Партызан акружылі ўсе сяляне, распытвалі пра навіны на фронце. У адказ Васіль Захаравіч прачытаў прамову Галоўнакамандуючага ў дзень 24-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Людзі радаваліся, што Масква наша, што Чырвоная Армія гераічна змагаецца з ворагам.
Сілком загнаныя ў паліцыю радаваліся, што іх раззброілі, і пачалі прасіцца ў атрад. Васіль Захаравіч да кожнага ўважліва прыглядаўся, з кожным сам гаварыў і, калі пераконваўся ў шчырасці хлопца, казаў: «Добра. Звяжам табе рух«, патузаем трохі і забяром у атрад».
— Навошта звязваць, таварыш камандзір? Я сам пабягу.
— Ну і дурань, калі пабяжыш. А пра бацькоў, пра жонку, пра дзяцей падумаў? Ты пабяжыш, а іх на шыбеніцу павалакуць. Звязанага павядзём,— немцы ім яшчэ і паспагадаюць.
Васіль Захаравіч да кожнага пільна прыглядаўся, з кожным гутарыў, распытваў пра сям'ю, сваякоў, пра ранейшую работу. Партызаны дзівіліся, што камандзір наскрозь бачыць кожнага чалавека: яму не схлусіш, ад яго не затоішся. А Корж часта дакараў сябе, што ў самым пачатку паспешліва падбіраў людзей у атрад: многія не вытрымалі нягодаў партызанскага жыцця і падаліся на ўсход. Што ж, і гэта някепска. Калі дабяруцца да сваіх, будуць біць гітлераўцаў там. І суцяшаўся, што ў атрадзе ўсё ж не было ніводнага здрадніка і баязліўца.
З саўгаса ішлі ўзлессем, залітым святлом месяца. Доўгія цені падвойвалі партызанскі строй, і здалёк здавалася, што ідзе цэлая партызанская армія.
Паваліў густы снег. Сцежку таптаў камандзір. Ён часам спыняўся, прапускаў наперад атрад і прыглядаўся, ці добра завея зараўняла сляды. Бег наперад, падбадзёрваў змораных байцоў і вёў далей атрад па цаліку.
На досвітку падышлі да маленькай вёсачкі Стамагілы. У суседнім сяле Чыжэвічы стаяў вялікі нямецкі гарнізон. На левы бераг Случы пераправіцца трэба непрыкметна і хутка. Паблізу няма пі мастоў, ні лодак. Усе глядзелі з надзеяй на камандзіра: да чаго дадумаецца? Што загадае?
— Вёску заняць без адзінага стрэлу. Сабраць колькі можна вяровак і дроту. Групе Чуклая разабраць свіран, што стаіць бліжэй да ракі. Аперацыю правесці за сорак хвілін.
Работа закіпела. На бераг падкочвалі бярвенні, прыносілі вяроўкі, лейцы, скруткі дроту. Васіль Захаравіч спрытна вязаў плыты. На першым пераправілі два кулямёты і паставілі іх на тым беразе, каб можна было прыкрыць пераправу астатніх.
Плылі плыт за плытом. Іх цягнулі за абледзянелыя вяроўкі — смылелі паабдзіраныя далоні, у ботах хлюпала настылая вада. Апошнім пераправіўся камандзір і зноў павёў атрад па лясных сцежках. Мяцеліца засцілала сляды.
Так і не дазналіся немцы, што ў іх над носам пераправіўся атрад Камарова, які яны так упарта шукалі. Толькі дзівіліся ўсе, куды дзеўся свіран і адкуль да таго берага прыбіліся плыты?
На базу трапілі толькі надвячоркам. У гушчары стаялі замеценыя снегам буданы з сена і яловага лапніку, датлявалі вогнішчы, у вялікім катле булькала і дражніла спакуслівым пахам бульбяная поліўка. Саша Бярковіч адразу перадаў камандзіру апошнія зводкі Савінфармбюро, а Грыша Карасёў пазнаёміў з новым папаўненнем.
— Гаўрыла Сцешыц.
— Трахім Рудзеня.
— Філановіч.
І яшчэ чалавек з дзесяць іх баявых сяброў. Усе былі мясцовыя, старобінскія, і партызанілі невялічкай групай. Яны ведалі ўсіх у навакольных вёсках, падтрымлівалі сувязь з надзейнымі людзьмі, якіх наслалі «служыць» у паліцыю і раённую ўправу.
А Саша Бярковіч у суседніх вёсках стварыў некалькі камсамольскіх арганізацый і груп, надабраў надзейных разведчыкаў і сувязных.
— Дзе збіраешся райком адкрыць?— пажартаваў Васіль Захаравіч.
— Пачакайце, і райком будзе. Няхай падпольны, але райком. Людзі гатовы змагацца з акупантамі.
Камандзір радаваўся, што расце і загартоўваецца ў баях атрад, што хлопцы становяцца добрымі арганізатарамі. Абышоў лагер, агледзеў буданы з лапніку і сена. У іх не перазімуеш. Трэба ўсталёўвацца, каб было цёпла і зручна. І звярнуўся да Сцешыца:
— Як лічыш, Гаўрыла Пятровіч, знойдзем непадалёк добрае месца?
— Я ўжо нагледзеў у Вялікім лесе сухі ўзгорак. Падысці туды нялёгка, а з яго ўсё добра відаць,— адказаў разважлівы Сцешыц.
Узгорак у Вялікім лесе сапраўды быў вельмі зручны: крутыя схілы зараслі густым ельнікам, за ім пачыналіся балоты і лясныя азярынкі. Неўзабаве на ўзгорку выкапалі і абсталявалі дзве прасторныя зямлянкі, злучылі іх ходамі, вакол лагера пракапалі акопы, а выкінуты пясок разраўнялі і прыцерушылі снегам: падыдзеш да самага ўзгорка і нічога не заўважыш.