— Чаму ж ты, доктар Нордман, не лечыш людзей і ўтойваеш сваю спецыяльнасць? — знарок сурова спытаў камандзір.
— Які з мяне доктар, Васіль Захаравіч? Два курсы Гомельскага медвучылішча. Банкі ды гарчычнікі толькі і навучыўся ставіць...
— Вось што, Эдзік, хлопцы ў мікашэвіцкага ветэрынара прыхапілі нейкія медыкаменты. Дык ты разбярыся, што ад чаго. А то ад кашлю слабіцельнае пачнуць прымаць. Ну, і сачы, каб каторы конскую дозу не хапіў. Агледзь хлопцаў: Ваня Чуклай яварам палае, Саша хрыпіць, як кавальскі мех. Адным словам, бярыся за работу, доктар ІІордман.
— Ёсць, быць доктарам, таварыш камандзір! — з усмешкаю адрапартаваў Нордман.
Эдуард драбніў таблеткі, успамінаў дозы і дзяліў парашкі, з купальнага палатна выкройваў бінты і, як умеў, лячыў таварышаў.
Рэдка перанадалі пагодныя дні: дзень і ноч ліў дождж. Набраклі балоты, распаўзліся дарогі, выйшлі з берагоў палескія рэчкі. Здавалася, туман ахутаў увесь свет. Такая слата — гора, а часцей — ратунак для партызана. Пад навіссю туману і дажджу, пераскокваючы з купіны на купіну, атрад Камарова выправіўся ў старобінскія лясы.
Неўзабаве падышлі да Случы. На плыткіх берагах шамацела сухое трысцё, дробныя халодныя хвалі пялёскаліся ў паніклым аеры. Абышлі ўвесь бераг — нідзе ні лодкі, ні чоўна. А за ракою — прыціхла невялічкая вёска, на пяску чарнеюць перавернутыя вялікія лодкі.
— Бачыць вока, ды дастаць далёка,— прамармытаў Корж.
— Не так і далёка, Васіль Захаравіч,— спакойна паглядзеў на сівыя хвалі Ваня Чуклай.
— Ды яму і Волга да калена, таварыш камандзір,— пажартаваў Віктар Ліфанцьеў.— А калі сур'ёзна, дык ёсць план: мы з Ванем распранаемся, пераплываем на той бок і прыганяем дзве лодкі.
— Адубееце, чэрці! І доктар Нордман конскімі пілюлямі не паможа... Вось што, хлопцы, бярыце плашч-палатку і самую доўгую вяроўку,— загадаў камандзір.
Ліфанцьеў усё прынёс, яшчэ не разумеючы навошта.
— А цяпер распранайцеся. Адзежу добра закруціце ў палатку... Ды не так, не так. Каб вада нідзе не прасачылася. Вяроўку прывяжыце да грудзей і плывіце. Як толькі выскачыце на бераг, разатрыце добра адзін аднаго — і хутчэй апранацца. Знайдзіце вёслы і плывіце сюды.
Хвілін праз дваццаць да берага прысталі дзве вялікія лодкі. Пасінелым, у гусіных пупышках камсамольцам Васіль Захаравіч наліў па добраму глытку трафейнага спірту і загадаў «бегаць да дзесятага поту».
На світанні атрад пераправіўся ў Старобінскі раён. Непадалёк былі родныя мясціны Васіля Захаравіча. Тут ён у дваццатыя гады ўзначальваў камуну, быў старшынёй калгаса, тут яго прымалі ў партыю. Амаль усіх ведаў Корж у суседніх вёсках. Гэта было і добра і небяспечна.
Да вайны ўсе здаваліся добрымі людзьмі: гаварылі правільныя прамовы, выконвалі абавязкі, ветліва ўсміхаліся і гасцінна частавалі таварышаў з раёна. А навалілася бяда, і сёй-той з тых гасцінных «прамоўцаў», з непрыкметных і ціхіх няўдачнікаў па-воўчы ашчэрыўся на сваіх. Вось і прыглядайся, хто друг, а па кім асіна плача.
Значыць, трэба звязацца з мясцовымі таварышамі.
Чуў Корж, што на Старобіншчыне Мінскі падпольны абком партыі стварыў атрад. Камандуе ім Васіль Меркуль. Але дзейнічае атрад пакуль што асцярожна. Корж даўно марыў аб'яднаць асобныя атрады, каб вораг адчуў сілу партызанскіх удараў. Наспеў час разгортваць масавую партызанскую барацьбу з гітлераўцамі, каб утрымаць у тыле як мага больш варожых сіл і знішчаць іх нечакана і бязлітасна. Трэба адкрыць сапраўдны другі фронт на часова захопленай тэрыторыі.
Золкімі бяссоннымі начамі пра многае ўспомніў, многае перадумаў Васіль Захаравіч. Засмучала яго, што некаторыя таварышы пакінулі атрад і пайшлі за лінію фронту. Ці дойдуць? Дакараў сябе, што не вельмі ўважліва падбіраў людзей. Дзівіўся, як яны не разумеюць, што тут кожны партызан варты цэлага ўзвода. Вось узарвалі машыну, і на фронт не дайшло 20 галаварэзаў. А калі пусціць пад адхон састаў з танкамі і жывою сілаю? У апошні час думка пра варожыя эшалоны не давала яму спакою.
Неўзабаве Камароўцы адшукалі атрад Меркуля і сустрэліся без «парламенцёраў» і ўзаемных праверак: Васіля Захаравіча тут ведаў кожны, а слава камароўцаў дакацілася да самых далёкіх вёсак і глухіх леснічовак.
Сустрэча ўзрадавала партызан. Хлопцы частаваліся самасадам, распытвалі адзін аднаго, расказвалі пра агульных знаёмых. Камандзіры адышлі ў хвойнічак і пачалі меркаваць, як ім дзейнічаць супольна.
Праз колькі дзён у трэскі пачалі разлятацца масткі і грэблі, на дарогах запалалі варожыя грузавікі, паляцелі ў кюветы матацыклы. А з сяла ў сяло пакацілася пагалоска, што ў раёне з'явілася цэлая партызанская армія, узброеная гарматамі і кулямётамі. Партызанскія аперацыі ўсцешылі людзей у навакольных вёсках. Моладзь здабывала зброю і знаходзіла сцежкі да народных мсціўцаў.