7 лістапада ў лясных буданах прагучалі ўрачыстыя ўдары Крамлёўскіх курантаў, чуўся гул крокаў і цокат капытоў па Краснай плошчы.
Саша Бярковіч прынік да прыёмніка і пачаў ліхаманкава запісваць кожнае слова святочнай прамовы Вярхоўнага Галоўнакамандуючага: «Браты і сёстры ў тыле нашага ворага, часова трапіўшыя пад прыгнёт нямецкіх разбойнікаў, нашы слаўныя партызаны і партызанкі, якія разбураюць тылы нямецкіх захопнікаў... Вораг разлічваў, што пасля маланкавага ўдару яму ўдасца разграміць нашу армію. Але нягледзячы на часовыя няўдачы, наша армія гераічна адстойвае нашу краіну, і планы ворага рухнулі... Хіба можна сумнявацца ў тым, што мы перможам! Не такая страшная нямецкая армія, як пра яе гавораць, не такі страшны чорт, як яго малююць... Нямецка-фашысцкія захопнікі стаяць перад катастрофай...»
Нехта не ўтрымаўся:
— Во дзе праўда!
— Ц-с-с! Змоўкні! — суцішылі яго і ўслухоўваліся ў спакойныя словы: «Таварышы чырвонаармейцы і чырвонафлотцы, партызаны і партызанкі! На вас глядзіць увесь свет, як на сілу, здольную знішчыць рабаўнічыя полчышчы нямецкіх захопнікаў... Вялікая вызваленчая місія выпала на вашу долю. Будзьце ж вартыя гэтай місіі! Вайна, якую вы вядзеце, ёсць вайна вызваленчая, вайна справядлівая».
Пасля перадачы дзесяткі партызан перапісалі тэкст прамовы і панеслі яе па сёлах як надзейную і вострую зброю. А Васіль Захаравіч з новым камандзірам Старобінскага атрада Мікітам Іванавічам Бандараўцом думалі, які паднесці падарунак фрыцам да Кастрычніцкай гадавіны, як тут, у глыбокім тыле, адзначыць вялікае свята.
Восьмага лістапада Камароўцы ўварваліся ў Міхнавічы і з ходу разграмілі нямецкі гарнізон. Каму пашэнціла размінуцца з партызанскаю куляю, той так урэзаў з сяла, што след прастыў да канца вайны.
Жанкі, старыя і дзеці радасна сустракалі партызан.
— Прыходзьце, таварышы, у школу, там і пагаворым,— запрашаў Васіль Захаравіч вяскоўцаў.
Салдаткі і партызанскія маці ішлі побач з камандзірам, перабіваючы адна адну, расказвалі пра свае пакуты, пра здзекі фашыстаў. Усіх гняла адна бяда, у кожнай было сваё гора.
Калі населі і сцішыліся, Васіль Захаравіч загаварыў спакойна і разважліва, нібы пачаў гаворку дома, са сваёй сям'ёй.
— Ніхто з нас, не думаў, дарагія таварышы, што прыйдзецца сёлета нам святкаваць Кастрычнік у такой бядзе, як цяпер. Цяжка нам. Вялікія страты панесла наша краіна. Многіх і многае прыйдзецца страціць яшчэ. Але перамога будзе за намі. Прыйдзе свята і на нашу вуліцу. Калі б мы не былі ўпэўнены ў гэтым, не варта было б так ваяваць, як цяпер ваюе наша слаўная Чырвоная Армія. Вораг будзе разбіты і знішчаны там, адкуль ён прыпоўз. От пабачыце! Як кажуць, куранят увосень лічаць, а бітых фашыстаў кожны дзень. Колькі мы сёння іх тут налузалі?! І так будзе з кожным, хто прынёс нашаму народу гора. Пра нязломнасць нашага народа, пра тое, што перамога будзе за намі гаварыў учора ў Маскве, на Краснай плошчы Галоўнакамандуючы...
Апошняе слова заглушылі доўгія воплескі. Яны часта ўспыхвалі ў настылым, з абшарпанымі сценамі класе, пакуль Мікіта Бандэравец чытаў тэкст учарашняй прамовы Вярхоўнага Галоўнакамандуючага.
Да стала праціснуўся русявы хлопец у закарэлым палапленым кажушку.
— Таварыш камандзір і ўсе партызаны! Нас тутака трынаццаць хлопцаў. Можна сказаць, чортаў тузін. Дык нас ужо колькі дзён жывасілам гоняць у паліцыю. Але трасцу! Во ім! Сёння пашанцавала, а заўтра, калі не пастраляюць, дык звязуць у сваю Нямчурню ці, як пыл з дзяружкі, душу выб'юць з-пад рэбраў. Ра-туй-це, таварышы! — ал« закрычаў хлопец.— Вінтоўкамі і патронамі мы трохі разжыліся. Васьмёра камсамольцаў, пяцёра — беспартыйныя бальшавікі. Адным словам, чым прыйдзе больш у лес, тым горай для эс-эс.
— Малайцы, хлопцы! Як, таварышы, вартыя яны быць чырвонымі партызанамі? Ніхто не загнюсіў душу гітлераўскім смуродам?
— Бярыце. Не ашукаецеся. Совесныя хлопцы! — адказвала людское рознагалоссе.
Паднялася высокая сухая жанчына. Глыбока запалыя вочы здаваліся чорнымі шчылінамі, тонкія вусны ледзьве варушыліся, а голас быў асіплы і грубы:
— Мы б усе падаліся ў лес. Кінулі б, рынулі б усё дашчэнту, абы толькі душу ўратаваць. Дык хіба ж пойдзеш? Гэтыя во зіркатыя ды макраносыя папрыкіпалі нас да хаты і не пускаюць. Можа, і горай яно будзе: пастраляць могуць усіх, але ж і ў лесе ім зіму не вытрымаць — пазаходзяцца, не раўнуючы як тыя каравякі на марозе. А што да хлопцаў? Дык хлопцы вартыя, совесныя, савецкія хлопцы. Бярыце, не пашкадуеце... Ды некаму ж і вас карміць трэба. Праўду я калеў, га? Так што сядзецьмем, пакуль усіх гітлераў не выб'еце чыста. А вы біце, не шкадуйце іх, гадаў.