Выбрать главу

— Куртка.

«Дае шэсцьдзясят. Куртка каштуе пяцьдзясят шэсць пяцьдзясят. Колькі рэшты? Мабільны, мабільны, калькулятар. Тры пяцьдзясят». Мабільны застаўся ў руках. Спярша Аля патэлефанавала лепшай сяброўцы, якую ведала з першага класа. Рыта сказала, што памыліліся нумарам, бо яна незнаёмая з ніякай Аляй. Пасля гэтага Аля вырашыла тэлефанаваць усім па чарзе. Магчыма, гэта жарт, вельмі жорсткі жарт, у якім згадзіліся ўдзельнічаць яе бацькі і сябры, іх падгаварылі, і Аля была згодна дараваць гэтую жорсткасць, каб толькі тое скончылася. Тады гэта змова, вядома, змова, але...

— Мне куртку і цішотку.

«Так, дванаццаць плюс сорак восем, шэсцьдзясят, усё дакладна, без рэшты. Калі гэта змова, то немагчыма, немагчыма падгаварыць усіх знаёмых». І Аля пачала тэлефанаваць. Усё жыццё прайшло перад яе вачыма: аднакласнікі, аднагрупнікі, калегі, парыкмахерка, стаматолаг, дырэктар яе тэатра, суседка. «Ваня кафэ», «Ларыса касцюм», «Ігар рыторыка». Ніхто не ведаў Алю. Залезла ў сацсеткі — яе акаўнты выдалілі. Набрала па памяці (так, на жаль, па памяці) нумар свайго былога каханага (нумар быў выдалены з кантактаў, яго забыліся намовіць) — і ён не ведаў Алю. Ніхто не ведаў.

— Гэтую сукенку.

Сукенка — плата. Усё дакладна, без рэшты.

Працоўны дзень скончыўся — Аля ўзяла ключы ад гатэля, паперку з адрасам і зачыніла краму. Калі праходзіла паўз свой пад'езд, з'явілася апошняя надзея. Канечне, у кватэру яна не трапіць, але гэта яе дом, ён павінен яе пусціць. Вельмі павольна, лічба за лічбай, набрала код. Не падышоў. Пасля яшчэ раз. І яшчэ, змяніўшы парадак лічбаў. Нічога. І гэтая апошняя няўдача так балюча кальнула сэрца, што Аля не вытрымала і заплакала. Адна, зусім адна ў цэлым свеце.

І так і пайшла, плачучы, да гатэля. І плакала ўсю ноч у сваім маленькім халодным нумары на маленькім ложку, плакала без суцяшэння і без надзеі. А пасля заснула. І як заўжды, калі прачыналася пасля «слёзных» начэй шкадавання, на раніцу з'яўвілася жорсткасць і абыякавасць да сябе.

У ванным пакоі — ўсё неабходнае: шампуні, рушнікі, нават касметыка. У шафе — новая бялізна.

«Клапатлівая сучка», — падумала Аля. І больш думаць пра яе сабе забараніла.

Па дарозе на працу зайшла ў гіпермаркет, купіла сэндвіч, каву і зарадку для мабільнага. Чацвер, гэта быў чацвер, да выходных засталося толькі два дні. Можна было патрываць. Галоўнае — рабіць усё механічна, паводле інструкцыі, дакладна лічыць грошы. І не глядзець у бок дома.

***

Пакупнікоў прыходзіла няшмат, з размовамі не чапляліся, толькі адна бабулька спытала: «А завоз у вас будзе ў наступны панядзелак, як заўсёды?» Ну, калі ў нас так заўсёды, то чаму б і не — Аля кіўнула. Больш размоў не было. Толькі перавешвала рэчы, пералічвала грошы, перапыняла непатрэбныя думкі.

Калі прыйшоў вечар пятніцы і краму пакінуў апошні пакупнік, Аля вельмі доўга вырашала, у што пераапрануцца: яна не ведала, якая рэч з якой краіны. Спачатку шукала, што спадабаецца ёй. На сукенкі не гля­дзела. Пасля кінула байкі і вырашыла знайсці тое, што ў мінулым жыцці не насіла. Цікава, трэба пераапранацца ў суботу раніцай? Ці з вечара пятніцы, каб больш часу засталося на падарожжа? Пэўна, з вечара пятніцы. Перамерала некалькі варыянтаў, стамілася, вырашыла, што ўсё адно, і схапіла першую байку, якая трапіла пад руку.

У нумары байку апранула — і нічога. Адчула сябе дурай — няўжо і тут падман, і будзе толькі дрэннае, а абяцанае добрае — не здзейсніцца? Распранулася. Зноў апранулася і залезла на ўсялякі выпадак ў шафу, зачыніла за сабой дзверы. Вылезла — нічога не змянілася. Дура і ёсць. Лягла спаць. На ўсялякі выпадак, у байцы.

Прачнулася — зноў нічога. А гэта ўжо не вечар пятніцы, гэта — субота. Лепш бы ёй не абяцалі казку — тады б яна яе не страціла.

Аля адчула, што вельмі галодная: ела толькі той раптоўны сэндвіч, а так піла каву — і, нацягнуўшы джынсы, выправілася ў краму.

Адчыніла дзверы — там быў не калідор. Лесвіца, вялізная каменная лесвіца. Аля падняла галаву — і вось яна, казка. На яе з дома насупраць глядзела гаргулья. Па вуліцы ішлі мніхі ў чорных расах, блазны ў стракатых касцюмах і гандляр з вялізнымі лялькамі. Пранеслася карэта, якой кіраваў кучар у джынсах. Здалёк пачулася музыка — той самы гадзіннік. Тая самая Прага.

Аля зачыніла дзверы. Зноў адчыніла — Прага нікуды не знікла. Прага! Схапіла грошы, якія ляжалі ў тумбачцы (дзякуй за еўра!), і пабегла ў горад.

Прага была для яе першым горадам па-за межамі. Па-за межамі ўяўнага, па-за межамі досведу, па-за межамі магчымага. То бок, першым горадам па-за межамі Беларусі і постсавецкага свету, куды яна трапіла. І тады таксама здалося, што апынулася ў казцы. Ці за кулісамі тэатра: міфічныя дамы, хімеры, статуі. Аля марыла, што стане знакамітай і прыедзе сюды з гастролямі, каб пажыць даўжэй.