З тае пары Васіль ані шэлега дарам не браў. Усё, што мог, аддаваў людзям. Сам спакою не ведаў і нікому не даваў біць лынды.
Марыя Захараўна абвяла рукою наваколле.
— Куды ні зірнеш, усё, што ёсць на нашай зямельцы, яго клопатам ды людскою сілачкаю здабыта. Унь, бачыце, як разбудаваліся: на дошкі ды на гонту і глядзець не хочуць, шыхвер ім той падавай, а целявізары не дзешавей за «Гарызонт» купляюць. Дрыгву, лічы, ушчэнт звялі. Цяпер там жыта, як гай, з небам гамоніць. Камары і тыя пагінулі...
— А дзе ж даўнейшыя палеткі? — пацікавіўся я.
— Пясочкі тыя даўно хвойнікам параслі... Пра што гэта я? Ага. Як вярнуліся з лесу, куды ні глянеш — пагарэлішчы адны ды закураныя печы тырчалі, не раўнуючы помнікі на кладах... А колькі тут палегла нашых! Бацюхны, бацюхны! — і змоўкла.
За паркам, залітыя вечаровым сонцам, мігцелі чырванню вокны новай трохпавярховай школы. Уздоўж вуліцы — дамы адзін другога харашэйшыя, з карункамі на ліштвах, ганачкі з размаляванымі падстрэшкамі, а над дамамі — лес тэлевізійных антэн. Блакітам неонавага святла заліты зашклёныя да столі магазіны. Усё гэта задумана, заснавана і ў сваёй большасці зроблена смелым летуценнікам, дбайным калгасным гаспадаром Васілём Захаравічам. З тых самых Каржоў, якіх у сяле завуць «Мудрымі».
І Васіля ў маленстве дражнілі дзедаваю мянушкаю. Спярша крыўдзіўся, а скеміў, што да чаго, задавацца пачаў. Тады і дражніць перасталі.
Зайздросцілі равеснікі каржакаватаму, як вузельчык, Васілю. Башкавіты ён быў не па гадах. У першым класе царкоўна-парафіянскай школы так лузаў задачкі, што настаўнік нахваліцца не мог, а хлапчукі не давалі збыту: то раскажы, то пакажы, то дай спісаць. Калі ніхто не мог рашыць, колькі аршынаў зялёнага, чорнага і сіняга сукна прадаў за тыдзень купец і колькі зарабіў на продажы, да дошкі выклікалі Васіля, і ён тлумачыў класу задачку, а паставіўшы кропку, уголас дзівіўся: «От нажыўся дык нажыўся, не хварэючы, не балеючы».
Стары настаўнік толькі пасміхаўся, ссоўваў на кончык носа драцяныя акуляры, пазіраў злінялымі вачыма на Васіля і казаў: «Калі так будзеш старацца і ў бацькі выстарчыць вывучыць цябе, вя-лі-кім можаш стаць чалавекам».
Стараннасці і кемлівасці ў Васіля хапала, ды ў Захара Каржа не выстарчыла давучыць сына нават у пачатковай школцы. Тры зімы пахадзіў, на тым і кончылася яго навука. Трэба было баранаваць і скародзіць, да самага снегу пасвіць з дзедам авечак, досвіткамі ў чатыры цапы малаціць жыта, а завейнаю зімою за адработкі вазіць дровы ў панскі двор. Ён здалёк пазіраў на шыкоўны палац, а зблізку бачыў парабецкія хаткі, галечу і нэндзу ў афіцыне для чэлядзі.
Дадому вяртаўся на развалках, прыцярушаных замеценаю снегам саломаю, туліўся ў шарачковую світку і думаў, думаў... «Чаму так няроўна людзі жывуць на свеце? Адны гарбеюць да самага скону, пераварочваюць горы дабра і ўсё аддаюць абібокам, а самі пухнуць з голаду і ў зрэбніках выпраўляюцца на той свет. Паны пальцам не паварушаць, каліва з зямлі не паднімуць, а з усім сваім кодлам жывуць у раскошы, псярню мясам кормяць, на стаенніках гарцуюць, у карты маёнткі прасвістваюць, і ўсё роўна як сыр у масле качаюцца. Чаму?»
Так сваім розумам даходзіў Васіль да праўды. Разумець разумеў, а што зробіш, як дасі рады, каб усе людзі па-людску жылі?
За тры гады вайны з германцам зусім аташчала вёска: усіх мужчын, як мятлою падмялі, лепшых коней у войска забралі, да каліва апаражнілі засекі. І ні канца ні краю не відаць той вайне. Вільгельмавы салдаты з гармат б'юць пад Баранавічамі і Клецкам. У Хорастава сяды-тады вяртаюцца бязногія ды бязрукія ратнікі з медалямі ды «Ягорыямі» на старэнькіх шынялях.
Кожную нядзелю селевы попік у маленькай драўлянай царкве гугнявіў імёны «убіенных ратнікаў воінства яго імператарскага вялічаства...»
Кожны тыдзень на аналоі рос стус памінальных граматак, а з хаты ў хату кацілася галашэнне ўдоў і сірат.
...Разам з усімі радаваўся Васіль, што скінулі цара. Думалі, нешта зменіцца, палягчэе. Хоць бы вайне які канец быў. Дзе там! Што ні дзень — усё горай і горай: пан заставаўся папам, парабак — парабкам. Ураднік толькі пагоны зняў ды арлёныя гузікі сукном паабшываў, а шабля з бізуном асталіся тыя ж. Як ліліся рэкі крыві, так і льюцца.