Выбрать главу

Я яго ўзяў за перакладчыка і не памыліўся.

Васіль Захаравіч памаўчаў, паглядзеў на ўсыпанае зоркамі неба, загадаў Івану Некрашэвічу праверыць пасты, да хрусту пацягнуўся, устаў з паленца.

— Пара, таварышы, спаць. Спаць, спаць! Заўтра — цяжкая і адказная работа. Ды і спіна нешта здранцвела.

Прайшоўся па лагеры, пагаварыў з паставымі і падаўся ў сваю зямлянку. Дакончыць іспанскую гісторыю ні заўтра, ні праз месяц так і не ўдалося.

У дзённіку Васіль Захаравіч таропка запісаў:

«20/ХІ-41. У 16 гадзін на лагер напала 60 гітлераўцаў. Нашы пасты абстралялі іх. Непрыяцель рассеяны агнём нашых кулямётаў. Пасля бою прыйшлося пакінуць абжытыя зямлянкі, хоць і вельмі шкада іх. Начавалі ў лесе. Пайшоў снег: холадна і следна. Але сёння была добрая зводка — вынікі за 5 месяцаў вайны».

Гітлераўцаў у лесе першы заўважыў дазорны Яновіч і паведаміў у лагер. Там адразу падрыхтаваліся да бою. Ворагі падкрадаліся, разлічваючы знянацку напасці на лагер. А іх ужо трымалі на мушцы, падпускалі ўсё бліжэй і бліжэй. І раптам з паднятых люкаў, секанулі кулямётныя чэргі. Без прамашкі касіў варожы ланцуг Язэп Максімавіч Лабач. Партызаны ўзнікалі з-пад зямлі і бязлітасна білі ворагаў. Яны скочваліся з узгорка, уцякалі ў лясны гушчар. Корж шкадаваў, што фашысты ўхіліліся ад бою, а партызанам дасталоея толькі 12 вінтовак, трохі патронаў і такая-сякая амуніцыя. Асабліва шкада было пакідаць абсталяваны і абжыты лагер.

Некаторыя партызаны пераконвалі сябе, сваіх сяброў і ўгаворвалі камандзіра, што трэба аставацца на месцы, бо немцы больш не наважацца сюды паткнуцца.

Пасля нарады з Бандараўцом, Сцешыцам і Меркулем Васіль Захаравіч загадаў: «Усім сабрацца!» Перакусілі рэшткамі астылага крупніку, закапалі катлы, каб, як вернуцца, можна было іх зноў дастаць, і пачалі збірацца ў дарогу.

Шкада было разлучацца з утульнымі зямлянкамі ў Вялікім лесе, але, калі загадвае камандзір, трэба слухацца. Відаць, ён усё ўлічыў і прадугледзеў.

У начной цемры па замеценых сцежках ішлі след у след. Тужліва шумелі хвоі, з маладзенькіх елачак зрываліся камякі падшэрхлага снегу, пахруствала збуцвелае ламачча. Спачатку ішлі на поўнач, потым крута звярнулі на захад і апоўначы трапілі ў леснічоўку Хадыкі. Там жылі надзейныя, адданыя людзі. Яны трымалі сувязь з атрадам, чым маглі, дапамагалі партызанам. Усе былі рады, што да іх завіталі Камароўцы: распытвалі пра навіны на фронце, слухалі апошнія зводкі, шчодра частавалі сваіх абаронцаў.

— А тут надоечы казалі, што бытта да партызанаў перайшоў нямецкі ахвіцэр і дапамог нашым хлопцам разагнаць паліцыю ў Заброддзі, Чырвоным возеры і Осаве. Калі не брэшуць, дык усе стрэльбы ў гэтых цюцек пазабіралі і яшчэ ('убранне правялі. А той немчык і па-нашаму гаварыць можа.

Корж з асаблівай цікавасцю распытваў у дзеда пра таго перабежчыка-афіцэра і здзіўляўся: «Няўжо праўда?», «Не можа быць!» Гаспадары, перабіваючы адзін аднаго, даводзілі, што той афіцэрых? стаў адважным партызанам і аб'явіўся недзе аж каля Жыткавіч. А Эдзік Нордман моўчкі выскрабаў з патэльні тоўчаную бульбу і ледзь прыкметна ўсміхаўся. Партызаны спакойна спалі ў зацішнай леснічоўцы, а дзяды і кабеты да світання ўглядаліся і ўслухоўваліся ў наваколле.

Раніцаю камандзір даведаўся, што на Вялікі лес па Слуцкім гасцінцы ідуць танкі і часці СС.

— Дык як, хлопцы, можа, вернемся ў свае зямлянкі? — пытаўся Корж у тых упартых «аптымістаў», што не хацелі пакідаць лагер.

Партызаны зноў пераканаліся, што іх камандзір і на гэты раз не памыліўся. Затрымлівацца ў вёсцы было нельга. Людзей, што давалі прытулак партызанам, гітлераўцы жорстка каралі, а вёскі палілі. Трэба было неадкладна ісці далей, не пакідаючы ніякага следу. Заходзіць у іншыя вёскі і спыняцца ў суседніх лясах таксама было небяспечна: раз'юшаныя дзёрзкімі аперацыямі партызан, ворагі сцягвалі карнікаў з суседніх раёнаў, пасылалі супраць атрада артылерыю і танкі.