Выбрать главу

Разведка паведаміла Васілю Захаравічу, што ў пасёлку Леніна гітлераўцы знішчылі каля дзвюх тысяч савецкіх грамадзян і трымаюць у турме яшчэ паўсотні смяротнікаў.

Глыбока ўражаны гэтаю весткаю, задумаўся камандзір. Падабраў самых здатных і кемлівых разведчыкаў, пачаў распрацоўваць аперацыю. Стала дакладна вядома размяшчэнне варожых агнявых гнёздаў, размяшчэнне гарнізона, вывучаны падыходы да турмы і да фашысцкіх устаноў.

Камандзіры прадумалі і ўлічылі ўсе акалічнасці, прадугледзелі самыя нечаканыя варыянты і сітуацыі. Як толькі ўсё было падрыхтавана, 150 партызан атрадаў Камарова, Пятровіча і Шыша, узброеныя ручнымі кулямётамі і аўтаматамі на світанні ўвайшлі ў раённы цэнтр. Адразу захлынуліся б кулямётных гнёздаў, партызаны ўзарвалі тры фашысцкія ўстановы, узялі шмат зброі і патронаў, з турмы вызвалілі 48 патрыётаў. Уся аперацыя заняла не больш гадзіны.

Яшчэ адзін раён стаў партызанскім. Праз некалькі дзён ліквідавалі гарнізон на станцыі Сянкевічы, узарвалі мост праз Лань, спалілі эшалон з боепрыпасамі, які ішоў на фронт, знішчылі 75 гітлераўскіх салдат і афіцэраў.

Па 21 дзень быў спынены рух на чыгунцы.

НЯМА СПАКОЮ НІ ХВІЛІНЫ

Ранняя вясна падсушыла дарогі і лясныя сцежкі, зялёнай смугою ахутала гаі і ўзлессі, на маладых хвойках выпырхнулі ружаватыя, у слязінках смалы парасткі, зазелянелыя бары і дубровы зазвінелі, зацінькалі птушынымі галасамі.

Праз зялёную смугу клейкай лістоты пырснуў малінавы прамень сонца. Васіль Захаравіч устаў з яловага вецця, прыцярушанага леташнім сенам, нячутна абышоў суседа, прыслухаўся да мірнага птушынага шчэбету і на хвіліну здалося, што няма ні вайны, ні пакут — скрозь цішыня і спакой.

Прайшоўся па лагеры, прыкрыў шынялём соннага Чуклая, паглядзеў на спакойны твар Нордмана, спыніўся каля Ліфанцьева. Тады, у першы дзень у Пінску, ён без асаблівага энтузіязму браў іх у атрад: кволымі здаваліся хлапчукі. А якімі адважнымі байцамі сталі цяпер, якія надзейныя таварышы гэтыя «камеамаляты».

Праверыў пасты. Трахім Рудзеня далажыў, што непадалёк ад лагера дзве дзяўчыны пасуць чараду кароў.

— Яшчэ трава толькі праклюнулася, а яны пасвяць,— прабурчаў Корж.— Некалі пастухі мне шмат крыві папсавалі,— ён зноў успомніў казіны статак на гары Арначэс.— Вось што, Трахім, схадзі ты да іх, далікатна пагавары і скіруй куды-небудзь у другі бок, схлусі, што там трава гусцейшая. Хай гоняць туды.

Сунуўшы пісталет у кішэню, Рудзеня пайшоў. Корж назіраў, як ён, размахваючы рукамі, угаворвае дзяўчат з нейкімі дзіўнымі касмыкамі на галовах. Не ўтрымаўся, павесіў на грудзі аўтамат і падаўся да іх. Падышоўшы бліжэй, разгледзеў, што на галаве ў дзяўчат прывязаны пукі кудзелі, і яны спрытна круцяць на верацяно зрэбную нітку. Не адрываючыся ад работы, дзяўчаты адказалі на прывітанне.

— Гэта вас паны фашысты да прабабчынага рамяства прывучаюць? — спытаў Васіль Захаравіч.

Адна азірнулася і ціха адказала:

— А што рабіць? Голымі і босымі гэтыя вылюдкі пакінулі. Зімою афіцэры і тыя ў бабскія транты пазакручваліся. Мы да вайны і прасці не ўмелі. А навошта — бяры ў магазіне, што душы трэба.

З лесу падышлі Сцешыц з Шырыным. І ў гэты момант зусім побач, па дарозе на Ананчыцы, загрукатаў нямецкі абоз. Партызаны пападалі за зваленую сасну. Корж з папрокам зірнуў на сяброў, што прыйшлі без зброі, і ўзяў на мушку седакоў на першай фурманцы. Кароткая чарга збіла чатырох фрыцаў.

— Гранаты да бою! Акружаць ворагаў! Наперад за мною! — крычаў камандзір і бег да разгубленых фашыстаў.

Стрэлы і крыкі пачулі ў лесе, і партызаны кінуліся да дарогі з другога боку. Немцам, відаць, здалося, што трапілі ў пастку, і яны кінуліся наўцёкі. Тыя, што выратаваліся, доўга блукалі па лесе, па дрыгве, натыкаліся на партызанскія засады і гінулі адзін за адным.

Рудзеня, Сцешыц і Шырын балюча перажывалі сваю прамашку.

— Другі раз будзеце разумнейшыя,— казаў Корж.— На вайне нават на спатканне з дзяўчынаю трэба ісці з аўтаматам.

Партызаны дзівіліся рашучасці свайго камандзіра: «Гэта ж трэба, адзін пайшоў з аўтаматам на фашысцкі абоз. Перачакаў бы, пакуль праедуць. Усё адно ўсіх не пераб'еш».