Ганзаг неахвотна адклаў бiлет на пяцьсот франкаў, пасля паклаў паперы, фатаграфii i грошы ў бумажнiк, а бумажнiк у кiшэню. Нарэшце з цяжкасцю ўстаў.
— Трыста пяцьдзесят! — крыкнуў Бертран занепакоена.
— Рэшты не трэба! — адказаў Ганзаг, кiнуўшы грошы на стол. — Калi зойдзе Ларно i спытае пра мяне, — дадаў ён, — скажы, што я ў XVI акрузе.
— Добра, у XVI! — адказаў кемлiвы гаспадар, сам былы злодзей. Ён добра ведаў занятак сваiх клiентаў, як i кварталы, дзе яны пераважна «працуюць». Калi Ганзаг пахiстваючыся падышоў да дзвярэй, Бертран стрымана кiнуў: «Удачы табе!» i засмучана закiваў галавой. Гэта красамоўна казала пра тое, што ён ведае, у якiм стане цяпер чалавек, якi iдзе займацца сур'ёзнымi справамi.
Згодна адрасу, азначанаму ў паперах Вiльяма дэ Керфаўэ, Ганзаг праз гадзiну ўжо ўзыходзiў на шосты паверх раскошнага дома на авеню Анры-Мартэн. Ён шмыгнуў мiма кансьержкi — старая засцярога! — пагрэбаваў лiфтам i павольна падымаўся па сходах, размяркоўваючы вагу ступнi на ўсю прыступку, каб яна не рыпела. Ён ведаў, што асцярожнасць цяпер не патрэбна, але яму не ўдавалася добра зразумець, што ён падымаецца па гэтых сходах, укрытых дываном, з добрымi намерамi. Яму было вельмi нязвычна не адчуваць у сваiх кiшэнях цяжару адмычак, прыстасаванняў для ўзлому замкоў, разборнага лома для дзвярэй — ягонай уласнай вынаходкi, якая была вартая таго, каб экспанавацца на выстаўцы. На кожным паверсе ён рабiў кароткую перадышку, разглядваў вiзiтныя карткi, медныя шыльдачкi на дзвярах, званкi, а асаблiва розныя сiстэмы замкоў: спружынныя, «Ейль», «Блокту», «Вочкi». Ён ушаноўваў гэтых сваiх звычайных ворагаў позiркам знаўцы: гэтак жа глядзiць на фартыфiкацыйныя збудаваннi афiцэр, калi ён уваходзiць у крэпасць з прапановай аб перамiр'i. Але прозвiшчы жыхароў стаялi не на ўсiх дзвярах, i падняўшыся на шосты паверх, Ганзаг не знайшоў прозвiшча Керфаўэ. Ён збiраўся ўжо спусцiцца ўнiз i распытацца ў кансьержкi, але ў гэты момант з лiфта выйшла пакаёўка нейкiх заможных гаспадароў у фартуху i карункавым чэпчыку. Ганзаг абазваўся да яе, i яна вывела яго з няёмкага становiшча.
— Пан дэ Керфаўэ?.. Я пакаёўка ў яго.
Ганзагаў выгляд i пах перагару прымусiлi яе збянтэжыцца:
— Я, аднак, не ўпэўнена, цi пан…
— Я яго не ведаю, — сказаў рашучым тонам Рабатэн. — Я толькi знайшоў яго бумажнiк на вулiцы i прынёс.
— А! Тады заходзьце! — адказала дзяўчына з нейкай павагай, якая была Ганзагу як бальзам на душу.
Яна бразнула звязкай ключоў. Але перш чым паспела адчынiць, бясхiбны Ганзагаў позiрк занатаваў: ключ звычайны, равок злева, шэсць зубцоў лесвiчкай. Ключ ад засаўкi, прывешаны да першага, даваў дадатковыя звесткi: грабенчаты замок, якi можна адмыкаць адмычкай са сталёвага дроту. Дзверы адчынiлiся, i Ганзаг саступiў убок з ветлiвасцi цi, хутчэй, каб паспець прыкмецiць яшчэ адну дэталь. У iншых абставiнах яна вельмi б яго ўзрадавала: зашчапкi няма, дзве ручкi ўмайстраваныя ў глыбiню створак. Гэта робiць даступнымi нават самыя грозныя на выгляд дзверы. Раптам жаночы голас вярнуў яго да рэчаiснасцi:
— Адэль, я сто разоў вам казала, каб вы карысталiся службовымi сходамi!
Спеўны голас чуўся з глыбiнi кватэры. Дзiўнае вымаўленне выдавала iншаземку, i Ганзаг, ап'яненне якога патроху праходзiла, а добрыя намеры з той жа хуткасцю слабелi, прымусiў сябе прыкiнуцца задаволеным. Гэты сумленны ўчынак будзе надзвычай добрай прапагандай для iншаземцаў. Вельмi збянтэжаны i ўражаны пышнасцю залы, багаццем кветак, забавак, рэчаў вельмi дарагiх i зусiм непатрэбных, ён стаяў як укапаны на дыване з пахмурным выглядам, якi, як ён лiчыў, адпавядаў чысцiнi намераў i дабрачыннасцi. У гэты самы час прафесiйны аўтаматызм усё ж дзейнiчаў далей, i, каб нечым запоўнiць чаканне. Ганзаг разглядаў унутраны ўклад памяшкання. Пакаёўка пайшла да гаспадынi па iнструкцыi, i да яго даляталi абрыўкi фраз, якiя гаварылiся цiхiм голасам. Ён выразна пачуў: «Нiчога не разумею!» — i такiм чынам зразумеў, што магутным людзям гэтага свету сумленнасць уваходзiць у абавязкi абслугi. Ён расчароўваўся. Але ў гэты момант пачуўся шэпт: «Iду, iду!», i Ганзаг усмiхнуўся, калi падумаў, што зараз выйдзе тая аголеная дзяўчына, якую ён бачыў на фотакартках у трох спакуслiвых ракурсах.
