— А яны якраз ехалі тваю жонку ці маці вешаць, вёску тваю паліць. Ты б чакаў, пакуль праедуць? Я, напрыклад, кожнага нашага чалавека кроўным родзічам лічу і абавязаны абараніць яго, а пра сябе думаць няма калі,— упікнуў Корж занадта асцярожнага байца. І растлумачыў: — Біць ворага трэба знянацку. Калі б яны нас першымі заўважылі і абстралялі, нам бы кепска было, а тут мы захапілі ініцыятыву, нагналі страху. Яны ж і ўявіць не маглі, што ў пас толькі адзін аўтамат. Ды і нам навука, як кажуць, не хадзі за хлеў без друка.
Пасля снедання Камароўцы рушылі на Чырвоную Слабаду, у тыя мясціны, дзе зімою прамчалася 300 партызанскіх фурманак, дзе быль і небыль пра гэты рэйд расказваюць яшчэ і цяпер.
Па набрынялай ад веснавога разводдзя дрыгве перабіраліся марудна і доўга. Ногі засмоктвала багна, у ботах чвякаў тарфяны жужаль, месцамі брылі ў сцюдзёнай іржавай вадзе і, вядома, пракліналі палескія балоты.
— Дарэмна лаеце, хлопцы. Гэта ж наша золата. Вось прагонім фрыцаў, пракапаем тут канавы, загудуць трактары, і на гэтых тарфяніках загамоніць пшаніца, як гай.
— А вы летуценнік, Васіль Захаравіч,— усміхнуўся Сцеіныц.
— А ты хіба не марыш пра будучае? Пра перамогу, напрыклад. Без мары, браце, нельга жыць і рабіць нічога нельга. Тут усе летуценнікі. Таму і падстаўляюць лабаціны пад фашысцкія кулі... Ворагі Уладзіміра Ільіча лічылі летуценнікам, а ён быў рэаліст... Д'ябал! Памажы выцерабіцца. Так і ў пекла не доўга шуснуць,— хапаючыся за кусты, прабурчаў Корж і ледзьве вылез з густога балотнага жужалю.
Нарэшце перайшлі балотнае разводдзе і рушылі па торнай сцежцы. У лесе іх ужо чакаў сувязны. Ён расказаў, што немцаў непакоіць мноства партызан у гэтым раёне і яны каля вёскі Салагошч зрабілі ўзмоцненую засаду.
Партызаны абышлі яе з тылу, уварваліся ў вёску, разбілі фашысцкі гарнізон, захапілі значныя трафеі і, не страціўшы ніводнага байца, пераправіліся цераз Случ, абмінулі Старобін і прайшлі па маршруту зімовага рэйду.
Вясной і летам перад камандаваннем злучэння стаяла адна задача: актыўна і ў розных месцах біць ворага, знішчаць эшалоны з жывой сілай і тэхнікай па дарозе на фронт. Па чыгуначных магістралях Піншчыны ішлі і ішлі вайсковыя эшалоны на ўсход. Хіба можна іх прапускаць далей? Неабходна ўзрываць цягнікі, разбураць чыгункі, узмацніць дыверсіі на станцыях і лясных дарогах. Але як? Толу, здабытага яшчэ ў Пінску, амаль не засталося, іншых сродкаў пакуль што няма.
Камандзір адшукаў Сяргея Некрашэвіча, адвёў яго ўбок і пачаў распытваць:
— Скажы ты віне, таварыш рабочы клас, як можна пусціць пад адхон цягнік?
— Гэта вельмі проста. Трэба адкруціць рэйкі, выцягнуць кастылі і... загрыміць як міленькі.
— Л яшчэ як? — пытаўся Корж.
— Падкапаць 24 шпалы. Паравоз ускочыць на іх, асядзе, вагоны і папаўзуць адзін у адзін, як тыя карабкі запалак.
— Не менш як 24, кажаш?
— Бачыце, паравоз якраз становіцца на 24 шпалы. Калі падкапаць меней, можа і праскочыць,— тлумачыў Сяргей.
— Дзякую за параду... Вось што... Збірайцеся з Іванам на адказнае заданне.
Праз два дні Іван Некрашэвіч узначаліў групу з 20-ці чалавек. Раздаў байцам сухі паёк і павёў іх на заданне: разабраць каля Жыткавіч чыгунку, па якой увесь час цягнікі вязуць танкі, салдат і афіцэраў на фронт. Тэхнічнае кіраўніцтва дыверсіяй было даручана Сяргею. Яго адзіным інструментам быў французскі ключ і рыдлёўка. У лесе групу дагнаў малодшы брат Некрашэвічаў — Міша. Як яго ні ўгаворвалі, як ні палохалі, хлапчук не здаваўся.
— Куды вы, туды і я. Сам жа казаў: «Аддзяленне Некрашэвічаў». Чым я горшы?
Так і не адстаў.
Ноччу выйшлі на чыгунку. Партызаны залеглі ў кюветах, а Сяргей з Іванам, змяняючы адзін аднаго, адкручвалі гайкі, выдзіралі кастылі, спрытна выграбалі з-пад шпалаў баласт і ўсё рабілі акуратна, каб ніхто не заўважыў слядоў іх працы.
На світанні адышлі ў лес адпачыць. Там Іван сустрэў меншага брата партызанскага камандзіра Лісовіча. Ён расказаў, што ў вёсцы Браніслаў жыве агент гестапа, які выдае партызанскія сем'і і былых савецкіх работнікаў. Група Некрашэвіча вырашыла абараніць вяскоўцаў ад прадажнага найміта і пакараць здрадніка. Толькі падняліся, чуюць — па рэйках прагрукацела дрызіна. Іван запытальна паглядзеў на Сяргея. Той паспяшаўся супакоіць брата:
— Так і павінна быць. Дрызіна праскочыць. Правяраюць. Значыць, хутка пойдзе цягнік. Сядзець нам тут няма чаго. Хадзем!
У Браніславе гестапаўскага агента ўзялі адразу. Закалаціўся, папоўз па падлозе, пачаў маліць літасці: «Я не вінаваты. Бярыце жандара. Ён усіх на шыбеніцу аддае. Ву-у-нь яго хата». Такое, відаць, нутро ў здраднікаў — гінуць весялей разам з такімі, як сам.