Выбрать главу

Але самаю пераканаўчаю прапагандаю былі баявыя дзеянні партызан. Пра іх у дзённіку Васіля Захаравіча засталіся кароткія запісы. Таропкія няроўныя радкі сям-там размыты сняжынкамі ці кроплямі дажджу.

«6/ІІІ-42. Разгром Доўгаўскага гарнізона. Знішчана 11 чалавек. Узялі 25 вінтовак, разбілі воласць.

7/ІІІ-42. Разгромлена Капацэвіцкая воласць. Вызвалены ўсе арыштаваныя.

9/ІІІ-42. У Вялічкавічах прастаялі два дні. Атрад адбіў налёт немцаў. Знішчана некалькі салдат...

18/ІІІ-42. Разграмілі Скаўшынскі гарнізон. Знішчылі два варожыя грузавікі».

На старонках дзённіка пералічваецца, колькі ліквідавана ворагаў, якія ўзяты трафеі, называюцца вызваленыя вёскі. І на кожнай старонцы — «гутарка з народам».

Рэйд быў нялёгкі. Пачыналася веснавое разводдзе, правальваліся і распаўзаліся балотныя зімнікі, канчаліся фураж і харчы. Камандзіры любанскіх атрадаў патрабавалі вярнуцца на свае базы. Атрады Розава і Далідовіча ўзялі кірунак на Князь-возера. Камароў разграміў яшчэ некалькі вароягых гарнізонаў і, мінаючы Старобін і Слуцк, павёў свой атрад на Любаншчыну.

Каля вёскі Вялікія Мілевічы Розаў з Далідовічам сустрэлі невялікі, але добра ўзброены атрад генерал-маёра Міхаіла Пятровіча Канстанцінава. Прабіраючыся на ўсход да лініі фронту, атрад ішоў па тылах гітлераўцаў, знішчаючы варожыя гарнізоны. Генерал узрадваўся сустрэчы з партызанамі і далучыўся да іх.

23 сакавіка атрад Камарова вярнуўся ў Загалле, а праз некалькі дзён партызаны занялі невялікую лясную вёску Бібачкі.

Камароўцы парыліся ў гарачых лазнях і сушнях, галіліся, латаліся, чысцілі і рамантавалі зброю. Камандзір быў узорам падцягнутасці і чысціні. Ён не мог цярпець у атрадзе неахайных.

— Памятайце, мы ж савецкія партызаны, і выгляд у кожнага павінен быць прыстойны. Неахайны знешне — неахайныя і паводзіны. Чэрава пустое, а ты песні спявай,— навучаў Васіль Захаравіч партызан...

Любанскія лясы і Загальскія балоты зрабіліся партызанскай рэспублікай — на дзесяткі кіламетраў людзі жылі па савецкіх законах, у Акцябрскі раён гітлераўцы баяліся паткнуцца. Тут можна было адпачыць перад наступнымі паходамі і баямі.

Агледзеў Васіль Захаравіч сваіх байцоў, праверыў зброю, загадаў перакаваць коней, упарадкаваць вупраж. Значыць, неўзабаве зноў у паход — здагадаліся партызаны.

— А чаго нам адседжвацца? Тут управяцца і любанскія атрады. А па асноўных магістралях і па чыгунцы гітлераўцы пруцца на ўсход. Нас чакае работа там,— і камандзір загадаў збірацца ў дарогу. Перад самым адыходам дачуўся, што ў Пасталах ёсць паліцэйскі ўчастак, і гітлераўцы люта здзекуюцца з сялян, знішчаюць савецкіх актывістаў і партызанскіх сувязных. Вырашылі ліквідаваць фашысцкае котлішча. Кіраваць аперацыяй даручылі генералу Канстанцінаву.

Выправіліся ў Пасталы на досвітку. Без адзінага стрэлу знялі вартавых. Перапалоханыя паліцаі адцураліся кулямёта і кінуліся наўцёкі. Следам свісталі кулі стужкі, якую яны самі заправілі ў кулямёт. Дымным вогнішчам запалаў невялікі заводзіў які працаваў на фашыстаў.

У той жа дзень Корж запісаў у сваім дзённіку :

«Налёт на ўмацаваны варожы ўчастак. Разгром яго. Спалілі завод, узялі станкавы і ручны кулямёты. Знішчана 25 паліцэйскіх».

Горача развітваўся Васіль Захаравіч з Казловым, Канстанцінавым, Мачульскім, Рогавым і Далідовічам. Дамаўляліся трымаць сувязь, калі спатрэбіцца — дзейнічаць разам. Партызанская армія Каржа зноў рушыла ў дарогу.

— Дзе цябе на ўсякі выпадак шукаць? — крыкнуў наўздагон Канстанцінаў.

— У Старобінскім і Ленінскім раёнах.

Захлюпалі па перамешаным з гразёю снезе капыты, партызаны памахалі на развітанне баявым таварышам, і атрад знік у густым ельніку.

ФРОНТ У ТЫЛЕ

Фашысты лютавалі ў гарадах і сёлах: на плошчах чарнелі шыбеніцы, варушылася зямля пасля масавых расстрэлаў, маладых і дужых гналі ў рабства на Захад. Гітлераўская машына працавала на знішчэнне.

Вось толькі некалькі радкоў са справаздачы камандзіра батальёна, маёра ахоўнай паліцыі Голінга ад 30 верасня 1942 года:

«Батальёну з падпарадкаванымі яму падраздзяленнямі і даданым 16-м жандарскім мотаўзводам было даручана 23 верасня 1942 г. знішчыць на паўночным усходзе ад Макран вёскі Барысаўну, Баркі і Забалоцце...