Выбрать главу

На працягу месяца камандаванне двойчы вывела злучэнне з фашысцкіх пастак, зберагло асноўныя сілы і ўсё галасней і выразней заяўляла пра сваю магутнасць і непераможнасць выбухамі на чыгунках, разгромам гарнізонаў, вызваленнем савецкіх людзей, якіх гітлераўцы збіраліся адправіць у фашысцкае рабства.

У глыбокім тыле адзначаліся рэвалюцыйныя святы, у вёсках вывешваліся чырвоныя сцягі, а на чыгунках грымелі выбухі, ляцелі ў паветра варожыя эшалоны, на доўгі час перапынялася тэлеграфная і тэлефонная сувязь паміж штабамі і гарнізонамі.

Пра ўсе свае аперацыі і патрэбы, пра дыслакацыю і перамяшчэнне варожых войск кіраўнікі Пінскага злучэння дакладвалі штабу партызанскага руху і Цэнтральнаму Камітэту Кампартыі Беларусі, атрымлівалі ад яго неабходную дапамогу і парады.

СУМКА РАДАСЦІ

І мая 1943 года Беларускі штаб партызанскага руху выклікаў Васіля Захаравіча ў Маскву. Кіраўніцтва злучэннем Корж перадаў сакратару Пінскага абкома КІІ (б) Б Аляксею Яўхімавічу Кляшчову і начальніку штаба Мікалаю Сцяпанавічу Фядотаву.

Палявая сумка Васіля Захаравіча была набіта лістамі, паштоўкамі родным і блізкім баявых таварышаў, запісамі адрасоў сем'яў партызан, якія з першага дня вайны нічога не ведалі пра лёс сваіх сыноў, мужоў і бацькоў. «Сумкаю радасці» называў яе Корж.

Камандзіры атрадаў і брыгад прасілі запісаць іх просьбы: «Падкінуць больш аўтаматаў», «Не шкадаваць толу і запалаў», радысты прасілі прыслаць электрабатарэй, рэдактар «Палескай праўды» — паперы і друкарскай фарбы, урач Мікалай Іванавіч Варановіч надаў заяўку на медыкаменты, бінты і хірургічныя інструменты.

Корж стаяў каля крыла маленькага самалёта, даваў апошнія нарады баявым таварышам і запісваў іх просьбы.

Пагойдваючыся, прабегла па лясной палянцы двухкрылая машына, адарвалася ад зямлі і знікла ў смузе вячэрняга неба. Узяў Васіль Захаравіч свой дзённік з пералікам найбольш значных аперацый злучэння. На апошняй старонцы запісана 28 прозвішчаў найбольш адважных партызан, якіх камандзір лічыў патрэбным прадставіць да ўрадавых узнагарод: І. Чуклай І. І. — ордэн Леніна, 2. Шырын Ф. І. — Леніна, 3. Меркуль В. М. — Леніна, 4. ІІордман Э. Б. — Чырвонага Сцяга, 5. Некрашэвіч І. А.— Чырвонага Сцяга... Не было ў спісе толькі прозвішча камандзіра злучэння.

Паплылі пад крылом сінія бары і бярозавыя пералескі, коміны спаленых вёсак, руіны беларускіх гарадоў і паселішчаў.

«Колькі прыйдзецца пакласці працы і сілы, каб зноў расцвіла гэтая скалечаная зямля. Як толькі даб'ём ворага, закаласяцца палі, узнімем з руін новыя сёлы і гарады. Толькі не прыйдуць на свята нашай Перамогі баявыя таварышы Бандаравец, Дамброўскі, Баброў. Не зведаўшы ўсіх радасцей жыцця, аддалі сваё жыццё за шчасце нашчадкаў, за родную зямлю. Не, і яны будуць на свяце Перамогі. Толькі б нікога не забыць». Думкі Васіля Захаравіча перапыніла нейкае пстрыканне за бортам самалёта. Зірнуў туды — беленькімі парашуцікамі разрываюцца зенітныя снарады, а пілот кідае машыну то ўніз, то ўгару, то ўлева, то ўправа, пятляе паміж разрывамі. Усё змоўкла раптоўна, як і пачалося. Корж убачыў вясёлы твар пілота: «Парадак! Праскочылі!» — зразумеў ён па руху засмяглых вуснаў.

Паказаліся падмаскоўныя лясы, дачныя пасёлкі, лініі леташняй абароны.

З падмаскоўнага аэрадрома адразу паехаў Васіль Захаравіч у Беларускі штаб партызанскага руху. Знаёмыя дамы сталіцы былі ў стракатых плямах камуфляжу, па вуліцах спяшаліся людзі ў кіцелях і гімнасцёрках. Здавалася, уся краіна апранулася ў вайсковую вопратку.

Начальнік штаба Пятро Захаравіч Калінін уважліва слухаў расказ Каржа пра найбольш значныя аперацыі, запісваў усе патрэбы злучэння, удакладняў і адзначаў на карце пункты дыслакацыі брыгад і штаба, распытваў пра настрой насельніцтва, цікавіўся, як партызаны звязаны з мясцовымі падпольшчыкамі, прасіў расказаць пра работу партыйных і камсамольскіх арганізацый.

Корж часам зазіраў у прыгожую запісную кніжку з бронзаваю зашчапкаю, удакладняў лічбы, прозвішчы і даты. Калінін звярнуў увагу на камандзірскі дзённік, а калі пачуў, як ён трапіў да Васіля Захаравіча, весела ўсміхаючыся, сказаў:

— Гэта вельмі знамянальна: партызанскі камандзір запісвае ў дзённік фашысцкага афіцэра баявыя справы свайго злучэння. Беражы яго, Васіль Захаравіч, гэта ўжо гістарычны дакумент. Адпачнеш, акрыяеш трохі і прыйдзецца паездзіць па краіне, расказаць рабочым пра гераізм і цяжкасці партызанскай барацьбы.

Са штаба Корж адразу зайшоў на паштамт і апаражніў сваю сумку. Лісты, паштоўкі і тэлеграмы ў Краснадар, Чыстапаль, Горкі, Гусь-Хрустальны — у сотні адрасоў панеслі радасныя весткі родным баявых сяброў.