Многія партызаны абодвух атрадаў ведалі адзін аднаго, частавалі самасадам, распытвалі і расказвалі, дзе хто што чуў ці бачыў.
Камандзіры адышлі ўбок, і Сахараў расказаў Васілю Захаравічу, што яны толькі-толькі выйшлі з бою і ледзьве адарваліся ад ворага. Не, не ад гітлераўцаў. Банды былых пілсудчыкаў і рознай крымінальнай навалачы ўзброіліся, распраўляюцца з насельніцтвам і нападаюць на партызан.
— Вось і спраўдзіліся мае трывогі,— сказаў Корж.— Даходзілі да мяне чуткі, што тут лютуюць панскія недабіткі, расцягваюць калгасы, выдаюць гітлераўцам камуністаў і іх сем'і, а самі ахвотна наймаюцца ў паслугачы да новых гаспадароў. Давай будзем разам граміць фашысцкую навалач і гэтых вылюдкаў.
Сахараў маўчаў, нібы не чуў прапановы Каржа.
— Ну дык як? Разам будзем ваяваць? — Маўчанне зацягвалася.— Адным пальцам і перца не паднімеш, а двума — пуд возьмеш.
— Калі ж, ліха на яго, вельмі цяжкі гэты пуд, Васіль Захаравіч. У фашыстаў аўтаматы і танкі, артылерыя і боепрыпасаў навалам, а ў нас вінтоўка на дваіх, патроны «па картках» выдаём. Я лічу, ды і ўсе нашы так думаюць,— трэба прабівацца на ўсход да сваіх, злучыцца з Чырвонай Арміяй.
— Без цябе армія не справіцца, а з'явішся з тузінам старобінцаў, і фашысты адразу да Берліна адскочаць,— горка накпіў Корж.— Эх, дарагі ты мой, пакуль да сваіх дабярэшся, гэтыя галаварэзы з закасанымі рукавамі ды з чарапамі на шапках палову нашых людзей перавешаюць... Хіба ж указанні партыі — разгортваць усенародную партызанскую барацьбу, ствараць невыносныя ўмовы для ворагаў — табе не закон? Чырвонай Арміі дапамагаць трэба тут. А як? Разгортваць масавую барацьбу, каб як мага болей варожых салдат затрымаць тут, у тыле, не дапусціць да фронту, знішчаць іх на кожнай вярсце, на кожнай сцежцы, не даваць ім адхлання ні днём ні ноччу... Памыляешся, таварыш Сахараў,— сурова сказаў Корж і заўважыў, што яго хлопцаў у нечым горача пераконваюць сахараўцы.
— Камароўцы, сюды! — загадаў камандзір.
Хлопцы павольна пачалі падыходзіць.
— Васіль Захаравіч, вунь яны прабіваюцца да фронту.
— Ведаю. Чуў! — адсек Корж.
— Можа б, і нам падацца? А то чаго добрага зімою пазагінаемся ў лесе.
— Блізка відаць, ды далёка дыбаць,— нібыта сам сабе сказаў Корж.— Хто спалохаўся і на сябе не спадзяецца, можа ісці. Усе пойдзеце — адзін застануся. Знойдуцца адважныя, сумленныя людзі і будуць граміць фашыстаў тут, іх жа зброяй,— камандзір паглядзеў на кожнага свайго партызана.
Неўзабаве атрад Сахарава рушыў на ўсход. Некаторых камароўцаў апанавалі разгубленасць і сумненні. Праз пару дзён дзесяць партызан з атрада Каржа таксама пайшлі да лініі фронту: камандзіры запаса даводзілі, што абавязаны выканаць воінскую прысягу, некаторыя спасылаліся на хваробы. Корж не ўтрымліваў іх. Ведаў, што толькі перакананыя ў поспеху партызанскай барацьбы таварышы сцерпяць усе нягоды і пакажуць сапраўдны гераізм. Але іх трэба захапіць баявымі дзеяннямі, здабыць зброю і боепрыпасы.
Васілю Захаравічу было крыўдна, што не здолеў пераканаць баявых таварышаў. Вайна толькі разгортвалася, а ўжо давялося столькі разам папакутаваць. Але ж былі, хоць і невялікія, удачы і перамогі. Настрой у гэтыя дні ў Каржа быў трохі маркотны і нават лірычны. У той самай Tagebuch ён занатаваў: «Сам узяў адзінаццаць чалавек і на лодцы пераплылі ў другі раён, астатнія засталіся на месцы, бо лодка не магла ўсіх змясціць. Фурманку пакінулі дзеду. Прыбылі ў другі раён. Урочышча Бейкава горка. Ноч ціхая. Крычалі жураўлі».
Камандзір глядзеў у асенняе зорнае неба, слухаў трывожны жураўліны крык і думаў пра заўтрашні дзень: які ён будзе? Што прынясе?
Васіль Захаравіч вырашыў узяць пад кантроль дарогу на Жыткавічы. Адну групу ўзначаліў сам, другую — Рыгор Карасёў. Залёгшы ў прыдарожных кустах, здымалі матацыклістаў, абстрэльвалі машыны, на якіх ехалі салдаты і афіцэры, здабывалі зброю, патроны і гранаты. Сярод трафеяў было некалькі афіцэрскіх мундзіраў. Нейкі гарачы хлопец наступіў на крысо аднаго — хацеў падраць на парцянкі.
— Не чапай! — закрычаў Корж,— Усё пачысціць, схаваць, каб і парушынка не прыліпла.
Не маглі ўцяміць партызаны, навошта камандзіру спатрэбілася гэтая ненавісная форма.
Праз разведчыц з рыбгаса «Белае» ўдалося здабыць радыёпрыёмнік. Яго ў свой час схавалі і ахвотна перадалі атраду Якаў Васільевіч і Стэфанія Васільеўна Карпукі,
— Гэтая зброя будзе біць не горш за аўтаматы і кулямёты,— радаваўся Корж, а Саша Бярковіч ужо корпаўся ў батарэях, круціў ручкі настройкі. Блізарукі, не вельмі спрытны, сам узлез на сасну і замацаваў антэну. Праз некалькі хвілін у лясным гушчары партызаны пачулі: «Гаворыць Масква. Ад Савецкага Інфармбюро...»