Выбрать главу

Аля паспрабавала падняцца, але сукенка налілася такой вагой, што немагчыма было паварушыцца. У галаве ўсё паплыло. І ўжо праз сон пачула:

— Так і ведала, што згода будзе. Дабранач.

Сноў ніякіх не было. Ці гэта быў суцэльны сон?

***

Разбудзіў пах кавы. «Сон, так, гэта быў сон».

— Прачынайся!

Не.

— Хутчэй, я спяшаюся, а мне трэба табе шмат распавесці. Пра цябе клапачуся, між іншым.

Аля расплюшчыла вочы — «Элі».

— Ты пакуль што яшчэ не зможаш падняцца. У мяне ёсць такая перавага, ды хутка яна знікне. Пі, — «Элі» працягнула кубачак. — І слухай.

Аля зрабіла глыток. Зноў апоіць? Няхай.

— Гандаль — справа нескладаная. Табе прывозяць рэчы. Ты сама пішаш кошты на цэтліках, як прыдумаеш. Грошы аддаеш у дзень прывозу. Сабе пакідаеш зарплату. Гэта я табе казала, але паўтару. Праверкі сюды ніколі не прыходзяць, не хвалюйся. І галоўнае, — Жэня дастала з кішэні ключы і паперку з адрасам, — ты зможаш падарожнічаць. Па Еўропе. На жаль, толькі па суботах і нядзелях — такія туры выхаднога дня. Тут побач гатэль, нумар — за табой. Краму тады зачыняеш. Грошы — у цябе будуць, але там іх траціць можна толькі на ежу. І вось яшчэ: табе неабходна вярнуцца ў нядзелю да поўначы. Не вяртаешся — назаўжды губляешся недзе ў прасторы. Тут вельмі простыя правілы.

«Элі» паглядзела ў акно, быццам кагосьці чакала:

— Апранаеш рэч. Ідзеш у свой нумар — трапляеш туды. У якой краіне хочаш апынуцца, рэч з той краіны і апранаеш.

— Ты кудысьці спяшаешся? Карціць пачаць жыццё няўдалай акторкі?

— Мы з'язджаем на дачу.

І тут у вагончык увайшла маці. Альчына маці.

— Жэнька, ужо час ехаць. Ты казала, што хутка вернешся.

— Ма, мы ж вырашылі ехаць так раптоўна, у мяне засталіся справы.

— Добры дзень, — павіталася маці з Аляй. — У вас вельмі прыгожая сукенка.

— Дзякуй. Хутка ў нас завоз, — Аля сама не ведала, што гаворыць.

— О, нам «хутка» не падыдзе. Мы на дачу, на месяц. Дачцэ патрэбны адпачынак. Яна ў нас актрыса, — усміхнулася маці. — Ну, давай, бацька ўжо прыехаў. Мы чакаем, — сказала гэта той, іншай, і выйшла з вагончыка.

— Маці мяне забыла?

— І яна, і ўсе. Цябе ніхто больш не згадае.

— А калі я адмоўлюся гандляваць?

— Так, ты можаш адмовіцца. І вось хутка скончацца грошы. А ў цябе няма ні дакументаў, ні сяброў, і падзецца табе няма куда. Тады ты, напэўна, будзеш стаяць пад сваёй, ужо маёй, кватэрай, і сэрца тваё будзе аблівацца крывёю. І маё таксама, таму мне бачыць гэтага зусім не хочацца. І каб не бачыць, я вырашыла ўсім нам палегчыць перыяд адаптацыі — пакуль мы пабудзем на дачы. Час бегчы. Яшчэ пытанні?

— Адно. Чаму я?

«Элі» ўжо трымалася за ручку, але вярнулася і села на канапку.

— Ты не першая мая спроба. Але першая, каму атрымалася перадаць працу, — па нейкіх прычынах ты пасуеш да гэтага месца. Яно згадзілася цябе прыняць. Да таго ж, — памаўчала, — ты мне спадабалася. Я назірала за табой, за бацькамі. Мне спадабалася тваё жыццё.

— Ты яго не ведаеш!

— А ты? Дык вось, яшчэ крыху пра правілы. Спачатку ў цябе выпрабавальны тэрмін, але тут ён маленькі, з месяц. А пасля, калі праца табе надакучыць, ты павінна знайсці сабе новае жыццё. Так, як знайшла яго я. І парада на развітанне: гэта будзе лягчэй зрабіць, калі вагончык пераедзе ў іншае месца, — тут я ўжо некалькі разоў спрабавала, варыянты не спрацавалі. Ну, акрамя цябе, канечне. Бывай.

«Элі» зачыніла за сабой дзверы.

Аля сядзела ў фатэлі і трымала ў руках халодны кубак з кавай. Праз гадзіну яна змагла падняцца. І першае, што зрабіла, — зняла і выкінула сукенку. Замест яе апранула свае старыя джынсы і расцягнуты блакітны швэдар.

І тут зайшоў першы пакупнік. Пасля яшчэ адзін, і цэлая сям'я, і яшчэ, і яшчэ. Аля не глядзела на іх: добра, што ў яе нічога не пыталі і не звярталіся па дапамогу. Бралі рэчы, мералі, вярталі назад ці набывалі. І вось тут трэба было напружыць усю сваю моц: падлічыць грошы, каб даць рэшту. А гэта вельмі замінала думаць.

— Я вазьму гэтыя джынсы.

Трыццаць, без рэшты, цудоўна.

«У мяне ёсць ключы, я магу трапіць ў кватэру, каб. Каб проста трапіць. Можа, яна падманула, і там ёсць мае дакументы». Паляпала па кішэнях — пуста. «Сучка. Чаму я ўвогуле ёй веру? Так, у мяне ж ёсць мабільны! Каму патэлефанаваць? Калі бацькам, пэўна, слухаўку возьме яна».