Дзед убіў у пракос касу і падышоў да Васіля.
— Ці не паліць надумаўся?
Васіль не ведаў, што адказаць. А дзед Рыгор перакаціў калоду з боку на бок, агледзеў, паставіў старчма.
— Паправіць яшчэ можна. І пчолы, дасць бог, завядуць. Нейкі чарнадушац не столькі нажэрся, колькі загубіў жывых стварэнняў.
— А часам не мядзведзева гэта работа? — спытаў Васіль.
— Не падобна. Мядзведзь падскрабаў ды вылізваў бы... Даўней пчаляры летавалі ў буданах пры сваіх калодах. Калі адыходзіліся шукаць рой, у будане пакідалі міску з мёдам і лыжку, гладышку ўкіслага бярозавага: хто хоча — заходзь, частуйся, але нічога не руш. Тады людзі совесныя былі, дабрэйшыя, верылі адзін аднаму, шанавалі старога і малога... От так, унучак, зламаць — вялікага розуму мець не трэба. А колькі чалавек пападзёўб гэтую калодзіну, колькі ў аддзяку яму пашчыравалі пчолкі! Аж прыйшоў нейкі злыдзень, усё роўна на дзвюх ці на чатырох нагах — аднае пароды скаціна, і, бач, што нарабіў. Глядзі ж, дзеткі, ніколі нікому не рабі шкоды. За дабро людзі дабром і аддзячаць.
— А паны?
— Я ж, унучак, пра людзей кажу. А паны? Паны і ёсць.— Азірнуўся і ціха дадаў: — Калі хочаш ведаць, не мужык перад панам павінен шапку скідаць, а пан перад мужыком, і ў ногі кланяцца: шануй таго, хто корміць цябе, хто крывавым мазалём усё гэтае дабро нажыў. А тыя пустабрэхі,— ён кіўнуў на маёнтак,— цвіка ўбіць не ўмеюць, а жэрці, не раўнуючы, як у прорву пруць. З беднага гарэтніка апошнія порткі спусцяць, абы сабе ў заморскім віне купацца.
Так ад дзеда Рыгора спасцігаў мудрасць малы Васілёк. І на ўсё жыццё запомніў іх Герой Савецкага Саюза генерал Васіль Захаравіч Корж. Тая дзедава «палітграмата» змушала самога думаць, сумленна жыць, шукаць і знаходзіць адказы на ўсё, што рупіла і не давала спакою.
Таму Васіль Кори;, выхаваны і загартаваны партыяй камуністаў, вызваленню роднага краю прысвяціў гарачую маладосць, вынес усе пакуты і страты ў партызанскіх лясах і ў гарах Іспаніі, а пазней росквіту палескай зямлі аддаў усю сваю кіпучую энергію, любоў і мудрасць добрай і шчодрай душы.
* * *
Прыцярушаная тонкім іскрыстым снегам сцяжынка прывяла ў калгасны парк. Звіслі ашклелыя ад марозу косы плакучых вербаў, шапоча заінелым лісцем азімак-дуб, блакітам пабліскваюць пасівелыя ад марозу стромкія елкі, клююць мерзлыя гронкі рабіны шустрыя сініцы. Бляклае сонца скрозь тонкую смугу сцеле сінія цені.
У цэнтры парку — прыпарушаны снегам бронзавы бюст. На бетонным пастаменце надпіс:
Герой Савецкага Саюза
КОРЖ ВАСІЛЬ ЗАХАРАВІЧ
партызан часоў грамадзянскай вайны,
удзельнік баёў у рэспубліканскай Іспаніі,
камандзір партызанскага злучэння на Палессі
ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны,
старшыня нашага калгаса
«Партызанскі край».
Сюды мы прышпілі з Марыяй Захараўнай. Яна ўважліва глядзіць прыжмуранымі вачыма на бюст, рукавіцаю змятае з пастамента сняжынкі, варушыць абветранымі губамі, нібы нешта пытае ў брата. Павольна, ні да кога не звяртаючыся, пачынае ўспамінаць:
— У нашым сяле лічы ў кожнай другой хаце Каржы жывуць. Можа, некалі і сваякамі былі, ішлі ад аднаго кораню. Цяпер, ат, так, дзесятая вада на кісялі. Але Каржа з Каржом не зблытаюць ніколі: спрадвеку да кожнага мянушка прыліпла. З каго пайшла, ніхто і не ўспомніць. От нас па дзеду «Мудрымі» празываюць. А чаму? Я-то памятаю кепска, а Васіль, царства яму нябеснае, часцяком расказваў.
Быў у нас дзед. Рыгорам празывалі. Да скону так і пражыў з намі. Рукі ў яго, кажуць, залатыя былі. За што ні возьмецца, усё, як лялька, выходзіць: печ складзе — гаспадыня не нахваліцца, кадоўбчык зробіць, як звон, гудзе, вазок ці там якія саначкі акаваць, пан толькі дзеда Рыгора кліча. А што ўжо совесны быў! Ні малога ні старога зроду не пакрыўдзіў. Кожнаму гатовы быў дагадзіць, а няма чым,— параіць ці добрым словам суцешыць. Таму, мусі быць, і мудрым празвалі.
Васіль з ім у маленстве ніколі не разлучаўся. Першая ягадзіна, арэх там які ці баравік — заўсёды іхнія. І авечак пасвіць на бераг Лані разам ганялі. Казкі яму дзед баяў, птушыныя галасы пазнаваць вучыў, звярыныя сляды і сцежкі наказваў.
Лясы ў нас яшчэ за маёю памяццю за саменькаю аселіцаю пачыналіся. Цяперака вунь куды адышлі, а дзе і саўсім звяліся. А даўней — ого! Канца-краю не відаць было.
За ракою панскі двор стаяў. Часам пані з паненкаю праз Лань на парцы гнедых стаеннікаў да касцёла ездзілі. А на выгане селевыя хлопчыкі свіннёй ды гусей пасвілі. Аднойчы дзед з Васілём да вадапою прыгналіся, аж якраз прагрукатаў па мосце фаэтон і спыніўся. Пані гукнула хлапчукоў, сыпнула ў траву жменьку медзякоў і крыкнула: «Лавіце!» Рынуліся малыя, зямлю кіпцікамі дзяруць, ілбамі, не раўнуючы марнелі, адно аднаго збіваюць, а пані з паненкаю аж заходзяцца ад смеху. Памкнуўся было і Васіль туды, а дзед за плячук цоп: «Куды гэта ты? І не брыдка, Васіль, за панскім паўгрошам на карачках поўзаць? Нягожа, унучак, пацяшаць дармаедаў. Ды і ад міласціны тае — радасці аніякай. Паўгроша той нашым крывавым потам умыты. Ніколі, дзетхгі, не кідайся на панскую ласку, не прадавай за ламаны грош душу свою чыстую».