— Мая пакаёўка запэўнiвае мяне, што…
Новае расчараванне! Гэтая маса, уцiснутая ў вялiзны хатнi халат з ружовага шоўку, якая наблiжалася павольна, мернымi рухамi, высока несучы велiчныя грудзi, з якiх бiў пах парфумы, — гэта была салiдная дама з першай фатаграфii. Яна наблiжалася, напаўняючы сабой прастору, i Ганзагу здавалася, што ён меншае.
— Так, па… панi, — прамармытаў ён. — Я знайшоў бумажнiк вашага сына… на плошчы Iталi.
— Майго сына? — перапытала дама, здзiвiўшыся.
— Пана Вiльяма дэ Керфаўэ, — удакладнiў Ганзаг. — У пасведчаннi асобы былi ягоныя iмя i адрас.
Дама трохi адхiлiлася. Складкi яе шыi нацягнулiся, галава павярнулася ўправа, позiрк яе адбiўся ў венецыянскiм люстры, але яна не супакоiлася. Яна пачырванела. Але вельмi хутка, з вялiкай салоннай мужнасцю змянiла выраз твару i надала яму зычлiвасцi i цiкаўнасцi.
— Дык вы кажаце, што знайшлi гэты бумажнiк сёння ўранку на плошчы Iталi?
— Але, панi, сёння ўранку. Ён ляжаў на зямлi. Яго было добра вiдаць, i пан дэ Керфаўэ напэўна згубiў яго некалькi хвiлiн раней… Бо калi не, дык яго б ужо паднялi.
Гаспадыня насупiла бровы.
— Вось гэта ўжо дзiўна! — сказала яна i зрабiла крок назад, каб не чуць перагару ад Ганзага. — Мой муж на два днi паехаў на паляванне ў Салёнь.
Яе муж! Цяпер ужо Ганзаг зрабiў крок назад. Ён не ўмеў чырванець, але пот выступiў у яго на лобе. «Я выкраiў сабе два вольныя днi», — гаварылася ў Вiльямавай запiсцы. Там таксама гаварылася пра Чылiйку. Становiшча прасвятлялася. Чылiйка стаяла перад Ганзагам. Керфаўэ даў такое iмя гэтай тоўстай паўднёваамерыканцы, грашыма якой карыстаўся, каб песцiць дзяўчыну з трынаццатай акругi. Керфаўэ быў усяго толькi нечым накшталт сутэнёра, жабраком першага класа. Ганзагаў учынак, натхнёны пагардай да лёгкасцi i павагай да рызыкi, прыводзiў да парадоксу: ён спрыяў прайдзiсвету, якi жыве, кiруючыся процiлеглымi прынцыпамi. Вось што значыць быць тым, хто ты ёсць! Нават добрыя ўчынкi не ўдаюцца. Мала таго, непадкупны Ганзаг, якi толькi што меў выгляд лаўрэата прэмii Манцьёна, быў цяпер падобны на даносчыка. Даносчык! Ганзаг, якога нават палiцэйскiя нiколi не маглi прымусiць гаварыць.
— Мне шкада, — сказаў ён, каб неяк парушыць маўчанне. — Мне параiлi перадаць гэты бумажнiк у рукi ўладальнiку.
Гэтае «мне параiлi» гучала даволi няясна, але Ганзаг шукаў перш за ўсё шляхi да адступлення. Колькi будзе непрыемнасцi, калi ён аддасць бумажнiк жонцы! А зрэшты, нашто яго аддаваць? I Ганзаг, ужо амаль цвярозы, вырашыў перагледзець пытанне.
— Я зайду iншым разам, — сказаў ён.
Тоўстая дама анi не пакрыўдзiлася. Непарушная, як карыятыда, яна стаяла, уцiснуўшы галаву ў плечы, i быццам падтрымлiвала гмах палаца, якi вось-вось абвалiцца. Вiдавочна, яна надавала больш значэння не бумажнiку, а абставiнам згубы. Яна вымавiла з намаганнем:
— Божа мой, пане, вы можаце аддаць мне…
Яе перапынiла пабразгванне ключоў. Дзверы рэзка адчынiлiся.
— Пан дэ Керфаўэ! — усклiкнула пакаёўка.
— Мой муж! — вымавiла Чылiйка.
«Ну, цяпер усе на месцы!» — сказаў сабе Ганзаг.
Вiльям дэ Керфаўэ не спяшаючыся зачынiў дзверы i падышоў з натуральным выглядам. Так, гэты хлопец умеў трымацца. Нiчога штучнага ва ўсмешцы, анi ценю вагання ў рухах. Яго вытанчанасць, занадта саманадзейная, каб быць сцiплай, дадавала яму натуральнасцi: расшпiленае шырокае падарожнае палiто адмятала ўсе падазрэннi, каўнер кашулi быў такi белы, такi чысты, што адразу выклiкаў давер. Ён вымавiў бездакорным, трохi засмучаным, але даволi абыякавым тонам:
— Я быў вымушаны вярнуцца, Эвiта. Уявiце сабе, што я згубiў…
— Ваш бумажнiк… на плошчы Iталi! Я ведаю. Гэты пан толькi што нам яго прынёс.
Карыятыда набыла горды выгляд. Яе голас гучаў урачыста. Але Керфаўэ i сапраўды меў талент. Ганзаг сунуў руку за пазуху, i пан Вiльям зразумеў, што бумажнiк быў яшчэ там. Нiчога яшчэ не было страчана. У гэткiх выпадках трэба толькi гаварыць, што прыйдзе ў галаву.