Выбрать главу

Добраму чалавеку лес — гасцінны прытулак і найлепшы абаронца. Ліхому — жах і пагібель. Таму фрыцы і баяліся лясоў, прымушалі выразаць іх ўздоўж дарог, нават ахоўныя елачкі высякалі каля чыгункі.

Атрад Камарова пятляў ляснымі сцежкамі па раёнах, занятых немцамі. Мясціны гэтыя камандзір ведаў з часоў грамадзянскай вайны. Але ведаў Васіль Захаравіч і іншае: у Заходняй Беларусі менш чым два гады была Савецкая ўлада і, вядома, у вёсках і мястэчках затаіліся былыя паслугачы пілсудчыкаў, асаднікі і розная крымінальная навалач, гатовая служыць новым гаспадарам, абы быць сытай, рабаваць і здзекавацца з людзей. Гэтыя акалічнасці патрабавалі асаблівай асцярожнасці і пільнасці. Ад актыўных дзеянняў атрад устрымліваўся — не хапала зброі і патронаў.

«Хоць бы мець некалькі кулямётаў, трохі патронаў і толу,— марылі партызаны.— А дзе іх узяць? Адзіная надзея — здабываць у ворага».

Добра, што ў першыя дні вайны ўдалося выпрасіць у камандуючага Пінскай флатыліяй віцэ-адмірала Рагачова трохі толу, бікфордава шнура з капсулямі. Два мяхі галет ён сам «звыш нормы» падкінуў партызанам.

— Калі будзе зусім нявыкрутка, галеты можаце кінуць,— павучаў сваіх хлопцаў камандзір,— а тол з капсулямі беражыце мудрэй вока!

І бераглі, памятаючы, што гэта партызанскі хлеб, а ворагу — пагібель.

Камандзір часта думаў пра лёс сваіх партызан. Хто з іх дойдзе да Перамогі? Хто назаўжды застанецца ў лясных нетрах або на прыдарожных узгорках? А кожнага ж з іх чакае маці, жонка, сын ці дачка. Успомніліся і свае. Куды іх закінуў лёс? Дзе цяпер Оля, Зіна і Лёня?

І зноў з трывогаю і спагадаю паглядаў на сваіх байцоў, да шчымлівага болю адчуваючы сваю адказнасць за кожнага з іх. Бадай, усе яны яшчэ як след не нюхалі пораху. Што зробіш — маладзенькія! Адзін Грыша Карасёў вопытны партызан, надзейны паплечнік яшчэ па грамадзянскай вайне, родзіч і друг з маленства. Але дысцыпліну ведае — нават не прызнаецца, што з аднае вёскі. Вопытны і загартаваны баец павінен цягнуць за дваіх. І астатнія — надзейныя хлопцы, гарачыя, адданыя камсамольцы, але не маюць ніякага вопыту. Вось дбай пра кожнага і думай за сябе і за іх.

Збіраючыся начаваць у лесе пад Мікашэвічамі, не КОМІНЫ здагадаўся падаслаць яловых лапак. Дзе стаялі, там і пазвальваліся. Вядома, змораныя. Камандзір тлумачыў, паказваў, як лепей паслацца.

Пад елкамі і соснамі спяць партызаны трывожным сном. Цяпер лес — іх родны дом, абаронца і карміцель: на купінах буяюць даспелыя чарніцы, багуннік пераплёўся з шызымі, сакавітымі буякамі, з-пад елак і дубоў вытыркаюцца крамяныя баравікі. Вось табе прыварак і ласунак. Прэлаю вільгаццю пахне грыбніца і будзіць далёкія мірныя ўспаміны: сцеягкі на роснай траве, радасць знаходак і поўныя кошыкі баравікоў.

Сон не бярэ Васіля Захаравіча. Тройчы сам правяраў дазоры, нячутнай хадою абышоў лагер, углядаўся у амаль дзіцячыя твары сваіх змораных байцоў: салодка спіць сакратар гаркома камсамола Саша Бярковіч, разумны, дасведчаны хлопец, вялікі радыёаматар. Здабыць бы дзе-небудзь прыёмнік. Побач — загадчык аддзела райкома камсамола, васемнаццацігадовы Эдзік Норд мац. Зусім хлапчук. Але трохі гергеча па-нямецку. Гэта можа і спатрэбіцца. На купіне задаволена сане слесар суднарамонтнага завода Віктар Ліфанцьеў. А нязграбны цыбаты дзесяцікласнік, піянерважаты Ваня Чуклай скруціўся абаранкам. У атрад яго бралі неахвотна, а ў баі каля Галёва паказаў сябе адважным байцом — вынес параненага камандзіра. Значыць, не пра сябе дбае, пра іншых клапоціцца. Такія якраз і патрэбны цяпер.

Задрамаў Васіль Захаравіч толькі на досвітку. Апаўдні дазорныя далажылі: да іх лагера падкрадаецца група ўзброеных людзей. Абвясцілі трывогу, занялі пазіцыі, гатовыя да бою ці то з пераапранутымі немцамі, ці то з нейкаю байдаю. А магчыма, гэта і свае. Васіль Захаравіч папярэдзіў — без яго каманды не вытыркацца і не страляць.

Узброеныя незнаёмцы падыходзілі асцярожна: туліліся за хвоямі, пазіралі з-пад кустоў — напэўна, адчулі, што ў лесе нехта ёсць. Насцярожыліся і Камароўцы. Некаторыя ледзьве стрымліваліся, каб не націснуць на курок.

Раптам камандзір атрада апусціў аўтамат і ўстаў на ўвесь рост:

— Адставіць, хлопцы! — і зрабіў крок насустрач незнаёмым.— Таварыш Сахараў!..

Да Каржа бег сакратар Ленінскага райкома. Злінялая потная гімнасцёрка прыцярушана ігліцай і пылам, а змакрэлы твар радасна ўсміхаўся.