Па абязлюдзелых вуліцах атрад ішоў да ракі. На тым баку Піны яго чакаў сакратар абкома Шапавалаў, старшыня аблвыканкома Шараў і першы сакратар абкома камсамола Вольга Аляксандраўна Сысоева. На лузе стаялі чатыры грузавікі і легкавая машына.
— Ну, на конях, партызаны,— звярнуўся да Каржа сакратар абкома.— А здорава вы сустрэлі няпрошаных гасцей.
— Сустрэлі някепска, а вось Карпілава страцілі,— пахмура адказаў Коряг.— Язык не паварочваецца Веры Захараўне сказаць.
— Шкада. Цудоўны быў камуніст і таварыш,—
уздыхнуў Шапавалаў,— але дорага аддаў сваё жыццё: за дваццаць фрыцаў!
— Каб у нас было тры-чатыры кулямёты, мы б іх усіх там паклалі,— адказаў Корж.
Калі ўсе пераправіліся на той бок, партызаны падпалілі мост, паселі ў машыны і рушылі ў Столін. Там партызан першая сустрэла Вера Захараўна Харужая. Засыпала Каржа пытаннямі і між іншым спытала, як трымаўся ў баі Карнілаў.
— Па-геройску! Яго група якраз і забяспечыла поспех аперацыі,— павольна гаварыў Корж, а ў вочы зірнуць не адважваўся.
У трывожным маўчанні жанчыны адчувалася шчымлівая нецярплівасць. Стрымліваючы дрыготку ў голасе і адводзячы погляд, як мага спакайней, Корж працягваў:
— Сяргея мы пакінулі з некалькімі хлопцамі весці разведку ў раёне Пінска.
Гэта была, бадай, першая святая няпраўда, на якую адважыўся Корж. Вера Захараўна збіралася стаць маці, яе шанавалі і бераглі ўсе, асабліва цяпер, калі навалілася такое гора.
У гарадскі парк на нараду партыйна-камсамольскага актыву ішлі разам. Каб толькі не маўчаць, гаварылі пра розныя дробязі, але адчувалася, што думаюць яны зусім пра іншае, нешта тояць адно ад аднаго.
Камуністы і камсамольцы ў цывільнай і паўвайсковай адзежы, так-сяк узброеныя, сядзелі на траве, над шатамі старых ліп. Прадстаўнік Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі Пятро Андрэевіч Абрасімаў расказаў пра становішча ў першыя дні вайны і заклікаў бязлітасна біць ворага, арганізоўваць насельніцтва на барацьбу з фашызмам. З палымянаю прамоваю выступіла Вера Захараўна. Кожнае яе слова кранала душу, будзіла думку, умацоўвала веру ў перамозе над лютым ворагам»
Праз некаторы час Корж звярнуўся да Веры Захараўны:
— Ты вопытная падпольшчыца. Хто, як не ты, здолее перабрацца за лінію фронту? Неабходна звязацца з Цэнтральным Камітэтам, папрасіць зброю, боепрыпасы, медыкаменты. Перадаць вось гэтую штабную карту фашыстаў, захопленую ў першым баі. Так што збірайся, Вера Захараўна.
— Шкадуеш мяне, таварыш Корж? — пачырванела Харужая.
— Па-першае, болей няма ніякага Каржа. Па-другое, запомні, дзейнічае атрад Камарова.
— Канспірацыя. Гэта правільна,— памякчэла Вера Захараўна.— Разумею. Калі дазнаюцца сапраўднае імя камандзіра, ад тваіх хорастаўскіх Каржоў і крошак не збярэш. Загад выканаю, таварыш Камароў. Але ўсё роўна змагацца буду ў тыле.
— Толькі беражыся, Вера,— камандзір абняў вузкія плечы стомленай жанчыны.
Праз якія гушчары, якімі сцежкамі ішла і паўзла Вера Захараўна, вядома было толькі ёй. Колькі выпакутавала, каго абмінула, каго сустрэла, ведалі толькі палескія балоты і пушчы, абсмаленыя каласы на здратаваных палетках ды зорныя ночы, што бераглі і хавалі ад паганага вока мужную дачку зямлі Беларускай.
Амаль паўтара месяца праз агонь і пекла баёў нябачаным ценем дабіралася Вера Харужая да сваіх. Толькі ў жніўні пад Гомелем адшукала аператыўную групу ЦК КІІ (б) Б.
Ледзь трымаючыся на нагах, увайшла да сакратара ЦК Пятра Захаравіча Калініна і асунулася ў крэсла. Ён адразу не пазнаў даўно знаёмую палымяную Веру. Апрытомнеўшы, перадала просьбу пінскіх партызан і аператыўную карту, захопленую ў фашыстаў у баі каля Галёва. Сабе папрасіла — даць адказнае і складанае заданне.
Перахапіўшы спагадлівы позірк Калініна, адразу падхапілася:
— Бачыце, сотні кіламетраў праз смерць па варожых тылах прайшла, а заданне выканала. І цяпер пайду, куды загадаеце.
— Загадваю неадкладна ехаць у тыл, адпачыць і стаць...
— Ах, усё гэта не ў час і недарэчна! — перабіла Вера.— Усё роўна буду біць фашыстаў там, у тыле...
Яна стрымала слова.