І вось, прыехала. Аля ішла па знаёмых вуліцах і цешылася з таго, што яны знаёмыя, а калі стамілася, купіла глінтвейн і выправілася да сабора Святога Віта. Ужо зачынены, але і побач яна магла стаяць гадзінамі. Увасабленне прыгажосці, іншакраіннай, іншасветнай. Уначы яшчэ прыгажэйшы: здавалася, яго карункавыя вежы выразаны з цемры, ды гэтая цемра імкнецца да неба.
Вяртацца не хацелася, але сіл зусім не было. Аля адмыслова выбрала шлях цераз Карлаў мост — ніколі не бачыла яго пустым, а цяпер — толькі яна і статуі па баках. Паднялася па лесвіцы — а ўнутры ўсё тое ж: халодны нумар, маленькі ложак. У яго Аля ўпала, і больш нічога не было.
Раніцай Прага не знікла. Не знікла яна і пасля таго, як Аля прыняла душ. Страшэнна балелі ногі — як заўжды ў паездках. Таму ў нядзелю Аля ўсё больш сядзела: спачатку — у кавярні на Верхнім намесце, пасля — у трамваі: глядзела горад. Пад вечар — у рэстаране. Канечне, піўным. Піла няшмат: заўтра на працу.
ня завоз! Бамбіза не здзівіўся, калі пабачыў Алю, увогуле не выказаў ніякай рэакцыі: прынёс клункі — забраў грошы — пакінуў некалькі паперак еўра — сабраўся сыходзіць. Усё, як робат, ці хутчэй Жалезны Чалавек. Але на твар — Страшыдла.
— Ведаеце, я не гандлярка, я актрыса. І таму не маглі б вы перадаць там, што гэтая роля не для мяне?
Жалезны Чалавек моўчкі паглядзеў на яе і зрабіў тое, што і збіраўся — сышоў. Вось, сапраўды, сэрца яму бракавала.
І раптам — клункі былі падпісаны! Гэта значыць, яна магла выбіраць напрамак: Нідэрланды, Германія, Францыя, Фінляндыя, Бельгія. Вось, значыць, рысы якіх нацыянальных характараў завезлі да яе ў краму. Хто там палічыў, што менавіта іх не хапае беларусам? Але спытаць — няма ў каго, таму пагодзімся і будзем маўчаць.
Увесь тыдзень Аля жыла гэтымі клункамі: перабірала, падпісвала, прыдумвала кошты і пазначала «нацыянальнасць» рэчы, каб не пераблытаць маршруты. Што не паспела перабраць, пакінула ў вялізнай скрыні, якая стаяла каля акна. І увесь тыдзень Аля задыхалася ад густога хімічнага паху, якім былі насычаны рэчы: здавалася, ён насыціў і яе — валасы і скуру, і толькі гарачы душ мог яго змыць. І ўвесь тыдзень Аля выбірала, куды б ёй паехаць. Не. Паляцець? Патрапіць.
Выбрала Нідэрланды, бо хацела ў Амстэрдам. І там яна была (і шмат хто быў — гэты горад, як і Прага, быў адным з абавязковых маршрутаў для наведвання сярод яе сяброў). Цяпер, калі ўсё яе жыццё здавалася чужым і незнаёмым, яе вельмі цягнула да знаёмых месцаў.
У суботу апранула цішотку — адчыніла дзверы — і выйшла з хостэла каля плошчы Дам. Пашэнціла! Пашыбавала знаёмымі вузкімі вулкамі, чорнымі і рудымі, купіла смажаную бульбу ў кулёчку, пакаталася на кацеры па каналах, завітала на рынак цюльпанаў — і ўвесь час згадвала, як рабіла тое ж, але з сябрамі. Каб пазбавіцца думак, выправілася туды, куды ў мінулы раз не трапіла: рэшту дня правяла ў музеі Ван Гога. Але і там не магла пазбыцца ўспамінаў: гледзячы на карціну са спальняй, згадала ўласную кватэру, якую ў яе адабралі. Наступным разам трэба выпраўляцца туды, дзе не будзе напамінаў пра мінулае.
У дрэнным гуморы вярнулася да плошчы Дам. Яна абяцала сабе больш ніколі не катацца на «Чортавым коле», размешчаным побач з Боскім саборам, але зноў палезла. І там, наверсе, заплюшчыўшы вочы, зноў абяцала, што больш ніколі, абы толькі спусціцца на зямлю. Калі спусцілася, успомніла, што побач знаходзіцца кітайскі рэстаранчык, — і вырашыла апошні раз схадзіць у знаёмае месца.
Пакуль ела лапшу ў кісла-салодкім соусе (у Мінску такой няма), аглядала наведвальнікаў. Стыльныя прычоскі, стыльная вопратка, спартыўныя постаці. І ўсе прыгожыя. Асабліва мужчыны. Асабліва адзін. І чаму ў нас такіх няма? Добра, ёсць, але не столькі ж. І не такія.
Ён сядзеў адзін і таксама еў лапшу. А Аля тым часам прадстаўляла сабе яго жыццё. Будуе яхты. Тройчы на тыдзень ходзіць у трэнажорку. І гэта відаць нават праз кашулю. Дарэчы, сам сабе мые і прасуе кашулі — бо не чакае, што хтосьці іншы (іншая) павінен рабіць тое за яго. Стоп. Мые кашулі. «Абавязкова памыйце рэчы перад тым, як апранаць». Гэта правіла. Яно вісіць на сцяне. Таму гэта правіла. А яна ж ім ніколі не карысталася. А што будзе, калі скарыстаецца? Аля відавочна адчула хімічны пах ад сваёй цішоткі, які перабіваў нават пахі кітайскага рэстарана. Калі яе вымыць, мо яна пазбавіцца мораку?
Думкі ліхаманкава круціліся ў галаве, і Аля забылася, што ўсё яшчэ глядзіць на кашулю незнаёмца. Той перастаў есці і таксама паглядзеў на Алю. Яны сустрэліся позіркамі.