Выбрать главу

Чаму бог даруе здзекі панам, а працавітым і добрым душою гарапашнікам пасылае адны пакуты? Ці праўдзівы ён? Калі не, дык каму такі бог патрэбен? А можа, яго і зусім нямашака? Калі б бачыў, што чаўпецца на зямлі, громам пабіў бы ўсіх вінаватых.

Неадчэпныя думкі не давалі збыту маленькаму Васілю.

Над полем з жаночых засмяглых вуснаў плылі тужлівыя песні:

Ой, закаці, закаці, Сонца яснае...

Ёй адгукалася матчына:

Усе сілы забрала, Усe жылы парвала.

У двары маці ўтыркала ў падстрэшша серп і бегла з лясёнкаю ў гарод па бацвінне і гарбузнік кароўцы, Васіля пасылала вылучыць з чарады і прыгнаць у двор авечак.

Толькі ўвечары збіралася за сталом уся вялікая сям'я Каржоў. Пасярэдзіне махрастага абруса ў вялізнай паліванай місе дымілася бульба, а ў другой — скрылямі зыбалася аж сіняватая сыракваша. Бацька з дзедам вярталіся з панскіх расцяробаў, брат Сцяпан прыганяў чужых кароў з лясных выжарын. Ён кожны вечар енчыў, мажучы дзёгцем папрэлыя ў іржавай балотнай вадзе ногі. Чацвёра сясцёр прыходзілі з заработкаў: хто жаў чужое жыта, хто вязаў снапы за жняяркаю у суседніх засцянкоўцаў.

Перад вячэраю ўсе мылі рукі з конаўкі і не садзіліся за стол, пакуль не сядуць дзед з бацькам (работнікі!), потым бабка, за ёю шасцёра дзяцей. Маці не выпадала расседжвацца за сталом: як той конь у малатарні, усё снавала ад нечы да стала, ад стала ў сенцы — то лыжкі падаць, то солі дасыпаць, то даліць сыраквашы. І так заўсёды — пахапае на хаду або пажуе каля прыпечка. Браліся за лыжкі толькі пасля дзеда, да міскі цягнуліся, калі зачарпнуць старэйшыя, ім саступалі тлусцейшы кавалак. Вячэралі моўчкі, было толькі чутно, як сапуць і сёрбаюць меншыя.

Пасля вячэры дзед хрысціўся на абразы, за ім усе кланяліся багародзіцы і Ягорыю з пікаю на кані. Васілёк толькі дзеля прыклёпу пазіраў на святых, абы-як круціў перад сабою закажанелаю далонькаю і ўсё часцей думаў: калі сапраўды бог убачыць і дазнаецца, што хрышчуся абы-як, а замест «Отча наш, Іжа ясі», шапчу: «Вочап наш бліжай вісіць», дык мусіць мяне пакараць. Колькі ні блазную — бог не чуе. А кара? Яна спрадвечная ўсёй галечы, што поўзае на каленях перад абразамі і моліцца змею, якога не адважыцца працяць пікаю святы Ягорый.

...Сонечным асеннім днём дзед Рыгор збіраўся касіць атаву. На жнеўніку, на прыдарояшым бадыллі халодным срэбрай паблісквалі сіцечкі павуціння. У цёмна-сінім ельніку чырвоным золатам гарэлі трапяткія асіны, ярым воскам аплывалі бярозы, як парудзелая бляха, шумела дубовае лісце. Дзед узяў з сабою ўнука. Звечара адбіў маленькую коску, насадзіў яе на ўкарочанае касільна, на ручку прывязаў мянташку — няхай прывучаецца.

У Васіля гэта быў самы шчаслівы дзень — ён станавіўся работнікам. Вось зараз пагоніць пракос побач з дзедам. Ён ужо не толькі памагае сваім, а сам улягае ў цяжкую работу. І на ўсё жыццё. Васіль любіў работу, а яна не абмінала яго — сама ішла ў ягоныя здатныя рукі.

У тое ранне ён успароўся раней за ўсіх. Хіба што маці апярэдзіла яго — ўжо даіла карову. Васіль размачыў ссохлыя лапцікі, пацёр закарэлыя анучы, хацеў было сам памянташыць коску, але спахапіўся, каб не нарабіць звону на ўвесь падворак.

Пасля снедання яны ішлі з дзедам па вузенькай сцяжынцы праз малады ельнік на прырэчную балаціну. Колькі гадоў на ёй вішавала трава! Пазалетась дзед расцерабіў няўдобіцу і за два ўкосы выбіваў коп з дзесятак ціпцу з асакою. Балацянка была куп'істая, і Васілёва коска часта да самае пяткі ўядалася ў купіну, зразала мурашыныя стажкі. Дзед вучыў, як выбіваць касільна, каб не парваць палатно, як гнаць раўнейшы пракос.

Убачыў дзед, што ўнук панабіваў на далонях мазалі, паслаў яго ў лес па ламачча.

— Раскладзеш цяпельца, бульбы напячэш, тады і папалуднуем.

Васілёк ахвотна пабег на ўзлессе. Цягаў яловае галлё, сушняк і ламачча. За апошнім разам прыкаціў пчаліную калоду. Яна яшчэ пахла мёдам і воскам, да бакоў папрыліпалі пчаліныя крыльцы. Не іначай, паласаваўся мядзведзь, загубіў сям'ю і патрушчыў калоду.