Сяргей Грахоўскі
СУРОВАЯ ДАБРАТА
Дакументальная аповесць
Падрыхтаванае на падставе: Грахоўскі С., Суровая дабрата. Дакументальная аповесць. Мн., «Маст. літ.», 1977.- 176 с. з іл. («Слава твая, Беларусь!»)
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
АД ГОМАНУ БАРОЎ...
Яго ўзгадаваў край балот, лясоў, казак і легенд.
Казкі жылі спрадвеку, пераходзілі з роду ў род. Жылі яны ў дзедавай памяці і ў матчынай калыханцы, іх шапталі за аселіцай векавыя дубы і гонкія бярозкі. У ранішнім тумане казачнымі прывідамі здаваліся спутаныя коні і надбярэжныя вербы.
Ноччу пушча палохала савіным вухканнем і п у рачыным плачам, спарахнелыя пні тлелі халоднымі зялёнымі агеньчыкамі і здавалася, глядзяць застылыя вочы лесуна ці вядзьмаркі.
Палохала ўсё, невядомае і таямнічае.
Доўгімі зімовымі начамі шастала на завуголлю і скуголіла дзіцячым енкам завіруха, гула ў коміне, нібы наклікала пагібель, а ўпоцемку па сценах шапацелі прусакі, нібы нехта цёрся кажухом аб заінелае бярвенне.
На печы пахла падсохлымі смалякамі і кіславатаю рошчынаю: каля коміна падыходзіла накрытая дзяружкаю дзяжа.
Васілю, нібы хто пяску насыпаў у вочы. Да поўначы ў галаве раіліся прывіды з дзедавых казак. Вярзліся то люты князь з прыгожаю і злою, як змяя, князёўнам», то статны русявы цымбаліст Іванка ў доўгай зрэбнай кашулі. Ён так іграў, так іграў, што князёўна загадала паклікаць музыку ў палац, каб ёй пад ціхае гранне ўсю ноч сніліся дзівосныя сны.
Апоўначы змардаваны цымбаліст заснуў. Князёўна званочкам паклікала варту. Павялі гайдукі Івана на стайню. Толькі выйшлі на дзядзінец, цымбаліст раскінуў рукі і стаўся белым лебедзем. Гайдукі памкнуліся схапіць, а ён замахаў крыламі і ўзвіўся ў паднябессе.
У пушчы лебедзь зрабіўся зноў Іванам. Зляцеліся дзятлы з усяе пушчы і да раніцы з елкі выдзеўблі Івану цымбалы. Развіднела. Праз гушчар прабіліся залатыя струны сонечных праменняў. Нацягнуў іх Іван на цымбалы і так зайграў, што збегліся да яго хлопцы з усяго наваколля.
Іван заспяваў: «Бярыце рагаціны і паходні на панства ў Нясвіжы і ў Гродні. Ад гневу няхай загарацца лютага князя палацы».
Пакацілася песня па свеце. І пайшлі да Івана дужыя і смелыя хлопцы. Схаваў Іван сваё войска на ўзлессі, а сам падышоў да палаца, стаў пад дубам і так зайграў, аж шыбы зазвінелі ў княскіх пакоях.
Зноў загадала князёўна схапіць цымбаліста і прывесці да яе. Высыпала ўся чэлядзь у поле. А Іван грае і ўсё адыходзіць да лесу. Панскія служкі ідуць, як загавораныя. Выскачыла з пушчы мужычае войска, павязала панскіх гайдукоў, князя з князёўнай замкнула ў склепе і абвясціла Івана князем.
«Не трэба,— сказаў Іван.— Хай кожны сам сабе будзе князем, уладаром зямлі і лесу, азёраў і рэк, рыбы і звера, грыбоў і ягад».
Сказаў, заіграў на цымбалах і пайшоў у блізкія і далёкія княствы падымаць народ на князёў, паноў і падпанкаў.
Васілёк сам сабе пераказаў усю дзедаву казку, і здалося — сам стаў адважным Іванам. Успомніўся суседні маёнтак пана Нятунскага, злосная пані Броня з кароценькім гнуткім бізуном у маленькай дужай руцэ. От, каб іх замкнуць у склеп, а зямлю і заліўныя лугі ўздоўж Лані раздаць хворастаўскай галечы! Цымбаламі іх, мабыць, не ашукаеш. Стрэльбы патрэбны і вялікая сіла...— засынаючы пад спеў цвыркуна, думаў Васіль на цёплай печы.
З ранняга маленства на ўсё жыццё запомніліся першыя крокі па вільготнай баразне і жніўная песня, бясконцая і журботная, як нацятая струна небасхілу, што трымціць адвечным болем або бліскае зарніцамі ліпеньскіх навальніц.
У кожным хоры ён пазнаваў матчын голас, празрысты і звонкі, як веснавая ручаінка, як срэбны званочак, раскалыханы ў паднябессі жаўруковым крылом:
Над палявымі дарогамі плыў залацісты пыл, над цяжкімі снапамі ў пясчаных выбоінах рыпелі калёсы, слаліся доўгія цені ад прысад і чубатых жытнёвых бабак на полі.
А над зжатым прасторам пераклікаліся жніўныя песні. Нібы жаліліся жанкі на цяжкі лёс, галасілі па страчанай на чужых гонях маладосці.
Васілёк выбягаў за аселіцу, узлазіў на плот і ўглядаўся ў палявую далеч. Недзе там, за слупамі ружаватага пылу, маці разам з жанкамі вяла высокую і звонкую песню. Калі з пыльнага мроіва выплывалі постаці жней, Васілёк бег насустрач маці. Засмяглая, асмужаная сонцам, у прапацелай да чарнаты зрэбнай кашулі, яна атрасала з твару салёныя кроплі, папраўляла на плячы кармазанавы ад вечаровага сонца серп. З торбачкі яна давала сыну шурпаты «заечы акрайчык». Васіль браў з учарнелых матчыных рук пустую гладышку, бег паперадзе па пыльнай дарозе і прагна жаваў учарсцвелую скарынку. А думы, «чаму бог няроўна дзеліць», не пакідалі яго. Шкода было ўчарнелую змардаваную маці, такую ласкавую і добрую, працавітую і шчырую. З нянавісцю ўспамінаў лютую пані Броню. Яна сама хвастала парабкаў кароценькім гнуткім стэкам, нацкоўвала страшэнных куртатых бульдогаў на вясковых хлапчукоў, а сама заходзілася ад смеху.