Выбрать главу

Раіў Васіль Захаравіч адбудоўваць вёску па адзіным плане, з разлікам на будучае, і дамы ставіць з размахам, каб і ўнукі дзякавалі. А землякі горка ўсміхаліся і разводзілі рукамі: «Які там размах, калі латкі на штанах». «Засек даўно падмецены, і во лапаць не падплецены»,— прыказкамі пярэчылі мужыкі, з якімі некалі разам гадаваўся і ваяваў генерал Корж.

І будаваліся, як выходзіла, абы хутчэй улезці пад страху. На полі і на фермах не ленаваліся, а працадзень як быў, так і аставаўся нішчымны.

Прыглядаўся Васіль Захаравіч і да кіраўнікоў гаспадаркі. Не было ў іх дальняга прыцэлу, мары, хоць невялічкага палёту. Падобна было, што яны толькі і думаюць, як перабіцца ад сяўбы да малацьбы, жылі клопатамі аднаго дня. Круціліся, абы спіхнуць чарговую кампанію ды абысціся без вымовы. А ў брыгадах былі працавітыя, сумленныя і адданыя людзі, учарашнія паплечнікі па барацьбе.

Хіба ж мог Корж пакінуць іх у такім становішчы, не падтрымаць, не дапамагчы?

Студзеньскія завірухі паперамяталі дарогі, захуталі сумётамі хацінкі, замуравалі іскрыстымі ўзорамі шыбы, прыбралі ў белыя карункі сады і пералескі.

У цесным школьным класе было людна, тлумна і горача, як у лазні. Спрэчкі ўздымаліся да вышэйшага градусу: калгаснікі гаварылі пра нізкія ўраджаі, папракалі нядбайных кіраўнікоў гаспадаркі, патрабавалі механізаваць і электрыфікаваць фермы.

Уважліва слухаў, а самае істотнае занатоўваў Васіль Захаравіч. Пасля перапынку старшыня сходу прачытаў просьбу таварыша Каржа прыняць яго ў члены арцелі. Воплескі заглушылі апошнія словы заявы. А прапанову абраць Васіля Захаравіча старшынёй калгаса сход сустрэў з радасцю і надзеяй.

Устаў, расчулены даверам і ўвагай землякоў, Корж.

— Дарагія таварышы, мілыя мае землякі, я спадзяюся, што вас не вельмі здзівіла, чаму я, генерал, намеснік міністра, вырашыў стаць калгаснікам і разам з вамі змагацца за ўздым нашай гаспадаркі. Я часта бываў у вас, жыў клопатамі калгаса, чым мог, дапамагаў, хоць фармальна і не быў членам арцелі. Я тут нарадзіўся і вырас, тут біўся з рознаю варожаю навалаччу за Савецкую ўладу, ведаю кожны загон і ўзмежак.

Дзякую вам, таварышы, за давер. Будзем разам працаваць, каб ажыццявіць пастанову вераснёўскага пленума ЦК КПСС, каб нам і дзяржаве нашай хапала хлеба і да хлеба, каб кожны дзень нам радасна жылося і працавалася.

Два дні сход абмяркоўваў планы развіцця гаспадаркі на бліжэйшыя гады, вырашалі не толькі, што рабіць, а і як зрабіць.

Пасля сходу Васіль Захаравіч застаўся ў калгасе. Паставіў раскладушку за злінялаю шырмаю ў хаце аўдавелай за вайну пляменніцы Алімпы і папярэдзіў: «Уставаць буду рана, класціся позна. Так што не крыўдуй. Надакучу — скажы. Назаляць не буду. Дзе-небудзь прыткнуся».

І пачалося неспакойнае жыццё партызанскага генерала на новай пасадзе. Адразу апанавала мноства неадкладных клопатаў і спраў. Працоўны дзень пачынаўся пры мігценні зорак, канчаўся далёка за поўнач. Перад сном яшчэ вымяркоўваў паўгадзіны, каб запісаць у сшытак назіранні і думкі, разважанні і найбольш значныя факты. Ён часта аспрэчваў усталяваныя погляды мясцовых работнікаў, абвяргаў некаторыя метады кіравання, абураўся фармальнымі адносінамі да справы, да патрэб людзей і прыроды.

Гартаю пажоўклыя старонкі калгасных дзённікаў генерала Каржа і здзіўляюся шырыні мыслення, прадбачанню, настойлівасці і энергіі ўжо не маладога ў тыя гады пачынаючага старшыні калгаса.

Вось адзін з першых запісаў:

«16/1-54 г. У рашэнні вераснёўскага Пленума гаворыцца, што вялізныя рэзервы, закладзеныя ў нетрах буйной сельскагаспадарчай вытворчасці, мы яшчэ выкарыстоўваем кепска. Гэта цалкам і поўнасцю датычыцца нашай гаспадаркі. На тэрыторыі калгаса ў радыусе 30-35 кіламетраў раскіданы палескія вёскі, сяк-так адноўленыя па месцы нядаўніх папялішчаў. Забудова вялася неарганізавана, як каму хацелася. Кожны спяшаўся хутчэй вылезці з зямлянкі і ляпіў сваё гняздо, дзе і як здолее. Ніякага разумнага архітэктурнага ўмяшання ў забудову спаленых ворагам вёсак не было. А партыя і ўрад з першых пасляваенных дзён клапаціліся пра планавае аднаўленне сёл, з разумным архітэктурным вырашэннем забудовы. Але да кіраўнікоў раёна, відаць, гэта не даходзіла, хоць яны часта матляліся ў гэтых мясцінах».

Здавалася, ну што цяпер зробіш? Забудавалі ж. Пабедаваў, паабураўся і на тым супакоіўся. Але не такі Коряі. У той самы дзень ён запісаў: «Патрэбен мясцовы будаўнічы матэрыял і ў дастатковай колькасці, каб усё гэта выправіць. Патрэбны цэгла і чарапіца. А дзе гліна? За ракою, за Ланню.