Выбрать главу

На сумеснай нарадзе з камандзірамі пяці любанскіх атрадаў было вырашана ў бліжэйшы час заняць саўгасы Барыкоў, Сосны і Жалы, кантраляваць усю тэрыторыю раёна. Не абараняцца, а наступаць, шырэй разгарнуць работу сярод насельніцтва, папаўняць атрады адданымі патрыётамі.

— Пераходы пехатою замаруджваюць нашы дзеянні, стамляюць людзей,— гаварыў на нарадзе Корж.— Трэба, каб у кожным атрадзе было дастаткова коней і саней. Тады мы зможам нечакана з'яўляцца ў патрэбным нам месцы і гэтак жа хутка знікаць, каб апынуцца ў супрацьлеглым кутку раёна.

Прапанову Каржа падтрымалі ўсе камандзіры атрадаў і вырашылі адправіць у Старобінскі раён 15 чалавек на чале з Таўрыдай Сцешыцам. Яны павінны мабілізаваць коней, сабраць сані і вупраж, нарыхтаваць фураж і прадукты харчавання і адначасова весці агітацыйную работу сярод насельніцтва. Групе Пратасені даручылі малоць збожжа і нарыхтоўваць харчы на ўвесь час рэйду.

Корж з Бандараўцом узначалілі групу, якая разграміла паліцэйскія ўчасткі ў вёсках Крываносы, Рухава, Пасека і Прусы. Кожная аперацыя заканчвалася вялікім мітынгам. Партызаны расказвалі пра мужнасць Чырвонай Арміі, зачытвалі апошнія зводкі, уключалі радыёпрыёмнік, і голас Масквы нахтняў людзей: яны ўступалі ў атрады, здабывалі ў ворагаў зброю, станавіліся разведчыкамі і сувязнымі.

12 лютага 1942 г. у дзённіку Коряг запісаў: «Накіраваў 35 партызан на чале з Мікітам Іванавічам у вёскі Барбароў, Бабровічы і Касарычы на барацьбу з карнікамі. Знішчылі 7 немцаў, узялі 17 коней».

На мітынгу ў Прусах вырашылі раздаць калгаснікам усю грамадскую жывёлу, збожжа і насенне, падрыхтаваныя да адпраўкі ў Германію. Некалькі тон хлеба калгаснікі перадалі партызанам.

Неўзабаве атрады Камарова, Рогава, Патрыца і Далідовіча на конях рушылі на Кузьмініцкую воласць і разграмілі магутны фашысцкі гарнізон. Партызаны, якія ехалі на сотні фурманак, зрабілі моцнае ўражанне на насельніцтва. У вёсках расказвалі пра вялізную партызанскую армію. Людское ўяўленне падвойвала і патройвала сілы народных мсціўцаў, а перабольшаныя чуткі наганялі жах на акупантаў.

Сфера дзеянняў і ўплыву партызан пашыралася з кожным днём: вёскі і цэлыя сельсаветы вызваляліся ад гітлераўцаў, мацнелі дух, упэўненасць і сілы сялян. У розных кутках ствараліся партызанскія групы і атрады, іх арганізоўвалі і ўзначальвалі мясцовыя камуністы і камсамольцы, у многіх вёсках дзейнічалі камсамольскія і нават вучнёўскія падпольныя арганізацыі. Яны дапамагалі партызанам і заўсёды адчувалі надзейную падтрымку лясных салдат. Юныя патрыёты распаўсюджвалі антыфашысцкія лістоўкі, збіралі важныя весткі і праз сваіх разведчыкаў і сувязных перадавалі ў штабы партызанскіх атрадаў.

Стыхійны патрыятычны рух трэба было ўзначаліць і скіраваць у патрэбнае рэчышча, навучыць маладых патрыётаў канспірацыі і метадам партызанскай барацьбы, найбольш моцных і здатных арганізаваць у баявыя адзінкі. Дзеля гэтага Васіль Захаравіч накіраваў вопытных партызан, выпрабаваных камуністаў Рыгора Карасёва і Харлампій Савасцянчыка ў Лясковічы і Забалоцце.

У гэтыя вялікія сёлы часта прыязджалі Корж і Сцешыц. Яны шчыра і проста гаварылі с сялянамі, даведваліся пра перадыслакацыю нямецкіх войск, пра колькасць зброі. Сяляне расказвалі партызанскім камандзірам пра зверствы фашыстаў у мястэчках і вёсках, выкрывалі здраднікаў і розных памагатых акупантаў. Васіль Захаравіч умеў па-простаму нагаварыць з кожным дзедам, хлопцам і малым дзіцем. Ён добра разумеў душу і характар палешукоў, ведаў побыт і звычаі тутэйшых людзей. Пра яго звычайна казалі: «А гэты камандзір свойскі хлопец. Душа-чалавек, сваіх шкадуе і абараняе, а гэтым «гіцлераўцам» адхлання не дае».

У гэтым было, бадай, самае дакладнае разуменне характару і паводзін Васіля Захаравіча, якога тады ўсе звалі таварышам Камаровым.

Неўзабаве ў Лясковічах і ў Забалоцці 60 чалавек уступілі ў партызанскі атрад і камандзірам абралі свайго аднавяскоўца Папуша. Атрад адразу пачаў актыўныя дзеянні — граміў нямецкія гарнізоны, ратаваў савецкіх грамадзян і заслужыў павагу ў насельніцтва і ў кіраўнікоў Мінскага падпольнага абкома.

А Васіля Захаравіча па-ранейшаму не задавальнялі аперацыі асобных атрадаў. Ён марыў пра масавую барацьбу з акупантамі і рыхтаваў план супольнага партызанскага рэйду па некалькіх раёнах. Нездарма яшчэ на першай нарадзе камандзіраў ён настойваў на мабілізацыі коней. Г. П. Сцешыц паспяхова выканаў гэтае заданне: у атрадзе больш не было «пехацінцаў» — партызаны селі на коней, а з саўгасаў і калгасаў Старобінскага і Любанскага раёнаў прыбывалі і прыбывалі новыя фурманкі.