Партызаны ўдала разрывалі варожыя баявыя парадкі: дывізіёны і роты трацілі сувязь з камандаваннем і штабамі, а гэта давала магчымасць савецкім войскам акружаць і ліквідаваць раз'яднаныя варожыя часці. Брыгада імя Будзённага кулямётным і аўтаматным агнём закрыла пераправу праз раку Случ. Заціснутая з усіх бакоў войскамі і партызанамі Пцічская групоўка была вымушана капітуляваць. Здаліся ў палон дзесяткі тысяч гітлераўцаў на чале з генерал-палкоўнікам Мілерам. На станцыі Люшча партызаны спынілі бронецягнік і пратрымалі яго, пакуль не падышлі нашы часці.
5 чэрвеня Пінскае партызанскае злучэнне разам з 55-й гвардзейскай стралковай дывізіяй генерал-маёра Турчынскага пераправілася цераз Ясельду і разам з 23-й стралковай дывізіяй разграміла варожую артылерыйскую часць і ачысціла тэрыторыю вобласці ад фашыстаў.
...Мінула тры гады з таго дня, калі загадчык сектара Пінскага абкома партыі са сваім маленькім так-сяк узброеным атрадам каля саўгаса Галена вінтовачнымі залпамі сустрэў акупантаў. Цяпер здалёк партызаны ўбачылі зялёныя купы дрэў, зацягнутыя дымам абрысы пінскіх дамоў. Горад урачыста сустракаў пяцітысячную партызанскую армію. Паперадзе ішоў легендарны генерал Васіль Захаравіч Корж.
Людзі неслі кветкі сваім мужным абаронцам і вызваліцелям. Абдымкі, пацалункі, слёзы радасці расчулілі партызан. Іх запрашалі ў госці, частавалі апошнім, бясконца распытвалі і расказвалі пра жахі акупацыі.
За ноч на плошчы з сырых дошак збілі трыбуну. 21 ліпеня на яе ўзышлі сакратар падпольнага абкома Камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Рыгоравіч Вайцяховіч, Васіль Захаравіч Коряг, начальнік штаба злучэння Мікалай Сцяпанавіч Фядотаў, начальнік разведкі Гаўрыла Пятровіч Сцешыц, начальнік асобага аддзела Барыс Сымонавіч Ляўчэня.
Стройнымі шэрагамі стаялі пасвяжэлыя партызаны. Нават не верылася, што настаў шчаслівы дзень вызвалення, да якога вёў доўгі і горкі шлях выпрабаванняў і страт. Успаміналіся баявыя сябры і пабрацімы, што так і не дайшлі да гэтай урачыстай плошчы. Над трыбунаю трапяталі чырвоныя сцягі, а з партрэта ўсміхаўся Уладзімір Ільіч Ленін, і здавалася, узнятай рукой вітаў партызанскае войска. Духавы аркестр іграў вясёлыя маршы даваеннай пары. Іх ніхто не чуў вось ужо тры гады. Таму так калаціліся сэрцы і набягалі слёзы. Дзяўчаты і дзеці падносілі партызанам букеты кветак. Першы выступіў Васіль Захаравіч Корж. Ад хвалявання дрыжалі рукі і часта моргалі павекі. Гэта была справаздача землякам пра трохгадовую дзейнасць злучэння.
— Я з маленства засвоіў ісціну: «Прайдзі дарогу так, каб не сорамна было па ёй вяртацца назад».
26 чэрвеня сорак першага года наша невялічкая баявая група пакінула гэтыя вуліцы, каб засланіць родную зямлю ад азвярэлай фашысцкай навалы. Мы з першага дня верылі ў нашу перамогу і не шкадавалі жыцця і сіл у барацьбе за свабоду і шчасце нашай сацыялістычнай Радзімы. Не ўсе нашы баявыя таварышы вярнуліся ў родны горад, не ўсе дажылі да гэтага светлага дня. Іх месца ў страі занялі тысячы адданых байцоў і прыйшлі пераможцамі ў наш вызвалены Пінск. Вось яна, армія адважных, сумленных, адданых народу і Камуністычнай партыі воінаў.
Яшчэ ідуць баі на захадзе пашай дзяржавы. Пачвара фашызму з перабітым хрыбтом адпаўзае ў сваё логава, хоць і люта агрызаецца. Наш абавязак — не шкадаваць сіл на поўны разгром ворага.
Пра зробленае Пінскім партызанскім злучэннем за гэтыя тры гады даложыць начальнік штаба таварыш Фядотаў.
Падцягнуты, у злінялай гімнасцёрцы, былы кадравы камандзір у асноўным прыводзіў лічбы:
— З чэрвеня 1941 па 15 ліпеня 1944 года Пінскім партызанскім злучэннем разбіта 65 фашысцкіх гарнізонаў, знішчана 26 616 гітлераўцаў, узята ў палон 422, пушчана пад адхон 468 эшалонаў, узарвана 585 паравозаў, 4587 вагонаў і платформ, 65 цыстэрн з гаручым, 770 аўтамабіляў, 86 браневікоў і танкаў, 62 чыгуначныя масты, падарвана 23 620 рэек.
Далей Фядотаў пералічваў ліквідаваныя фашысцкія гарматы і трактары, матацыклы і кулямёты, узарваныя на Днепра-Бугскім канале шлюзы, знішчаныя радыёстанцыі і чыгуначныя дэпо. Кожную лічбу шматлюдная плошча сустракала гарачымі воплескамі, чуліся воклічы ўхвалы і ўдзячнасці народным абаронцам, адважным сынам і дочкам Радзімы.
Адразу пасля мітынгу сотні партызан уліліся ў рады Савецкай Арміі. Яны толькі змянілі свае світкі і шарачковыя фрэнчыкі на шынялі і пагналі варожую зграю далей на Захад. Партызаны старэйшага веку ўзяліся аднаўляць зруйнаваныя ворагам гнёзды, ладзіць мірнае жыццё на вызваленай зямлі.