Некаторыя не верылі ў план Каржа. Казалі, што з коньмі шмат клопату — карміць, паіць, даглядаць трэба.
— І не абы-як карміць,— настойваў Корж,— а пеставаць і берагчы кожную жываціну але да самай перамогі. Вы падумалі, што будзем рабіць, калі пратурым фрыцаў? Трэба я« будзе араць і засяваць калгасныя палі. А чым узарэш? Трактары знішчаны, коней гоняць у Германію або перакручваюць на фашырку. Дзе выйсце? Самім запрагацца прыйдзецца.
— Ой, вельмі ж пра далёкае дбаеш, Васіль Захаравіч,— пярэчылі некаторыя камандзіры.— Спачатку перамажа, а там ужо думай пра сяўбу.
— Кепскі той гаспадар, хто не думае, як заўтра жыць будзе,— адказаў Коряс. Ён загадаў партызанам, вольным ад заданняў і нарадаў, нарыхтоўваць аглоблі і дугі.
— Блазнуе стары,— упіналіся некаторыя гультаяватыя, хоць гэтаму старому ішоў толькі сорак трэці год. Праўда, па стажу і па вопыту барацьбы ён быў старэйшы за ўсіх.
Васіль Захаравіч не толькі загадваў, але і цярпліва тлумачыў:
— Садовая твая галава! Рушаць сотні фурманак, а ў цябе ў дарозе зламалася аглобля ці лопнула дуга. Што, пабяжыш у лес? А ўсе будуць чакаць, пакуль высечаш бярозку, абстругаеш, прыкруціш новую аглоблю? Так? Чаго маўчыш? А тут запасныя часткі ў санях. Саскочыў, прыкруціў — но-о! І паехаў.
У пачатку сакавіка 1942 года у Загалле з вострава Зыслаў прыехалі сакратар Мінскага падпольнага абкома партыі Васіль Іванавіч Казлоў, члены абкома Бондар, Бельскі, Мачульскі і камандзіры атрадаў.
На нарадзе Корж пазнаёміў камандзіраў з планам коннага рэйду:
— Два атрады пакідаем тут, у любанскіх лясах. Яны праводзяць звычайныя аперацыі, скоўваюць непрыяцеля і ствараюць уражанне стабільнасці нашых пазіцый. Атрады Камарова, Далідовіча і Розава размяшчаюцца па тры чалавекі на сані, запасаюцца фуражом, прадуктамі і ляснымі дарогамі праходзяць па Любанскім, Старобінскім і Чырвонаслабадскім раёнах,— ён схіліўся над картай.— Пройдзем вось праз гэтыя паселішчы Пінскай вобласці, у раёне вёскі Філіповічы праз Вераб'ёўскія лясы, наведаем Капыльскі і Трэскі раёны і паўз Старыя Дарогі вернемся сюды, на асноўную базу. Мэта нашага рэйду,— лаканічна тлумачыў Корж,— ліквідаваць варожыя гарнізоны ў вялікіх сёлах і ў самой Чырвонай Слабадзе. Каля Філіповіч неабходна знішчыць фашысцкія транспарты, якія ідуць на фронт. У кожным паселішчы па сваім шляху будзем праводзіць палітыка-выхаваўчую работу сярод насельніцтва. Я думаю, таварышы, гэты рэйд трэба лічыць не толькі стратэгічным, а і прапагандысцкім.
— Аглоблі стругаем, каб ад фашыстаў адбівацца? —« нехта з'едліва падкусіў Каржа.
Ён паблажліва ўсміхнуўся і спакойна адказаў:
— І дугамі таксама. Паспрабуй! Пабачыш, як добра выходзіць. Бяда, браце, што забыўся, з якога боку каня запрагаюць,— і, памаўчаўшы, спакойна растлумачыў, чаму ў такім рэйдзе неабходны «запасныя часткі», паведаміў, колькі яго атрад нарыхтаваў дуг і аглобляў.
— Ну і хітры ж мужык ты, Васіль Захаравіч. На тры аршыны пад сабою бачыш,— сказаў Розаў.
— Мужык і ёсць. Хорастаўскі. Дзеда майго, між іншым, «Мудрым» звалі. А я толькі яго ўнук.
За нарыхтоўку запасных дуг, аглобляў, гужоў і закрутак узяліся ўсе атрады.
У дзённіку ў гэтыя дні Васіль Захаравіч запісвае: «З 16 студзеня 42 г. па 10 лютага — разведка ў розныя канцы. Набываем харчаванне і забяспечваемся транспартам».
Пасля некалькіх запісаў пра баявыя дзеянні асобных груп, камандзір занатоўвае зноў: «З 16/ІІ па 20/ІІ — разведка. Набыццё харчу сабе і коням».
Карацейшых запісаў быць не можа. Напружаны лаканізм сведчыць, наколькі быў заняты камандзір, колькі хваляванняў, турбот, бяссонных начэй, душэўнага і фізічнага напалу крыецца за адным кароткім словам «разведка».
Разведка вялася на ўсіх дарогах будучага рэйду, з вёскамі наладжвалася самая цесная сувязь — кожны разведчык дасканала ведаў свой аб'ект, меў надзейных людзей у кожным паселішчы.
Васіль Захаравіч сам падбіраў, сам рыхтаваў, маскаваў разведчыкаў, прыдумляў ім надзейныя легенды, забяспечваў бездакорнымі дакументамі. Першы сустракаў сваіх адважных хлопцаў і выпытваў усё да самых драбніц.
Перад такім рэйдам трэба ведаць усё.
У канцы лютага камандзіры яшчэ раз абмеркавалі маршрут і ўсе дэталі дзёрзкага паходу па варожых тылах.
Камандаваць рэйдам было даручана яго ініцыятаpy — Васілю Захаравічу. Калону адкрываў яго атрад, за ім ішоў атрад Розава, замыкаў атрад Далідовіча.