Выбрать главу

Неўзабаве ў Пінску з'явілася дзяўчына ў гімнасцёрцы і ў пілотцы. Абапіраючыся на кіёчак, яна шукала партызанскага генерала Каржа.

У юнай франтавічцы не адразу пазнаў Васіль Захаравіч сваю старэйшую дачку Вольгу. Пасля пытанняў, што ды як, дачка расказала пра свае баявыя прыгоды пры вызваленні Румыніі, пра складаныя аперацыі, якія вытрымала пасля раненняў. Сказала, што Зіна ўзнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі. Паспеў і Лёня паказаць сябе ў баях.

— Малайцы, дзеткі, не падвялі род Каржоў,— расчуліўся Васіль Захаравіч.

Як толькі акрыяла пасля ранення, Вольга Васільеўна паступіла ў Маскоўскі дзяржаўны універсітэт, а скончыўшы яго, і цяпер працуе выкладчыцай на філалагічным факультэце галоўнага універсітэта краіны. Лёня стаў інжынерам, а Зінаіда Васільеўна жыве і працуе ў Мінску. Кажуць, яна ўся ў бацьку. Як і ён, дбае пра людзей, стараецца кожнаму зрабіць нешта добрае. Яна заўсёды ў клопатах, заўсёды ў грамадскіх турботах.

Тры гады Васіль Захаравіч і дняваў і начаваў у лясах і балотах, у завіруху і ў асеннюю слату не ведаў прытулку і спачыну, блакады, прарывы, рызыкоўныя аперацыі, штодзённы клопат пра людзей далі сябе знаць адразу пасля вайны. Ужо немалады Васіль Захаравіч Корж звярнуўся да медыкаў, а потым не ведаў, як адбіцца ад іх клопатаў. Як ні супраціўляўся, давялося асвойваць шпітальныя і санаторныя палаты ў Мінску, Маскве і ў Цхалтуба.

15 жніўня 1944 года стаў самым радасным днём у жыцці Васіля Захаравіча. Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР прысвоіў яму званне Героя Савецкага Саюза. Залатая Зорка заззяла над двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені і шматлікімі медалямі. На апошняй старонцы свайго партызанскага дзённіка ён запісаў: «Нумары ордэна Леніна 20488, Звязды Героя 4448». Высокія ўрадавыя ўзнагароды вянчалі трохгадовы подзвіг сапраўднага народнага Героя.

А тым часам Васіль Захаравіч даводзіў урачам, што зусім здаровы, прасіў хутчэй выпісаць, бо не ўяўляў сабе жыцця без штодзённых клопатаў і напружанай работы.

— Праца для мяне — самыя лепшыя лекі,— настойваў Корж. І дамогся свайго.

У 1945-1946 гадах ён слухач Ваеннай акадэміі. Неўзабаве дачасна перапынены рамонт здароўя прымусіў выйсці ў запас па хваробе. Але не такі Корж, каб задаволіцца спакоем, бесклапотна сядзець у парку пад грыбком і ўспамінаць сваё баявое мінулае. Яго няўрымслівы характар прагне дзейнасці. Ён просіцца на працу. У 1949 годзе Васіля Захаравіча Каржа прызначылі намеснікам міністра лясной гаспадаркі рэспублікі.

Фашысты звялі тысячы гектараў беларускіх лясоў. Клопатаў і спраў па аднаўленні зялёнага багацця Беларусі Васілю Захаравічу хапала больш, чым мог падняць адзін чалавек. Аднак, калі заставаўся сам-насам, адчуваў, што прагне больш напружанай, гарачай, неспакойнай работы, такой, каб самому бачыць яе плён.

Чамусьці часта снілася яму роднае Хорастава.

— Садзіць і вырошчваць лясы неабходна, але, перш за ўсё, трэба людзей накарміць хлебам, каб яны адчулі радасць жыцця, за якое так змагаліся,— часта гаварыў Васіль Захаравіч сваім сябрам. І думкі гэтыя не давалі яму спакою.

Вераснёўскі пленум Цэнтральнага Камітэта ў 1953 годзе крута павярнуў лёс генерала Каржа. Васіль Захаравіч папрасіў рэкамендаваць яго на пасаду старшыні калгаса ў роднай вёсцы.

ГЕНЕРАЛ ПАЛЁЎ

У Хораставе Корж бываў часта: з гадамі родныя мясціны неадольна цягнуць да сябе чалавека. Да драбніц успамінаюцца сцежкі маленства, крынічка, з якое ўпершыню напіўся, хата, дзе пачуў матчыну калыханку, і заўсёды прыгадваецца журботная жніўная песня. Родныя палі і пералескі вярэдзілі душу Каржа ўспамінамі нядаўніх баёў. Там адзін час быў штаб яго злучэння, у Вскараве — партызанскі аэрадром, там — дарагія магілы яго баявых паплечнікаў і сяброў. А цяпер родзічы і землякі на папялішчах пачынаюць новае жыццё.

У кожны прыезд Васіля Захаравіча абступалі аднавяскоўцы. Адны адводзілі душу ўспамінамі, другія спадзяваліся на дапамогу і добрую параду генерала.

Але як тут памагчы? За вайну здзічэлі, зараслі свірэпаю і асотам палі, статак звялі амаль дашчэнту, на месцы вёсак тырчалі закураныя каміны. Трэба было ўсё пачынаць нанава. Ды і вопыту супольнага гаспадарання яшчэ не было ў землякоў: да восені 1939 года гнялі іх паны і асаднікі. Пасля вызвалення толькі пачалі прыглядацца ды прымяркоўвацца да новага жыцця — грымнула вайна.

Вось таму ледзь-ледзь наскрабалі па 5 цэнтнераў збожжа з гектара, 75 цэнтнераў бульбы і атрымлівалі па працадзень капейкі і грамы. А кожнаму трэба было будавацца, каб хутчэй вылезці з зямлянак, пара неяк ужо станавіцца на ногі. Вось і ляпілі хацінкі на папялішчах, хто ўдоўж, хто ўпоперак вуліцы, як выпадала. Абы лягчэй і зручней.