У кожным атрадзе і брыгадзе разгортвалася дзейнасць партыйных арганізацый па выхаванню моладзі, у кожным вызваленым ад гітлераўцаў сяле камуністы адразу пасля бою праводзілі масавыя мітынгі, расказвалі пра падзеі на франтах, знаёмілі з важнейшымі партыйнымі дакументамі і зваротамі, стваралі падпольныя арганізацыі і групы, атрады папаўняліся адважнымі і сумленнымі патрыётамі. Голас Масквы натхняў партызан Палесся. Дапамогу і клопаты Радзімы яны адчувалі заўсёды.
Ужо не з французскім ключом і рыдлёўкаю хадзілі дыверсійныя групы на чыгункі — на ўсіх магістралях поўдня рэспублікі грымелі выбухі, ляцелі пад адхон саставы з жывою сілай і тэхнікай, ірваліся і гарэлі масты, на многія тыдні спыняўся рух на чыгунцы. Толькі паспеюць акупанты аднавіць дарогу, як зноў ад першых жа эшалонаў заставаліся груды металу і трэсак.
Цяжкі час арганізацыі, падбору, згуртавання, выхавання мужнасці народных заступнікаў і адважных мсціўцаў даўно прайшоў. За год атрад Каржа, у якім пад восень 1941 года заставалася 15 байцоў, вырас у магутнае партызанскае злучэнне Пінскай вобласці. Старобінскі, Чырвонаслабодскі, Ленінскі, Ганцавіцкі, Лунінецкі, Пінскі, Столінскі раёны былі партызанскімі і жылі па савецкіх законах.
Кожная аперацыя брыгады, атрада, дыверсійнай групы вымагала вялікай рызыкі, патрабавала дакладнай стратэгічнай распрацоўкі, партызанскай кемлівасці, вытрымкі і мужнасці.
Чыгуначныя магістралі, масты і дарогі пільна ахоўвалі гітлераўцы. Партызаны навучыліся нячутна здымаць вартавых, так закладваць і маскаваць зарады толу, што нават кваліфікаваныя сапёры не маглі іх заўважыць.
З 8 на 9 жніўня 1943 года Камароўцы каля Лунінца падышлі да чыгункі, абстралялі ахову і ўзарвалі 1957 рэек. Выбухі на чыгунцы ў нямецкім гарнізоне палічылі за артылерыйскую кананаду і пачалі рыхтавацца да эвакуацыі. Магістраль не працавала каля месяца. Гітлераўцы тэрмінова пачалі рамантаваць дарогу — удзень і ўночы трамбавалі палатно, укладалі шпалы і рэйкі. 19 верасня камісія прыняла адрамантаваны ўчастак, паставілі ўзмоцненую варту, а ноччу 20 верасня выбухі зноў скаланулі суседнія лясы, паляцеў пад адхон паравоз, палезлі адзін на адзін вагоны. Магістраль, па якой везлі тысячы тон смяротнага грузу і апантаных галаварэзаў, зноў замерла больш як на месяц.
Беларускі штаб партызанскага руху вызначаў самыя важныя ўчасткі чыгуначных магістраляў, забяспечваў Пінскае злучэнне толам і запаламі. Нячутна падпаўзалі партызаны да адхонаў, калі трэба было, здымалі варту, і на чыгунках Палесся грымелі выбухі, ляцелі ў паветра эшалоны. 3 15 па 23 верасня 1943 года брыгада імя Будзённага ўзарвала 1500 рэек, брыгада імя Кірава — 1200, імя Леніна — 800. Чыгунка поўдня Беларусі замерла на доўгі час. Пасля выбухаў на паўночных чыгунках, у раёне Обалі, Полацка і Віцебска, фашысты вымушаны былі асноўныя смертаносныя грузы адпраўляць па дарогах Палесся, але і тут сотні эшалонаў траплялі ў партызанскія пасткі і ператвараліся ў груды металічнага лому і друзу.
Самаахвярная работа партызан Пінскага злучэння выратавала тысячы савецкіх воінаў, адвяла смерць ад тысяч сумленных людзей. 40-тысячную гітлераўскую армію скоўвалі партызаны, не давалі фашысцкім захопнікам спакою ні ўдзень, ні ўночы, ратавалі савецкіх людзей ад выгнання ў фашысцкае рабства, бязлітасна каралі фашысцкіх катаў і іх памагатых.
Зімою 1943 года штаб і асноўныя сілы Пінскага злучэння размясціліся бліжэй да родных мясцін Васіля Захаравіча. Атрады занялі вёскі Хорастава, Гоцк, Гаўрыльчыцы, Беразняк!, Навіну і Варапаеў гару.
На вялікай паляне сярод лесу, каля Векарава, партызаны падрыхтавалі аэрадром. У змроку палалі сігнальныя вогнішчы. Да іх праз лінію фронту прарываліся нашы самалёты, выгружалі боепрыпасы, свежыя газеты, пасылкі і лісты ад родных і зусім незнаёмых сяброў і сябровак з далёкага тылу. Самалёт даставіў партатыўную друкарню. У спецыяльна абсталяванай зямлянцы нараджаліся маленькія лісткі вялікай выбуховай сілы — друкаваўся орган Пінскага абласнога камітэта Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі «Палеская праўда». Па навакольных сёлах разляталіся сотні лістовак. Зводкі Савінфармбюро, інфармацыя пра баявы і працоўны гераізм савецкіх людзей, расказы пра подзвігі партызан натхнялі патрыётаў на барацьбу з фашызмам.
У вёскі, занятыя партызанамі, баяліся паткнуцца фашысты і іх паслугачы. Кожны вечар то ў Хораставе, то ў Рахавічах, то ў Чаланцы ў чыёй-небудзь прастарнейшай хаце звечара рыпаў гармонік, бухаў бубен. Збіраліся не толькі маладыя, прыходзілі сталыя і нават старыя кабеты і мужчыны: слухалі партызанскіх камандзіраў і палітрукоў, распытвалі, гаманілі, а на разыходзіны звычайна адрывалі польку-трасушку або грацыёзна-павольную кадрылю. IIa гэтых вечарынках чыталі ўголас «Палескую праўду», часам партызаны прыносілі хоць і запозненыя маскоўскія газеты. «Правда», «Красная звезда» пераходзілі з рук у рукі, многія прасілі: «Дай толькі патрымаць».