Партызаны рабілі пары, усталёўваліся грунтоўна, нават думалі пра лазню. Памыцца даводзілася не часта, таму многія чухаліся, трэслі над вогнішчамі споднія кашулі.
Камароўцы і старобінскія хлопцы разам хадзілі на заданні: разжываліся вінтоўкамі, патронамі ў разгромленых гарнізонах, прыносілі харчы і нават паліцэйскія нарукаўнікі. Адны думалі, што камандзір збірае іх для больш дакладнага ўліку, іншыя лічылі гэта дзівацтвам Каржа.
Ноччу Васіль Захаравіч паклікаў Бандараўца, Меркуля, Сцешыца, Карасёва, Нордмана і Чуклая і расказаў пра свой намер разграміць варожыя гарнізоны ў Заброддзі, Чырвоным возеры і ў Осаве.
— План, як бачыце, просты, але і рызыкоўны. Патрэбна жалезная вытрымка, спакой і кемлівасць у самых непрадбачаных сітуацыях.
— От гэта здорава, Васіль Захаравіч. Як у кіно,— заіскрыліся гарэзлівыя вочы Нордмана.
— І ў гэтым кіно табе прыйдзецца выконваць галоўную ролю.— Корж уважліва глядзеў на невысокага зграбнага Эдзіка.
— Які з мяне артыст? Няхай лепей Ваня. Ён большы за мяне.
— Ваня не падыдзе. А ты з паўсотні нямецкіх слоў ведаеш і... абліччам інтэлігентней выглядаеш. Што ні кажы — «без пяці хвілін дохтур».
— Усё жартуеце, Васіль Захаравіч. Ад гэтай кайстры з конскімі таблеткамі ў мяне ўсе бакі ў сіняках,— прызнаўся Нордман.
— Вось што, хлопцы, пакуль не выйдзем на аперацыю, нікому — ні слова. Усіх трэба надзяліць на групы па 4—5 чалавек. Адзежу і амуніцыю падагнаць, каб і камар носа не ўтачыў.
На тым і разышліся.
На дасвецці адзінаццатага лістапада, ацярэбленыя ад ігліцы і пяску, з белымі паліцэйскімі перавязямі на рукавах, партызаны пакідалі лагер. У добра наглянцаваных афіцэрскіх ботах, у зграбным шынялі з пакручастымі срэбнымі пагончыкамі паперадзе важна ішоў Эдзік Нордман, мармытаў нейкія нямецкія словы, ляскаў па халяве стэкам, то сасмыкваў, то нацягваў тугія скураныя пальчаткі.
Хлопцы пазіралі на яго і ледзьве стрымлівалі рогат.
— Ну, артыст! Чысты Фрыц, га? — дзівіўся Іван Чуклай.— Не, так у мяне не выйдзе.
— Можа, і сапраўды Фрыц. Прозвішча ж не наша,— азваўся хлопец са старобінскага атрада.
— Сам ты Фрыц. З дзіцячага дому ён. А прозвішча яго цяпер Севераў,— запярэчыў Чуклай.
— Ён такі Севераў, як ты Іваноў,— не сунімаўся старобінскі.
— А як жа, я і ёсць Іваноў.
У ранішнім змроку падышлі да Заброддзя. Мясцовыя хлопцы павялі партызан да хат, у якіх спалі паліцаі.
Корж з «камендантам» спыніліся каля дома солтыса і пастукалі ў шыбу. Убачыўшы высокае начальства, солтыс кінуўся ў сенцы, загрымела завала, шырока расчыніліся дзверы.
— Проша, проша, паночкі,— мармытаў разгублены солтыс. А раз'юшаны «камендант» нешта крычаў па-нямецку. Калі выкрычаўся, «перакладчык» пераказаў солтысу, чым абураны пан «камендант».
— Дайдакуеце тут, абібокі і здраднікі! Самагонку смокчаце ды спіце да паўдня, а партызаны, што хочуць, тое і робяць у вас пад носам. Мы прыехалі на барацьбу з гэтымі бандытамі. Пан камендант загадвае зараз жа на трывозе сабраць усіх паліцэйскіх. На зборы даю дваццаць хвілін.
— Я, я, цванціг мінутэн,— пастукаў па шкельцу гадзінніка «камендант».
Солтыс засоўваў калашыны штаноў у шырокія халявы, нацягваў суконны курцік і ніяк не мог уцэліць у рукаў, мітусіўся і мармытаў:
— Я іх ментам падыму, панове. У тую ж хвілю. Што з імі зробіш: жлукцяць пяршак, па ўдовах валочацца ды спяць да паўдня. Хоць бы вы іх трохі прыструнілі. Не слухаюцца, басата!
— Пра-ву-чым! Таму і прыехалі,— суцешыў солтыса суровы «перакладчык», і яны ўтрох найшлі ўздоўж вуліцы. Солтыс грукаў у вокны і загадваў: «Пан камендант патрабуе зараз жа на збор. Пры поўнай баявой. Хутчэй, хутчэй, лежні!» І ішоў да наступнай хаты. А заспаны паліцай, падпяразваючыся на хаду, адразу з парога трапляў у абдымкі да партызан, узнімаў угору рукі і, калоцячыся, енчыў: «Браточкі, не сіраціце дзетак. Ile сам я, дальбог, не сам. Сілком, гады, загналі».
Раптам у апошняй паліцэйскай хаце грымнуў стрэл, пачуліся крыкі і валтузня. Корж перадаў солтыса «каменданту», а сам кінуўся ў хату. На падлозе качаліся партызаны Сымон Данілевіч і Раман Быкаў, а з-пад іх вылузваўся здаравенны паліцай і крычаў жонцы: «Сякераю іх, сякераю антыхрыстаў». Жанчыну на дрывотні перахапіў Нордман і паставіў побач з солтысам. А Корж так ухапіў паліцая за нос, што той за ім пабег, як цяля на павадку.
На світанні ўсіх паліцаяў у Заброддзі абяззброілі і ўзялі пад варту, вінтоўкі склалі на сані і рушылі ў вёску Чырвонае возера.
Пры дарозе ў калгасным гумне сяляне малацілі жыта. Афіцэра на чале атрада паліцаяў заўважыў солтыс, кінуўся насустрач, выцягнуўся і далажыў: