Пасля мітынгу камароўцаў запрашалі вячэраць, частавалі, чым толькі былі багатыя, што ўдалося прыхаваць ад фашысцкіх «выбівалаў». Васіль Захаравіч папярэджваў сваіх хлопцаў: «Глядзіце мне. Ні-ні! Ні грама». Некаторыя скардзіліся на прастуду і прасілі дазволу хоць трохі «падлячыцца».
— Свята ж, таварыш камандзір, дазвольце хоць па маленькай.
— Ёсць загад — ні грама і ніякіх прастуд. А то накрыюць фрыцы цёпленькіх, вось тады і пасвяткуеце. Трыццаць хвілін на пачастунак і ніводнай секунды болей.
У атрадзе быў сухі закон. Корж любіў паўтараць: «Ад гарэлкі розум мелкі, а цвярозы мае спрыт і розум». Толькі адубелым у разведцы ці сапраўды хворым сам камандзір часам наліваў сто грамаў.
Праз паўгадзіны атрад сабраўся на аселіцы Міхлавіч. Пад нагамі ўгіналіся храпкі падшэрхлай зямлі, заінелі платы, пачарнелыя ад сцюжы вяргіні і мальвы. Атрад вялі мясцовыя хлопцы толькі ім вядомымі сцежкамі.
У змроку выйшлі на луг каля Паварчыц. Нібыта казачныя шаломы, цямнелі стагі.
— Сяліцеся, хлопчыкі, кожнаму асобная кватэра: зацішна, мякка і мухі не кусаюць. Дазоры маскіруюцца каля стагоў,— сказаў Васіль Захаравіч і пачаў раскопваць сабе нару пад вялікім мурожным стогам.
Месячная ноч была халодная. Атава зіхацела срабрыстай шэранню, ад стагоў падалі доўгія цені, і ў іх хаваліся дазорцы.
Васілю Захаравічу прыгадалася, як у дзяцінстве ездзіў з хлопцамі на начлег, як дурэлі і расказвалі страшныя казкі, лежачы на кажушках каля зыркіх вогнішчаў. Прыпомнілася дружная працавітая сям'я. Даўно ўжо няма ні таты, ні мамы, ні мудрага дзеда Рыгора.
З Паварчыц даносіліся бязладныя стрэлы ды сабачы брэх. Часам загараліся ракеты, заліваючы хісткім святлом усё наваколле. «Значыць, баяцца. Палахлівы вартаўнік заўсёды мацней грукае ў калатушку і крычыць, каб смялей было. Няхай сабе пастрэльваюць. Да раніцы абрыдзее»,— думаў у сваёй утульнай нары Васіль Захаравіч, правальваючыся ў чуйную дрымоту.
У чатыры гадзіны раніцы вылез з цёплае нары. Месяц зайшоў за чорныя зубцы бору. На небе мігцелі вялікія колкія зоркі, марознае паветра дыхнула бадзёрасцю. Камандзір асцярожна і ласкава пачаў будзіць сваіх байцоў. Пад стогам знайшоў скурчанага заінелага Эдуарда Нордмана.
— Што, доктар, загартоўваешся?
— Вінаваты, Васіль Захаравіч, не дапоўз да нары. Сон змарыў.
— А ну, бягом да таго стога з падпоркаю і назад. Бегай, пакуль не ўпарышся... Немцы і паліцаі ўсю ноч нас вартавалі, а цяпер змарыліся. Чуеш, як ціха ў Паварчыцах?
Праз падшэрхлае балотца атрад вёў мясцовы жыхар. Ён ведаў кожную хату ў вёсцы, імя і прозвішча старога і малога. Спыніліся каля першага дома, паціху пастукалі. Да шыбіны прытулілася жаночае аблічча.
— Агата, будзі Саўку. Хутчэй толькі. Начальства патрабуе,— сказаў сусед.
— А ён у адрыне. Толькі пад раніцу прылёг.
Саўку абяззброілі і ўзялі ў абдымкі, што ён і ачухацца не паспеў.
Па вуліцы, поплеч з ім ішлі Камароўцы з паліцыянцкімі нарукаўнікамі. Перапалоханы Саўка будзіў сваіх «бобікаў». Тыя, распатланыя і заспаныя, у адных сподніках, адразу траплялі да партызан. Перапалоханыя паліцаі высыпалі патроны, аддавалі вінтоўкі і бадаліся, што іх сілком прымусілі ўзяць зброю супраць сваіх.
Двое спрабавалі ўцячы, але далёка не адбегліся. Пачуўшы стрэлы, заварушыліся паліцаі на другім канцы Паварчыц: будзілі адзін аднаго і з вінтоўкамі выскаквалі з хат. Там выпадкова апынуўся Эдзік Нордман. Убачыўшы, што проста на яго бягуць два паліцаі, Эдзік скамандаваў:
— Стой! Кідай зброю, а то зараз прыстрэлю! Хлопцы, сюды!
Ашаломленыя нечаканай «засадай», паліцаі пакідалі вінтоўкі і патранташы, а калі пераканаліся, што апрача невялічкага хлопца з аўтаматам паблізу нікога няма, ірванулі куды каторы. Нордман пачапіў на плячо вінтоўкі і пайшоў да сваіх.
— Глядзіце, глядзіце, хлопцы, як узброіўся Эдзік,— зарагатаў Чуклай.— Ну ж і дасць табе камандзір. Куды адбіўся ад сваіх?
А Васіль Захаравіч абняў і пахваліў кемлівага партызана.
У той жа дзень была ліквідавана фашысцкая паліцыя ў саўгасе «Плянта». Дапамагаў партызанам мясцовы чалавек Пятро Быкаў. Фрыцы спрабавалі яго прымусіць служыць «новаму парадку», выклікалі ў раённую паліцыю, а ён усяляк выкручваўся. Потым прыйшоў у атрад Камарова, расказаў пра сваю бяду і прывёў партызан у саўгас.
Каб не наклікаць кары на сям'ю Быкава, яму для прыклёпу звязалі рукі, штурхалі руляю вінтоўкі, а жонцы яго параілі мацней галасіць. І яна выдатна выканала гэтую ролю.