Корж растлумачыў чарговую задачу:
— Цяжкасці нашы часовыя. Немцы не супакояцца, пакуль мы будзем тут. Ды яшчэ зіма памагае не нам, а ім — кожны след відзён, і харчу ў нас малавата. Што ж, прыйдзецца зацягнуць папруягкі на апошняе вочка. Але гэта не бяда. Былі б цэлыя галовы ды косці. І памерзнуць прыйдзецца: паліць вогнішчы небяспечна. Расцягвайце харчы да канца паходу, а ён будзе нялёгкі і доўгі. Ідзём на Любаншчыну. Там, кажуць, дзейнічае некалькі партызанскіх атрадаў. Установім з імі сувязь, абмяркуем планы дзеяння, умацуемся і звалімся сюды, як снег з яснага неба. Задача ясная? Ну, калі зразумела, наперад, марш!
Хоць і быў канец лістапада, а палусквалі ад марозу яліны, дубелі рукі і ногі, снег хвастаў у твары і густою сеткаю засціў прагалы і сцежкі.
Корж радаваўся:
— І прырода нам памагае. Цяпер трасцу адшукаюць нашы сляды. Зніклі. Няма нас. Няхай пакруцяцца, высалапіўшы языкі.
Начавалі ў глухім лесе без вогнішчаў і прыварку, грэлі адзін аднаго, тулячыся спіной да спіны, расціралі закляклыя ад сцюжы далоні, тупалі і падскоквалі, каб адышлі ногі.
А на дасвецці камандзір зноў пратоптваў сцежку, за ім ішлі след у след партызаны. Яны дзівіліся сіле свайго камандзіра: на пераправе за вяршыню сасны бяруцца тры хлопцы, а камель нясе адзін Васіль Захаравіч і не ўгінаецца. Яшчэ прыспешвае: «Давай! Давай! Хутчэй!»
Начавалі Камароўцы ў настылых стагах, туліліся пад густым яловым веццем, дзялілі на роўныя драбочкі апошні сухар. А каб зусім не абленаваліся сківіцы, смакталі і грызлі звіслыя з вецця ледзяшы.
Па карце Васіль Захаравіч вызначыў, што пад вечар дабрыдуць да вёскі Ніжы u на правым беразе Арэсы. Ён чуў, што там няма ні немцаў, ні паліцаяў, а насельніцтва ахвотна дапамагае партызанам, дзеліцца з імі апошнім. Але камандзіра апанавала новая трывога: згаладалыя хлопцы могуць прагна накінуцца на пачастунак, а ніжынцы будуць дзівіцца: «Ну і партызаны — самі сябе пракарміць не могуць!» Нельга, каб людзі кепска пра партызан думалі.
І Васіль Захаравіч папярэдзіў хлопцаў:
— Пастарайцеся не кідацца сквапна на яду. Нічога не патрабуйце і не прасіце. Людзі нашы добрыя і шчодрыя, апошнім падзеляцца. Трымайцеся прыстойна, як вартыя павагі абаронцы Радзімы.
— Зразумела, таварыш камандзір. Пастараемся трымаць марку савецкага партызана,— адказалі змораныя, схуднелыя хлопцы, з галодным бляскам у запалых вачах.
Корж нават расчуліўся, гледзячы на іх. Кожнага ён разумеў сэрцам, ведаў пра адважныя ўчынкі, памылкі і слабасці, але верыў, што хлопцы не падвядуць ні яго, ні сябе. А іх уяго сто трынаццаць. Людзі рознага лёсу і звычак. Адны сталі ў строй адразу па загаду сумлення і абавязку, некаторых давялося ратаваць з ліпкага павуціння варожай прапаганды і гвалту.
У Ніжын увайшлі надвячоркам. Доўгая вёска расцягнулася над рачною кручаю. У хатах міргалі цьмяныя агеньчыкі, рыпелі калодзежныя жураўлі, мэкалі авечкі. Нават чуваць было, як цыркаюць і звіняць у даёнках пругкія струменьчыкі малака. Здавалася, вёска жыве спакойным мірным жыццём. Хтосьці ціха прадэкламаваў:
— Вось мы і на Арэсе, услаўленай Янкам Купалам. Пра яе хлопцы ў школе пісалі сачыненні. Адны пяцёркі, а нехта, мабыць, і двойкі хапаў,— звярнуўся Корж да камісара.
— Двойкі наўрад,— запярэчыў Бандэравец.— Паэму бадай кожны ведае на памяць. Нават цяпер не забыліся.
А ўжо ніжынцы гасцінна сустракалі партызан. Слава камароўцаў дакацілася сюды. Расказвалі пра іх незвычайную адвагу, пра сумленнасць і дабрыню. Гаспадыні ставілі ў печ вялікія чыгуны бульбы, на патэльнях цвірчэлі скваркі, пахла квашанаю капустай.
— Піце, хлопчыкі, сырадойчык,— частавалі кабеты і ставілі гладышы на стол.— Не саромейцеся. Як-кольвек перабіваемся. А вы ж нешта вельмі перапалі. Відаць, нялёгка туляцца па лесе? Каб гэтыя кручаныя выжлятнікі да свайго апошняга дня з жабрацкімі торбамі валачыліся.
— Вельмі ж вы, гаспадынька, літасцівыя да іх,— запярэчыў разважлівы Іван Некрашэвіч і зірнуў на абразы ў куце.— Нават у свяшчэнным пісанні гаворыцца: «Хто з мечам прыйдзе, той ад меча і загіне».
— А мы таго пісання не чыталі,— усміхнулася гаспадыня, ссоўваючы на патыліцу старую канаплянку. Адкрылася маладое прыгожае аблічча.— Гэта мы святога пачапілі дзеля ратунку. А то наляцяць гэтыя гіцлі з чарапамі на шапках, калі абразоў няма, аж дзяруцца: «А, камуністы!» Кідаюцца, нібы кручаныя сабакі, і ніякага ратунку не вымаліш. Маладзіцы ўсе ў сяле ў жалобныя хусткі ды старэчыя спадніцы паўбіраліся, валасы мукою пасыпаюць, сажаю замурзаюцца, каб старымі здавацца, і як могуць ратуюцца ад гэтых выжлятнікаў. Дзякуй ім, партызаны нас у крыўду не даюць. Тут яны, блізенька стаяць. У Барыкове атрад і на Зыславе ёсць.