Выбрать главу

Усю ноч прагаварылі ў зямлянцы. Корж расказваў пра Маскву, пра першы салют у гонар вызвалення Арла і Белгарада, пра свае паездкі і сустрэчы з рабочымі, пра іх нястомнасць і працоўныя подзвігі. А партызаны дакладвалі камандзіру пра дыверсіі на чыгунках, пра знішчаныя варожыя гарнізоны. Між іншым, успомнілі Францішка Купша. Пабедавалі, што няма цяпер каму падлячыць зубы, дый наогул быў добры хлопец гэты «святы айцец» — адважны партызан і надзейны разведчык.

— Я да аэрадрома яго праводзіў,— расказваў Віктар Ліфанцьеў.— Як толькі дазнаўся бедны Францішак, што за ім спецыяльны самалёт прыслалі, закалаціўся ад страху: ніяк не мог уцяміць, каму і навошта ён спатрэбіўся ў Маскве. Хуценька сабраўся, развітаўся з хлопцамі, і рушылі мы з ім ляснымі дарогамі на аэрадром. Ехалі доўга. Нa карэннях ды выбоінах ледзь душу не вытрасла, і адважыліся мы завярнуць у маленькую глухую вёсачку, каб хоць трохі перадыхнуць.

Папрасіліся ў хату. Гаспадыня сустрэла нас не вельмі ветліва. Заікнуліся перакусіць — кажа: «Усё да шэлега забралі». А сама спадылба назірае на нас, відаць, думае, хто мы — свае ці, можа, часам «бобікі».

Калі ж Францішак зняў плашч, і жанчына ўбачыла ў яго на грудзях крыж, заўсміхалася, замітусілася каля печы, паслала кужэльны абрус, засквірчэла яечня, з'явіліся на стале заткнутая кудзеляю пляшка, вяндліна і шаткаванка. Шапнула нешта гаспадыня дачушцы, і тая адразу некуды збегла. Я затрывожыўся і бліжэй падцягнуў аўтамат. Неўзабаве адна за адною пайшлі ў хату жанчыны з малымі і большанькімі дзецьмі і давай прасіць: «Пахрысці, святы айцец. Усю вайну нехрысцямі жывуць». Спачатку ўпінаўся Купш. Кажа: «Я ж каталіцкі ксёндз, а вы праваслаўныя, ды і крапідла пры сабе няма і ў купелю гэтыя бэйбусы не ўлезуць».

«Нічога,— просяць.— Хрысці, як выйдзе».

І запусцілі мы з Францішкам канвеер: ён хрысціць, я падаянні прымаю — у торбу складаю кавалкі сала, сушаныя сыры, грошы бяру, якія ў каго ёсць. Ахрысцілі ўсіх, расказалі бабам, як Чырвоная Армія і партызаны б'юць фашыстаў, развіталіся і рушылі на свой аэрадром.

Там ужо чакаў Францішка самалёт. Хацеў я на дарогу аддаць яму грошы, дык дзе там — ні капейкі не ўзяў. «Харчы, кажа, параненым і хворым аддай, а грошы — у фонд абароны». Пісталет мне свой пакінуў, перахрысціў і наляцеў.

Васіль Захаравіч расказаў, што не так даўно Францішак Купш прымаў прысягу ў байцоў Першай польскай дывізіі.

— Пакуль ты там ездзіў, мы тут стварылі цэлую польскую армію,— пажартаваў Аляксей Яўхімавіч Кляшчоў.— Колькі цяпер у іх атрадзе, таварыш начштаба?

— Больш за пяцьсот чалавек,— адказаў Фядотаў.

— Чуеш, больш за паўтысячы! І ўсё баявыя хлопцы. Нездарма атрад носіць імя Тадэуша Касцюшкі. Узначаліў польскіх патрыётаў былы афіцэр Чэслаў Клім, а камісарам у яго вельмі талковы і адважны таварыш, Вацлаў Клімашэўскі... Дакладвай далей, таварыш начальнік штаба.

І Фядотаў расказаў, што касцюшкаўцы ўжо знішчылі каля дзесятка варожых эшалонаў, некалькі грузавікоў з ваеннай тэхнікай і салдатамі, узарвалі паўсотні рэек, выключную адвагу і дакладны тактычны разлік паказалі ў баі каля палескага сяла Нобель.

Атрад імя Касцюшкі ўвайшоў у добра арганізаваную і ўзброеную пінскую брыгаду Івана ПІубітыдзе. Ён, былы палонны савецкі камандзір, здолеў вырвацца з загатаванага вагона па дарозе ў Германію. Сабраў групу ўцекачоў з палону, падабраў надзейных польскіх патрыётаў і пачаў дзейнічаць у нрыбугскіх лясах. У атрад Шубітыдзе ўліліся патрыёты з навакольных вёсак і палескіх гарадкоў. І неўзабаве ў ваколіцах Пінска з'явілася грозная партызанская брыгада. Яна гаспадарыць у Драгічынскім, Іванаўскім, Маларыцкім раёнах і ўзяла над сваю апеку суседнія раёны Украіны.

Асабліва ўзрадавала Васіля Захаравіча, што брыгада Шубітыдзе ўстанавіла цесную сувязь з падпольшчыкамі Пінска.

ВЯРТАННЕ

Увосень 1943 года праваліўся фашысцкі абарончы план «Ватай», не вытрымаў націску славуты «Усходні вал». Савецкая Армія амаль 700 кіламетровым фронтам ад Лоева да Запарожжа падышла да Дняпра, фарсіравала ўмацаваны гітлераўцамі правы бераг. Вораг пакаціўся ад дняпроўскіх стромаў, страціўшы 33 дывізіі.

Пачалося вызваленне беларускай зямлі. Святкаваў збавенне ад фашысцкай навалы Хоцімск, грымелі баі пад Віцебскам, на подступах да Магілёва і Рагачова. Першая польская дывізія прарвала варожую абарону каля вёскі Леніна.

Кожная зводка Савінфармбюро натхняла партызан на новыя подзвігі, ставіла перад камандзірамі складаныя задачы.