— Бертран, налi мне яшчэ!
З асцярогi Ганзаг закрыў свой скарб рукамi. Пакуль Бертран налiваў, ён так сцiснуў рукой бумажнiк, што аж зарыпела. Як толькi гаспадар устаў да кававаркi, Ганзагавы локцi ўзнялiся, i бумажнiк паявiўся зноў. Сербануўшы са шклянкi, новы ўладальнiк павольна i асцярожна распачаў даследаванне.
Спачатку — дробязi. Ганзаг трымаўся такога прынцыпу: стрымлiваць эмоцыi i пакiдаць прыемныя сюрпрызы на закуску. Маленечкая кiшэнька на маркi аказалася, вядома ж, пустая. Пустое было таксама аддзяленне на бiлеты ў метро: усе кiшэннiкi ведаюць, што вынаходлiвасць тых, хто робiць бумажнiкi, выкарыстання на практыцы не мае. Побач з бiлетамi на аўтобус — тры газетныя выразкi, падатковая квiтанцыя, два бiлеты ў кiно i зубачыстка. Вiзiтная картка нейкiм дзiвам апынулася ў кiшэньцы, спецыяльна ёй прызначанай. Зрэшты, яна належала не W.K. Гэта была прывабная вiзiтка, на якой значылася: Жулi Сэшрэ, дыпламаваная медсястра, уколы па выклiку. Ён сунуў два пальцы ў другую кiшэньку — па паперы. Але перш чым перайсцi да больш сур'ёзных рэчаў, Ганзаг дапiў сваю шклянку i заказаў яшчэ адну.
На стале з'явiлася трэцяя шклянка «Перно», i агляд прадоўжыўся. Спачатку Ганзаг двума пальцамi выцягнуў пасведчанне асобы пад нумарам 2579367. Далей яго чакала расчараванне: гэта быў не Вiльгем, а Вiльям, а прозвiшча «дэ Керфаўэ» даводзiла, што гэты чужынец на самай справе быў брэтонскага паходжання. «А ўрэшце, мне на гэта напляваць!» — буркнуў Ганзаг, саграваючыся. Уваткнуўшы нос у фатаграфiю з пячаткай прэфектуры, ён заўважыў, што тып гэты, брэтонец ён цi не, морду меў несамавiтую. Далей агляд паскорыўся. Вадзiцельскiя правы, «шэрая картка», талон «С»… гэтыя паперы можна было прадаць, яны безумоўна зацiкавяць каго-небудзь са знаёмых — «спецыялiстаў» па аўтамабiлях. Ва ўсiх паперах гаварылася аб прафесii Вiльяма дэ Керфаўэ — сэнс яе зводзiўся да прыназоўнiка «без». Ганзаг пагардлiва ўсмiхнуўся — у яго было правiла: чалавек павiнен выбраць або працу, або авантуру. Атрымлiваць асалоду без рызыкi i намаганняў — вось што было адзiнай, бясспрэчнай амаральнасцю. Аднак, калi гэтаму Керфаўэ не хапала прынцыпаў, то ўжо густу яму хапала. За гэта сведчылi чатыры фатаграфii з апошняй кiшэнькi. Пра першую, на якой была трохi пераспелая, хоць i шыкоўна прыбраная дама, нельга было што-небудзь сказаць. Хутчэй за ўсё гэта была мацi, удава дэ Керфаўэ. Але тры астатнiя проста ашаламлялi! Голая дзяўчына са спiны, у фас i ў профiль, была проста незвычайная! Расчырванелы ўжо Ганзаг выпiў залпам трэцюю шклянку i клiкнуў гарсона:
— А цяпер нясi абсент!
З унутранай кiшэнькай болей нельга было цягнуць. Ганзаг загадаў сабе апошнюю загадку: колькi грошай, мяркуючы па таўшчынi, магло ў ёй быць? Калi гэта соценныя бiлеты, дык магло б пацягнуць тысяч на пяць або шэсць. Калi тысячныя — на пятнаццаць або дваццаць. Ганзаг адкрыў кiшэньку, лiхаманкавым рухам страсянуў бумажнiк i высыпаў на стол усё, што ў iм было.
— О, божа, вялiкi фармат!
Вось гэта пашанцавала! Хто б мог спадзявацца на такую ўдачу. Лёс бясконца спрыяў яму: побач з даволi вялiкiмi купюрамi было дзесяць бiлетаў па дзесяць тысяч. Яны былi зусiм новенькiя, i iх прызначэнне было зразумелае з цыдулкi, якую Вiльям дэ Керфаўэ да iх прышпiлiў:
«Дарагая, не ведаю, а каторай гадзiне ты павiнна вярнуцца з падарожжа. На ўсялякi выпадак я зайду сёння ўранку. Нарэшце я сабраў тыя самыя сто тысяч франкаў, цярплiва эканомячы на маленькiх шчодрасцях Чылiйкi. Я табе прынясу iх разам з фатаграфiямi, знятымi надоечы ўвечары. Калi я цябе не застану, я пакiну гэтую запiску на начным столiку i зайду пасля абеду яшчэ раз. Я выкраiў сабе два вольныя днi. Цалую. — Вiльям».
— Дарагая! — прашаптаў Ганзаг лагодным голасам, падняўшы шклянку. — За тваё здароўе!
Шклянка дрыжала ў руцэ. Яму рабiлася то холадна, то горача, ён смяяўся i пацеў ад захаплення. Яго радасць, яго здзiўленне, думкi, няпэўныя i каламутныя, як дно шклянкi, мяшалiся i блыталiся.
