Радасці не было межаў, хлопцы падкідвалі шапкі, абдымаліся, штурхалі адзін аднаго: «Масква гаворыць! Чуеш, Мас-ква!»
— Цішэй вы! Сціхніце,— сунімалі больш стрыманыя. А Саша Бярковіч круціў ручкі, каб абмінуць старонні шум і папіскванне нейкіх недалёкіх рацый.
— От каб яшчэ здабыць перадатчык,— марыў Саша.
— А ты ў ім што-небудзь разумееш?
— Разбяруся.
— Пацярпі, Саша. Хутка будзем Маскве дакладваць пра свае справы,— ласкава паляпаў па плячы Васіль Захаравіч былога камсамольскага важака.
Трохі агледзеўшыся, Корж з групаю коннікаў праехаў па вёсках Жыткавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў. У некаторых паселішчах фашысты спрабавалі стварыць паліцыю, але дарэмна — жадаючых не знайшлося, а на каго вельмі насядалі, тыя ўцякалі ў лес, хаваліся, шукалі сцежак да партызан.
Удзельнікаў партызанскага рэйда радасна сустракалі старыя і малыя, распытвалі, дзе ідуць баі, пераконваліся, што немцы брэшуць пра поўны разгром Чырвонай Арміі, што яны ўжо занялі Маскву. Сустрэчы з партызанамі ператвараліся ў сапраўдныя мітынгі: Корж зачытваў апошнія зводкі Савецкага Інфармбюро, зварот Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. Людзі бачылі сілу партызан, верылі, што недзе побач, у лясных нетрах жывуць і ваююць іх абаронцы, прадстаўнікі Савецкай улады.
Корж проста, на зразумелай кожнаму палешуку мове, заклікаў дапамагаць Чырвонай Арміі і партызанам, не даваць ворагу ні каліва, ні бульбіны, ісці ў лес і разам змагацца за хутчэйшае вызваленне. І папярэджваў — кожнага здрадніка чакае суровая, заслужаная кара.
Жанчыны прыносілі партызанам хлеб, гладышы малака, бялізну, кужэльныя паскі: «Барані божа каторага параніць, дык хоць будзе чым перавязацца».
А ў Ляхавічах два дзяды прызналіся, што трымаюць у лесе 130 калгасных кароў і збожжа хаваюць у лясных спратах. Расказалі, як адшукаць іх лагер, і запрасілі партызан у госці. Часцяком завітвалі Камароўцы да добраахвотных ахоўнікаў калгаснага дабра Рыгора Антонавіча Мусіка і Рыгора Пятровіча Давідовіча. Дзяды ведалі кожную лясную сцежку, што вяла да бітых гасцінцаў, расказвалі, куды і колькі прайшло варожых салдат, чым узброеныя, дзе спыніліся.
— Толькі старайцеся, хлопчыкі, біць фрыцаў далей ад вёсак,— папярэджваў Рыгор Антонавіч,— Бо за кожны стрэл каля сяла гэтыя нелюдзі нішчаць усіх чыста. Наздзекуюцца, пастраляюць і куродымам усё пускаюць.
Камандзір атрада думаў, як засцерагчы людзей ад здзекаў і знішчэння. Таму для кожнай аперацыі выбіралі найбольш бязлюднае месца, далёкае ад вёсак і хутароў.
З лагера Мусіка і Давідовіча партызаны прайшлі 26 кіламетраў і зрабілі прывал каля дарогі з Лунінца на Жыткавічы.
16 верасня Васіль Захаравіч занатаваў у сваім дзённіку:
«На досвітку наша група падрэзала слупы дазорнай вышкі. Таму, што з яе далёка відаць, немцы назіралі адтуль за ўсім наваколлем. Людзі слупы і дошкі з тае вышкі расцягнулі на дровы, а ямкі зараўнялі, каб і знаку не было».
Аператыўныя групы вялі разведку ў нямецкіх і паліцэйскіх гарнізонах, высочвалі фашысцкіх паслугачоў, і яны непрыкметна знікалі. А камандзір ездзіў у суседні атрад дамаўляцца пра сумесныя баявыя дзеянні. Ён разумеў, што толькі буйнымі сіламі можна наносіць сур'ёзныя ўдары ворагу.
«Канчаткова дамовіўшыся пра сумесныя дзеянні, увечары паехаў у свой атрад. Прыбыў на месца ў гадзіну ночы»,— запісаў Васіль Захаравіч у сваім дзённіку 30 верасня 1941 года.
Рэха партызанскіх стрэлаў кацілася з сяла ў сяло. Людзі расказвалі, што партызаны з'яўляюцца неспадзявана там, дзе захочуць, што іх у тутэйшых лясах вялікая сіла. Гэта разумна і спрытна манеўрыравала група Камарова, караючы ворагаў і абнадзейваючы людзей.
Вялікія атрады карнікаў прачэсвалі жыткавіцкія лясы, а партызаны тым часам абышлі іх звярынымі сцежкамі і з'явіліся ў Мікашэвічах, адкуль толькі што выступілі ўсе эсэсаўцы і паліцаі лавіць камароўцаў.
У Мікашэвічах партызаны забралі ў начальніка паліцыі пячаткі, розныя бланкі і дакладную вышэйшаму камандаванню аб барацьбе з партызанамі, а ў дадатак забралі і самога начальніка.
«МАСКАРАД»
Насоўвалася восень. Імжа і дробныя дажджы праціналі да касцей. Шамацела апалае лісце, свіціліся пушчы і прыдарожныя кусты. Няўтульна і золка было ў звільжэлым асеннім лесе. Кашлялі і тэмпературылі прастуджаныя партызаны. Ратаваліся кіпетнем ды грэлі бакі каля начных вогнішчаў.
Спахмурнеў камандзір, не ведаючы, як ратаваць хворых. І якраз успомніў, што Эдзік Нордман нібыта вучыўся ў медыцынскім вучылішчы. Падышоў да маленькага, схуднелага камсамольца: