Ён і ў выхадныя дні заўсёды ўставаў на світанні, і дзецям не дазваляў песціцца ў ложку — з маленства прывучаў да працы на зямлі.
— Бачыш, Лёня,— казаў ён сыну,— з зярняці такое дзіва вырасла. А палянуешся, не сагрэеш яго клопатам і ласкай, дзядоўнік з лебядою заб'юць, усе сокі высмакчуць, і зачэзне гэты срабрысты клубочак, што столькі сілы дае чалавеку. У капусце больш за ўсё вітамінаў. А ведаеш, што такое вітамін? Віта, па-нашаму, значыць жыццё.
— Татка, ты часам вершы не састаўляеш? — усміхнуўся Лёня.
— Куды мне... А чытаць люблю. Пушкіна і Купалу. А Якуб Колас у «Новай зямлі» нібыта пра мяне напісаў. Ён тут, побач, у Пінкавічах, настаўнічаў,— завіхаючыся, расказваў Васіль Захаравіч.— Вось пальём апошнюю баразёнку і ўцячом з табою на Піну, пасядзім з вудамі над тым чорным вірам.
Але ў гэтую нядзелю не суджана было Васілю Захаравічу пайсці на ціхі бераг.
Каля пад'езда настойліва сігналіла абкомаўская машына. Халадок трывогі кальнуў у сэрца. Не на прагулку ж яго запрашаюць. Па даўнейшай звычцы сунуў у кішэню пісталет, узяў дакументы, схапіў вайсковую фуражку і, пераскокваючы прыступкі, скаціўся па лесвіцы.
— У абком, Васіль Захаравіч,— расчыніў дзверцы шафёр, і ўжо ў машыне ўдакладніў: — Першы ўсіх склікае. Нібыта бамбілі Жабчыцкі аэрадром. Няўжо вайна?
— Не плявузгай абы-што,— абсек шафёра Корж.
У кабінеце Аўксенцій Малахавіча Мінчанкі ўжо было поўна людзей.
— Таварыш першы сакратар, загадчык гаспадарча-фінансавага сектара Корж па вашаму загаду з'явіўся,— адрапартаваў Васіль Захаравіч.
— Адразу відаць: вайсковы чалавек у баявых абставінах і дакладвае па-вайсковаму. Вучыцеся, таварышы.— Сакратар абкома даручыў Васілю Захаравічу праверыць стан аўтамабільнага парка і падрыхтаваць да эвакуацыі партыйны архіў.
Дакладнасці, дзелавітасці ў Каржа мог павучыцца кожны: ніякай мітусні і паспешлівасці. Разважлівасць, стрыманасць і знешні спакой забяспечвалі хуткае выкананне кожнага даручэння. Таму так усё і ладзілася ў гэтага каржакаватага, разважлівага і заўсёды далікатнага чалавека.
Пагрузіўшы архіў, Корж зноў прыйшоў да сакратара абкома і, калі выпала зручная хвіліна, сказаў:
— Вы, напэўна, ведаеце, што я былы партызан. Магчыма, і ў гэтай вайне нам не абысціся без партызанскай барацьбы. Дык я вось і думаю...
— Правільна думаеце, Васіль Захаравіч. А стварыць і ўзначаліць атрад возьмецеся? — уважліва паглядзеў у вочы сакратар.
— Вазьмуся. Толькі з адною ўмоваю: людзей буду падбіраць сам.
Мінчанка па тэлефоне папрасіў сакратара гаркома ўсяляк садзейнічаць таварышу Каржу, задаволіць яго просьбы, а будучаму камандзіру атрада пажадаў удачы і поспехаў.
— Толькі не варта пакуль што гучна зваць атрад партызанскім. Проста, будзем лічыць знішчальным атрадам. Але людзей на ўсялякі выпадак рыхтуйце і для партызанскай барацьбы,— удакладніў сакратар.
У прыёмнай Васіль Захаравіч сустрэў даўнейшых сяброў — стрыечнага брата Грышу Карасёва, інструктара абкома Веру Захараўну Харужую і яе мужа, загадчыка вайсковага аддзела гаркома Сяргея Карпілава і Фёдара Кунькова.
— Ну што, Васіль? — адразу падступіўся Карасёў.
Корж павольна абвёў усіх уважлівым поглядам. Былі самыя надзейныя і блізкія таварышы.
— Усё ў парадку. Будзем ствараць атрад.
— Лічыце мяне з мужам вашымі байцамі,— як у строй, стала побач з Каржом Вера Захараўна.
— А мы згодны і на левы фланг,— прымкнулі да яе Карасёў з Куньковым.
«Пра адвагу, мужнасць, канспіратыўны талент Веры Харужая у часе яе працы сакратаром ЦК камсамола Заходняй Беларусі хадзілі легенды. Карасёў і Кунькоў самі могуць узначаліць атрады. Карнілаў — чалавек вайсковы, як паветра, неабходны ў такой справе»,— думаў Корж, ідучы з сябрамі ў гарком. Там яму адразу вызвалілі пакой, звязалі з камсамолам, сакратары гаркома і ядро будучага атрада адразу пачалі падбіраць людзей.
З кожным Васіль Захаравіч гаварыў грунтоўна і шчыра, прасіў усё ўзважыць, падумаць, не спяшацца з адказам, расказваў пра небяспекі, цяжкасці і нягоды партызанскага жыцця.
З сотні запрошаных выбраў сорак. Дванаццаць чалавек падабралі Карасёў з Куньковым, Харужая з Карнілавым прывялі шасцёх надзейных хлопцаў.