— Што яшчэ новага?
— У вёску Баравая прыйшоў а акружэння чырвонаармеец Іван Некрашэвіч. Усё дапытваецца ў меншага брата, як знайсці партызан, а той, нібы вады ў рот набраў, маўчыць.
— А чаму гэты маўчун павінен ведаць, дзе партызаны?
— Хоць малы, але востры хлапчук. У першыя дні адступлення ён па надзейнай дарозе вывеў нашу танкавую калону. Мішам яго завуць. І ў вас ён таксама быў за правадніка.
— Гэта такі бялявы і ў рабацінні, як сланечнік? — пацікавіўся Васіль Захаравіч.
— Але, ён самы... А роднаму брату не прызнаецца.
— Малайчына. Правільна робіць. І гэтага Івана вы маглі б прывесці, Ганна Васільеўна? Хоць бы і цяпер.
— Чаму ж, прывесці можна. Толькі не сюды.
— Вядома, не сюды. Чакаю вас за ўзгоркам пад зламанаю асінаю. Да сустрэчы.
Ганна Васільеўна пайшла лясною сцежкаю, а неўзабаве і Корж з Чуклаем зніклі ў яловым гушчары.
Многае перадумаў Васіль Захаравіч, чакаючы Багінскую з Некрашэвічам: машыны не ідуць па шляху, напэўна, пачалася перагрупіроўка часцей праціўніка, ізаляцыя яўрэйскага насельніцтва,— не іначай падрыхтоўка да расісцкіх акцый. Трэба было б паспрабаваць выратаваць іх, але што ты зробіш з такімі сіламі і зброяй супроць цэлага гарнізона? А вось ад здрадніка Шура трэба пазбавіць насельніцтва.
Неўзабаве трэснула галінка, тройчы пракукавала «зязюля» і з'явілася Ганна Васільеўна з рослым русявым хлопцам. Ён далажыў па-вайсковаму.
— А дзе ваша вінтоўка, таварыш баец?
— Іх у мяне, таварыш камандзір, аж дзве. Схаваны ў надзейным месцы. Са мною прабіваўся з акружэння яшчэ адзін хлопец. Ён пераапрануўся ў цывільнае, а зброю пакінуў мне.
— Якая ў вас сям'я?
— Тры браты і сястра Вера. Серадольшага, Сяргея, пры нас няма. Ён робіць на чыгунцы ў Асіповічах. Спадзяюся, дабярэцца дадому і будзе разам з намі.
— Чыгуначнік, кажаш? — перапытаў Корж.— Спецыяльнасць патрэбная. А маці з бацькам пакідаеце?
— Маці памерла... А бацька... бацька, разумееце,— разгубіўся і пачырванеў Іван,— як вам сказаць? Бацька сядзіць...
— За што сядзіць?
— Быў старшынёй калгаса. У нечым заблыталі яго. Ну, і засудзілі.
— А ты за бацьку не ў крыўдзе? — жорстка спытаў Корж.— Мопса, знарок хочаш да нас пратачыцца. Тады сцеражыся, хлопча.
— Што вы, Васіль Захаравіч! Я іх сям'ю змалку ведаю. Камсамольцы ўсе. Не толькі па білетах. Па душы камсамольцы. Галаву гатова пакласці за іх,— заступілася Ганна Васільеўна.
— Галава ў цябе адна і дорага каштуе. Не надта раскідайся ёю,— памякчэў камандзір.— Што ж, калі адказваеш за іх, возьмем. Только ведай, хлопец, як цябе, Іван?..
— Але, Іван Некрашэвіч.
— Ведай, Іван, праверым цябе на самым адказным заданні.
— Вазьміце і сястру з братамі. Дома іх пакідаць нельга. Шур адразу выкажа.
— Бяром. Вось і будзе аддзяленне Некрашэвічаў,— усміхнуўся Корж.— А чыгуначнік твой нам асабліва патрэбен.
Неўзабаве ўся сям'я Некрашэвічаў была ў атрадзе. Увішную бялявую Веру паслалі рабіць на кухню, Міша, ужо знаёмы партызанам шустры хлапчук, стаў адважным і кемлівым разведчыкам, а Іван выдатна выканаў сваё першае заданне. Разам з Нордманам і Чуклаем прыйшоў ён на світанні ў вёску Юркевічы і пастукаўся ў хату да Шура. Той пазнаў Некрашэвічаў голас і адчыніў дзверы. А як толькі ўгледзеў узброеных людзей, кінуўся назад і зашыўся пад ложак. Калі выцягнулі і звязалі здрадніка, жонка яму сказала ў вочы; «І ні колечкі цябе, юду, не шкада. Крыўдна толькі, што загнюсіў сваёю здрадаю дзяцей і мяне, няшчасную. Цяпер, можа, людзі хоць вітацца з намі пачнуць». У лесе Якаў Шур прызнаўся, што наняўся сачыць за ўсімі аднавяскоўцамі і рабочымі рыбгаса, вербаваць у паліцыю, падбіраць солтысаў, даносіць Жыткавіцкаму СД, дзе знаходзяцца і куды кіруюцца партызаны.
— Ах ты, змей падкалодны! Колькі ж ты нявінных душачак загубіў? — ускінуўся самы рахманы ў атрадзе чалавек — дзед Ігнат Дубіцкі. Ён быў кухарам, і калі якая цётка давала партызанам кураня, прасіў каго-небудзь з хлопцаў, каб прырэзаў. А тут ухапіў аўтамат:
— Дайце мне яго, хлопчыкі. Па даўнейшаму знаёмству разлічуся з гэтым гадам.
І павёў здрадніка ў густы ельнік.
* * *
Палескія лясы змрочныя і таямнічыя. На світанні яны звіняць птушыным шчэбетам, пераклікаюцца глухім перастукам дзятлаў і вуркатаннем дзікіх галубоў. Начную цішыню трывожыць савіны плач. Разыходзяцца і знікаюць у гушчары воўчыя сцежкі, трухлявеюць вываратні, прывіднымі агеньчыкамі пабліскваюць спарахнелыя пні. То раптам у нетрах засвеціцца блакітная азярынка, ласкавая і зіхатлівая, як дзіцячая казка, то раптам захлопае, зазыбаецца пад нагамі замшэлая дрыгва.