— Патрэбныя! На што патрэбныя гэтыя сто тысяч? Каб паклапацiцца пра маленькага Ганзага… Бертран, «крывавую Мэры»!
Бертран налiў, скоса глянуў на грошы, прыкрытыя рукавом. Ганзаг выпiў «крывавую Мэры», вырашыў, што ў ёй не хапае гранатавага сiропу, заказаў яшчэ адну i палiчыў, што гэтым разам не хапала «перно». Ён запатрабаваў, каб яму прынеслi бутэлькi, i сам пачаў змешваць. Сумесь здалася яму дасканалай. Пасля ён з урачыстым выглядам адаслаў Бертрана да стойкi i заняўся сваiмi дробнымi справамi… Значыць, так. Дакументаў у яго больш няма — свой бумажнiк ён аддаў палiцэйскаму. Але ён напэўна атрымае яго ў Бюро знаходак. Ларно, яго сябар, а часам i кампаньён, не будзе крыўдзiцца за тое, што Ганзаг пакарыстаўся яго прозвiшчам. Наадварот! Гэтаму нягоднiку залiчыцца сумленны ўчынак… Якi добры аргумент будзе мець яго адвакат, калi яму спатрэбiцца расчулiць суд!
Ну вядома ж, прадбачаючы такi ж самы выпадак, Ганзаг мог дазволiць сабе займець такiя ж рэкамендацыi… Але пра гэта няма чаго i думаць! Сто франкаў яшчэ можна было б вярнуць, але ж не сто тысяч! Вярнуць. Гэтым словам усё сказана.
З нейкiм неспакоем — невядома чаму — Ганзаг пералiчыў грошы. Павольна. Паважна. Трохi астыўшы. Нейкi чарвяк тачыў яго. «Лепш мне больш не пiць „крывавай Мэры“, — падумаў ён. — Гранатавы сiроп занадта салодкi, ён мяне разморвае». Пасля знайшоў больш сур'ёзнае тлумачэнне: «Сто адзiнаццаць тысяч пяцьсот франкаў. Вось гэта грошы, няма чаго i казаць! Але па сутнасцi яны знойдзены, не зароблены. Я не люблю несумленнай гульнi. Лёгкасцi трэба сцерагчыся. Спачатку знаходзiш бумажнiк, потым гэта пачынае падабацца, з часам губляеш звычку рызыкаваць i канчаеш збiраннем недакуркаў». Ганзаг мог абвясцiць гэта ўголас… Ён быў зусiм не такi, якiм яго ўяўлялi сабе суддзi, гэтыя нiкчэмныя людзi, у брыжах i каўпаках. Яны давяраюць толькi звесткам: аб судзiмасцi Ганзага. Чалавек, у якiм тояцца вытанчанасць i далiкатнасць — вось кiм ён быў. Элегантны. Але не шыкоўны, бо шыкоўнасць па рыначных цэнах заставалася яму пакуль што недаступнай.
Ганзаг уздыхнуў. Гранатавы сiроп разморваў яго далей. Божа ж мой, i сапраўды на пусты жывот Рабатэн быў усяго толькi няшчасны зладзюжка з прадмесця. Але пiтво надавала яму пэўную дабрачыннасць. Пасля шостага «перно» ён ужо марыў пра вiлу за горадам, пра пантофлi, пра спакойную пасаду, пра маленькiх Рабатэнаў, пра маральнасць. Каб стаць сумленным, яму трэба было напiцца. Шкада толькi, што, каб пiць, пакуль што патрэбны грошы, i Ганзаг павiнен быў здабываць iх спосабам… ну але, спосабам менш высакародным за яго мэты, у якiя нiхто не хоча паверыць.
Ганзаг глыбока ўздыхнуў, узяў яшчэ адзiн «перно» i раптам схамянуўся. Што? Нiхто не хоча ў iх паверыць? Ну гэта мы яшчэ паглядзiм! Гэты прайдзiсвет Ларно, гэты зануда Бертран, прыяцелi па «прафесii», i нават Пюмiле, гэтыя нiкчэмныя мяшчане, дабрачыннасць якiх канчаецца там, дзе пачынаецца беспакаранасць… Ён усiх iх здзiвiць, гэтых дробных iнтрыганаў. Ён сам сябе здзiвiць так, што будзе памятаць усё жыццё! I нягледзячы на iнстынкт, на прагу, на нейкую чорную мудрасць, якiя пратэставалi недзе ў глыбiнi душы, Ганзаг раптам знайшоў кучу аргументаў. Ён нiчога не трацiў. Анi шэлега. Ён спадзяваўся быў на дзесяць тысяч. А дзесяць адсоткаў па закону забяспечвалi яму нават больш за адзiнаццаць тысяч. Цi зарабляў ён калi адзiнаццаць тысяч сумленна i тым больш нiчога не зрабiўшы? Выпадак быў рэдкi, а дзень сiмвалiчны! — гэтак шчаслiва адзначыць свята святога Андрэ! Бацька Рабатэн, гэты гаротнiк, няздольны прынесцi анi кропелькi шкоды мiльярдэру, пэўна, перавернецца ў магiле ад задавальнення. Але, каб не аддацца спакусе, нельга было чакаць нi хвiлiны. Бо яму ўжо шкада было плацiць за пiтво з тых дзесяцi адсоткаў, што яму быў вiнаваты Керфаўэ.