Выбрать главу

На мітынгах Васіль Захаравіч натхнёна гаварыў рабочым пра адвагу і нязломнасць палескіх партызан, пра цяжкасці і нягоды іх ляснога жыцця, пра бяссонныя ночы ў завейных пушчах, пра галодныя паходы і прарывы з блакіраваных балот.

Расказы пра партызанскую кемлівасць і прыгоды баявога жыцця рабочыя сустракалі бурнымі воплескамі, а часам і вясёлым смехам.

— Тут пыталіся, як нам удаецца граміць лепш узброеныя за нас варожыя гарнізоны. Усяляк, таварышы, даводзіцца. Нялёгка бывае, але б'ём,— расказваў каржакаваты, з шырокім сялянскім тварам партызанскі камандзір.— Вось, калі хочаце, адзін выпадак: у вёсцы Ярэмічы Кобрынскага раёна стаяў дужа ўмацаваны нямецкі гарнізон і раззваніў на ўсё наваколле, што ўшчэнт разграміў партызан, і след іх даўно прастыў. Сваё котлішча гітлераўцы абкружылі дотамі і бетаніраванымі акопамі, на ўсе бакі выставілі кулямёты. Нашы спробы ўзяць Ярэмічы штурмам кожны раз правальваліся. Не падступіцца. А ўзяць трэба. Неабходна абараніць насельніцтва ад здзекаў і ліквідаваць апорны пункт акупантаў. Думалі-думалі і нарэшце дадумаліся. Запрэглі дзесяць параконных фурманак, у конскія грывы ўплялі каснікі і папяровыя кветкі, на дугі навешалі званочкаў і розных шамочкаў. Як трэба прыбралі «жаніха», фату і вяночак здабылі «нявесце», «шафераў» з «шаферкамі» насадзілі на вазы, а на пярэднім «сват» і «сваха» абраз багародзіцы з дзіцяткам на руках трымаюць. Ну і, вядома, «п'янаваты» гарманіст польку рэжа і прыпеўкамі сыпле.

Вось такое «вяселле» і ўляцела ў Ярэмічы. Павыскаквалі немцы на дзіва паглядзець. Рагочуць, фотаапаратамі пстрыкаюць. Цікаўныя і з дотаў павылазілі. Чалавек 40 сабралася. Коні спыніліся каля казармы. «Жаніх» на вышываным ручніку паднёс афіцэру бутлю самагону і нізка пакланіўся. А той ад радасці ззяе, як велікодны самавар: «Шнапс, шнапс. Данне Піён», і пачаў частаваць сваю хеўру.

У гэты момант «маладая» з-пад шырокай спадніцы выхапіла аўтамат, з фурманак грымнуў залп. 32 фашысты засталіся ляжаць на месцы, пяцёра курчыліся і стагналі ад ран, астатнія, як зайцы, лупянулі ў алешнік.

Так мы разграмілі самы люты гарнізон, а па наваколлі пайшла пагалоска пра адвагу і кемлівасць партызан.

Стары рабочы ў замасленай кепачцы крыкнуў:

— Такое вяселле некалі ў кіно паказвалі.

— Але, паказвалі. Бачыў і я,— пацвердзіў Корж.— А хіба забаронена карыстацца вопытам грамадзянскай вайны? Для барацьбы з ворагам усё падыходзіць... Але каб біць фашыстаў, не хапае нам, таварышы рабочыя, зброі, патронаў і толу. Праўда, у апошні час трохі нам падкідаюць з Масквы, а асноўнае здабываем у ворагаў, але ўсё роўна мала: атрады і брыгады растуць з кожным днём, людзей трэба ўзбройваць, а чым? Прыйшлося ў лесе абсталяваць сваю майстэрню. Нашы ўмельцы Якаў Цемякоў, Іван Сямак і Васіль Слагада робяць такія аўтаматы, што любы майстра пазайздросціць. Калгасныя механізатары нам нават такарныя станкі прывезлі, да іх ручныя прыводы змайстравалі. Але колькі такая майстэрня можа нарабіць тых аўтаматаў?

Я гэта да таго кажу, таварышы рабочыя, каб вы, куючы зброю для арміі, не забываліся пра партызан, каб звыш плана рабілі і для нас.

І рабочыя з новаю энергіяй і сілай браліся за работу.

У штабе партызанскага руху камандзіру Пінскага злучэння Васілю Захаравічу Каржу прачыталі Указ аб прысваенні яму звання генерал-маёра. Усхваляваны і расчулены партызанскі камандзір пачаў прасіць, каб яго хутчэй адправілі, як ён любіў казаць, «на ранейшае месца працы».

— Справы ў злучэнні ідуць добра, а табе трэба яшчэ тут папрацаваць,— угаворваў Пятро Захаравіч Калінін.— Пасля тваіх выступленняў рабочыя працуюць з асаблівым уздымам. А зброі трэба ўсё больш і больш. Чытаў пра пераход войск Бранскага і Заходняга Франтоў у наступленне супраць Арлоўскай групоўкі? А хутка такое пачнецца, што ахнеш.

Вось яшчэ што. Раскажы, Васіль Захаравіч, як вам удалося перацягнуць на свой бок 10-ы казачы полк. Дакладная надта сціслая, а падрабязнасці нам вельмі патрэбны.

— Калі патрэбны, раскажу. Значыць, так. У студзені гэтага года ў Лунінец прыбыў полк, сфарміраваны з ваеннапалонных казакоў. Адзін дывізіён заняў Дзятлавічы. Старастам у гэтай вёсцы быў наш разведчык Алесь Бунгала. Па-нямецку чэша, як рэпу грызе. Фрыцаў так пераканаў у сваёй адданасці, што яны яму, як сабе, давяралі. Прыгледзеўся Бушыла да казакоў: маркотныя ходзяць, людзей саромеюцца, туляюцца па завуголлю. І прыйшоў «стараста» да разведчыка атрада «За Радзіму» Аляксандра Аляксеевіча Світцова. Расказаў пра ўсё і раіць: «Сустрэцца табе трэба з камандзірам дывізіёна, былым маёрам Чарнышковым. Немцаў ненавідзіць лютай нянавісцю, а нашым людзям стараецца памагчы».