайшлася паміж радоў. На гэты раз яны не нагадвалі лес — хутчэй лабірынт, у якім можна і згубіцца, і нечакана знайсці выйсце.
— Ведаеш, Жэня, калі ты толькі тут з'явілася са сваім вагончыкам, ты нагадала мне Элі, занесеную сюды з далёкай краіны. А зараз я бачу, што ты і ёсць Элі: у бясконцым падарожжы, сам-насам з сусветам.
— Так, гэтаму століку ўжо хопіць. Больш піва не атрымаеш.
— Раскажы, раскажы яшчэ. Дзе ты пабывала?
— Няўжо табе хочацца распытваць? Перад табой — столькі магчымасцей. Ты можаш не слухаць, а ўдзельнічаць! Гэта ж самае неверагоднае здарэнне ў тваім жыцці, а ты: «Раскажы, раскажы». Валі туды сама! Хопіць быць слухачом, цуды могуць адбывацца і з табою.
— Сёння позна.
— Дзевяць гадзін. Яшчэ адзін раз зганяць паспееш! Ну, давай! — Жэня амаль угаворвала.
— А давай! Што параіш?
— Эх, нікуды без інструкцый — завязвай з гэтым. Дам параду апошні раз, пасля — сама. Заўжды выбірай нешта нязвыклае. Памятаеш памаранчавы швэдар? Жыццё амаль не змянілася, бо ты апранула амаль тое, што і заўжды. Калі хочаш нязвыклага, не таго, што ўжо маеш, дык і рабі нязвыклае.
Аля ціха пайшла па лабірынце. Гэтак яна хадзіла ў кніжнай краме, шукаючы, што пачытаць. Тут замест кніг былі пінжакі і спадніцы, але кожная рэч таксама абяцала перанесці ў іншы свет: «У якое жыццё занясе гэты пярэсты кафтан? Мабыць, што-небудзь веганскае. А спартыўная байка? Буду фітаняшкай. А вось гэта?»