Учора Марк узняў у мяне настрой, пацвердзіў мае ранейшыя здагадкі. З гоцкай гліны можна нарабіць столькі цэглы і чарапіцы, што хопіць не толькі нашаму калгасу, а па адбудову ўсяго раёна. Час пераходзіць да будаўніцтва каменных пабудоў. Пара мяняць аблічча калгаснай вёскі.
Ужо трэці дзень у калгасе. Наведаў усе брыгады. Непачаты край работы па ўсіх напрамках. Толькі б хапіла сілы!»
А паміж Гоцкай з такою цудоўнаю глінаю і цэнтральнаю сядзібаю 20 кіламетраў непраходнай дрыгвы. Вось і паспрабуй дастаць тую гліну! А навошта вазіць? Там, на месцы, і рабіць цэглу... Але без дарог, як ні круці, не абысціся: прыйдзецца прабівацца праз балота.
І яшчэ неадкладны клопат захапіў Васіля Захаравіча — электрычнасць. Пры цару і за панамі сляпіліся пры лучыне, вайна тры гады суцэльнай ноччу была.
А цяпер, на дзевятым пасляваенным годзе, сорам пры газніцы сядзець. Ды і фермы пара электрыфікаваць. Папярэднікі спрабавалі нешта зрабіць, але накінулі новаму старшыні адны непрыемнасці.
«Паеду ў Мікашэвічы паглядзець угнаенне і пагаварыць з Белсельэлектра пра будаўніцтва электрастанцыі. Трэба лайдакоў прыцягнуць да адказнасці: сплавілі калгасу сапсаваны рухавік, а праўленне, лічы, выкінула на вецер 100 тысяч рублёў. Ні грошай, ні святла»,— запісаў у сваім дзённіку Корж.
Пасля паездкі ў райцэнтр Васіль Захаравіч з болем зазначае, што гіне зваленае над адхон угнаенне: усё карыснае з яго выпаласкваюць дажджы, выдзімае вецер, і ў калгасы за 50-70 кіламетраў возяць пусты шлак, дарэмна паляць гаручае, трацяць сілы і сродкі. Пара ашчаджаць кожную народную капейку.
Прыдзірлівая ўвага Каржа да эканомікі калгаса і раёна, гарачае і прынцыповае ўмяшанне ў кожную драбніцу, нецярплівасць да безгаспадарчасці, адкрытая рэзкасць яго выказванняў не ўсім прыйшліся даспадобы. Пакорлівым, бяздумным і паслухмяным выканаўцам Васіль Захаравіч ніколі не быў. А ў справах дзяржаўных і грамадскіх заўсёды непахісна трымаўся галоўных партыйных рашэнняў. Таму нікому не даваў спакою і сам ніколі яго не меў. Ён не ўмеў «выконваць абавязкі» або «займаць пасаду». Кожнай справе Васіль Захаравіч аддаваўся цалкам, гарэў сам на рабоце, захапляючы іншых сваёю няўрымслівай энергіяй, смелымі планамі і перспектывамі. І ніколі не адступаў ні перад якімі цяжкасцямі.
Думка пра будаўніцтва цагельні не давала спакою ні на хвіліну: мроіліся Васілю Захаравічу сёлы будучага — каменныя дамы, сучасныя фермы, сіласныя вежы, зернесушылкі, светлы клуб, новая школа.
Старшыня калгаса стукаецца ў розныя інстанцыі: просіць, настайвае, патрабуе. Начальнік рэспубліканскага ўпраўлення электрыфікацыі абяцае ў другім квартале закончыць мантаж калгаснай электрастанцыі, начальнік упраўлення Беларускай чыгункі дазволіў на тэрыторыі станцыі пабудаваць склад для мінеральных угнаенняў. Выклапатаў Васіль Захаравіч гатунковага насення льну і каноплі, выпрасіў меліярацыйныя машыны.
Закончыўшы справы ў сталіцы, завірушнаю ноччу выехаў у Хорастава, каб «выканаць, як ён пісаў у дзённіку, свае абавязкі перад калгаснікамі, якія чакаюць ад мяне многага. Бо трэба ўсё пачынаць спачатку. Электрыфікацыю, севазварот, жывёлагадоўлю,— ўсё-ўсё, куды ні паглядзі, трэба наладжваць і перарабляць. Таму заўсёды неабходна быць на месцы. А каму матацца па арганізацыях? Без гэтага пакуль што не абысціся».
Па дарозе з Мінска ў завірушнай мітульзе святло фар «газіка» выхапіла замецены скрэпер, які павольна поўз па дарозе. Тут якраз вялі на Кіеў новую магістраль рабочыя Брэсцкай машынка-дарожнай станцыі. Мяцеліца загнала брыгаду ў вёску, працаваў толькі адзін скрэпер. «Што за ўпарты хлопец на ім? — падумаў Корж. Спыніўся, падышоў да скрэпера. З кабіны паказаўся твар маладога хлопца. Пазнаёміліся, разгаварыліся. Васіль Захаравіч расказаў Івану Асініну — так звалі скрэперыста,— як думае перабудаваць вёску, пра белакаменныя дамы, цагельню. У Івана загарэліся вочы. І ён некалі марыў пра такія сёлы, але ўсё здавалася неверагодна далёкім.
— Калі згодзен папрацаваць у нас, пагавару з тваім начальствам і разам пачнём прабіваць дарогу праз самую багну.
Угаварыў Васіль Захаравіч дарожнае начальства, каб адпусціла скрэперыста, згадзіў Івана Асіпіка, і закіпела работа на цяжкай балотнай трасе. Дарогу будаваў калгас сваімі сіламі, без асігнаванняў. Выручалі скрэперыст Асіпік і калгасныя трактарысты. У выхадныя дні і да поўначы пасля працы карчавалі пні, капалі кюветы, па канавах адводзілі ржавую балотную ваду, укладалі насціл з хмызняку. І першым сярод дарожнікаў быў генерал, Герой Савецкага Саюза Васіль Захаравіч Корж. Ён браўся за самае цяжкае, сваім прыкладам, а дзе жартам, вясёлаю прыпеўкаю падбадзёрваў кожнага ў нялёгкай рабоце.