Выбрать главу

Штаб Камарова размясціўся ў будынку былой меліярацыйнай станцыі. Ранічкою камандзір паслаў свайго прадстаўніка ў саўгас, каб звязацца з кіраўніцтвам суседняга атрада. А партызаны тым часам галіліся, адмываліся, адпачывалі пасля цяжкага пераходу. Адразу памаладзелі, павесялелі, заўсміхаліся, сыпалі жарцікамі, пакеплівалі адзін з аднаго, дапамагалі гаспадарам рэзаць дровы, насілі ваду і сена,— з асабліваю асалодаю рабілі знаёмую змалку работу.

Надвячоркам каля штаба спынілася фурманка, і ў пакой увайшоў падцягнуты мужчына ў белым паўкажушку, вайсковай шапцы і ў «лётных» бурках. Ён адразу пазнаў камандзіра і назваў сябе:

— Розаў Мікалай Мікалаевіч. Камандзір атрада.

Корж працягнуў шырокую моцную далонь:

— Камароў Васіль Захаравіч.

— Пра камароўцаў шмат чулі. Самі збіраліся адшукаць вас. А пра вашы даўнейшыя партызанскія справы расказваў Васіль Іванавіч Казлоў.

— І ён тут? Мы ж з ім некалі ў Старобінскім раёне працавалі, калгасы на ногі ставілі. Ну, тады мы, можна лічыць, трапілі да радні і зможам яшчэ дзянёк абскрабацца і трохі акрыяць.

— Як у сябе дома,— усміхнуўся Розаў.

— А цяпер, Мікалай Мікалаевіч, давайце разбяромся ў абстаноўцы,— схіліўся над нартаю Корж.

— Вось тут, у Барыкове, частка майго атрада,— тлумачыў Мікалай Мікалаевіч.— Астатнія — у зямлянках каля хутара Опій. Атрад Далідовіча ў буданах на ўсходзе вёскі Старасек. Група Патрына ў лесе каля Слаўевіч. У Акцябрскім раёне дзейнічае атрад Героя Савецкага Саюза Фёдара Іларыёнавіча Шклоўскага. Яны яго разам з Бумажковым у першы дзень ванны стварылі. Пэўна, чулі. Штаб знаходзіцца ў раённым цэнтры і кантралюе вялікую зону. Там фактычна існуе Савецкая ўлада: сельскім Саветам талковы дзядзька Барыс Адзінец кіруе, выдаецца газета, праводзяцца раённыя партыйныя канферэнцыі, нават у школе дзяцей вучаць.

— Выходзіць, тут і вайны няма,— усміхнуўся Васіль Захаравіч.

— Асноўныя варожыя сілы знаходзяцца ў Любані, у саўгасе Сосны, і кіламетраў за дзесяць адсюль у вёсцы Кузьмічы. З Кузьмічамі трымаем сталую сувязь. Надзейныя людзі заўсёды нам паведамляюць, якія аперацыі рыхтуюць гітлераўцы. Прыходзіцца, вядома, сустракаць іх належным чынам там, дзе нас не чакаюць,— расказваў Розаў і адзначаў на карце найбольш важныя стратэгічныя пункты. Корж уважліва слухаў і час ад часу нешта занатоўваў у блакноціку.

Дамовіліся ўсё прадумаць і ўзважыць, каб, сустрэўшыся заўтра, скласці план сумесных дзеянняў.

Корж падлічваў партызанскія сілы, і яму бачылася цэлая армія народных мсціўцаў, здольная ўзяць пад кантроль і абарону некалькі раёнаў. Хутка манеўруючы, можна будзе біць ворага ў райцэнтрах і самых далёкіх кутках Палесся.

Назаўтра Васіль Захаравіч адвёў свой атрад у лясныя і балотныя нетры, каб не наклікаць бяду на ніжынцаў, што так гасцінна сустрэлі сваіх абаронцаў: ён ведаў, як бязлітасна распраўляюцца фашысты за дапамогу партызанам.

Каля хутара Опій выкапалі зямлянкі, паставілі буданы і пачалі рыхтавацца да сумесных дзеянняў з атрадамі Любанскай зоны. Але доўга затрымацца на новым месцы не прыйшлося. 13 снежня ў ІІ гадзін раніцы дазорныя Сцяпанава і Чарняк заўважылі ў лесе ланцугі ворагаў. Узброеныя аўтаматамі немцы паперадзе гналі паліцаяў. Пачуўшы стрэл, група Шырына адкрыла агонь, усе партызаны занялі зручныя пазіцыі.

Кулямётчыкі групы Чуклая касілі гітлераўцаў шквальным агнём. Запальныя варожыя кулі падпалілі на хутары хлеў і гумно. Партызаны гналі ворагаў у глыбіню лесу, а там іх сустрэла агнём група Фёдара Шырына. Гэта і вырашыла вынікі бою: фашысты пачалі панічна разбягацца, пакінуўшы ў лесе ІІ забітых і б параненых. Партызаны падабралі шмат накінутых вінтовак, патронаў. Многія ўцекачы, каб лягчэй было ратавацца, скідалі кажухі і шынялі. І яны не былі лішнія партызанам.

Калі змоўкла страляніна, Корж загадаў камандзірам сабраць і праверыць сваіх байцоў.

— Усе ў наяўнасці, параненых няма!

— Страт няма! — дакладвалі камандзіры.

У гэты дзень Васіль Захаравіч запісаў у сваім дзённіку: «Сёння асабліва вылучыліся Іваноў (Чуклай), Севераў (Нордман), Іван Некрашэвіч, Філановіч, Раманаў і многія іншыя. Перад пачаткам бою мы з камісарам былі ў байцоў загадзя выстаўленай засады. Мясцовасць прастрэльвалася наскрозь, і бегчы да асноўных сіл было немагчыма. Давялося прапаўзаць па замерзлай канаве. Па дарозе сустрэлі групу Бобрыца, накіравалі яе на хутар і загадалі адкрыць кулямётны агонь».