Праз Лань і балотныя ручаіны клалі масты, дрыгву гацілі хлудам, хлюпалі па сцюдзёнай вадзе, і ніхто не ныў і не скардзіўся — кожнага натхняла мара пра будучую вёску.
Скрэперыста Івана Асініна знарок Васіль Захаравіч паставіў на кватэру да свайго даўняга друга Вялічкі. У яго ж — працавітая дачка Васіліса. Сапраўды, прыгажуня, як у той казцы. І не памыліўся. Неўзабаве Іван папрасіў старшыню калгаса быць у яго за свата. Згулялі шумнае вяселле. Так Іван Асіпік назаўсёды застаўся ў калгасе. З цягам часу ён стаў лепшым механізатарам арцелі.
Але на кожную нявырашаную праблему навальваліся новыя клопаты і неадкладныя справы. Хіба можна было мірыцца з ураджаямі па 5-7 цэнтнераў збожжа з гектара? На хорастаўскіх і чаланецкіх пясках ніколі лепш і не радзіла. А дзе выйсце? Меліярацыя! Балоты павінны стаць залатым дном, асноўнаю базаю калгаснага дабрабыту.
І Васіль Захаравіч пачынае наступ на балоты. 28 сакавіка 1954 года ён запісаў у дзённіку: «Гэта пытанне два месяцы назад я ставіў у Міністэрстве меліярацыі. Падтрымалі. У мяне падняўся настрой. А ўчора меліяратары паказалі план асушкі. Вызначаны галоўныя каналы і калектары. Толькі б хутчэй. У гэтым наш ратунак. Даўней, гадоў 50 назад, нейкі генерал Жылінскі асушваў тут балоты. Але тыя канавы зараслі хмызам і заплылі глеем. Трэба ўсё пачынаць нанава і рабіць так, каб балоты прыносілі народу карысць».
Генерал Жылінскі дбаў пра абшарнікаў, пра іх прыбыткі, а генерал Корж разгарнуў работы па меліярацыі для шчасця сваіх аднавяскоўцаў, у імя росквіту роднай зямлі.
Запісы Васіля Захаравіча, яго развагі часта перабіваюцца сціслымі занатоўкамі: «Прыехаў дамоў у 24 гадзіны». «Нядзеля. Пяць гадзін раніцы. Адліга. Едзем у лес». І побач не лірычныя, а хутчэй сацыялагічныя адступленні клапатлівага і неспакойнага гаспадара: «Эх, лес, лес! Калі б ты мог расказаць чалавеку, колькі карысці ты прыносіш яму і навакольнай прыродзе, як упрыгожваеш і ўзбагачаеш зямлю і самога чалавека. А ён гэтага не хоча разумець...» І Васіль Захаравіч з абурэннем піша, як некаторыя лесарубы не ашчаджаюць маладняк, нішчаць падлесак, нерацыянальна скарыстоўваюць каштоўную драўніну. Ён дбаў пра лясы, спрачаўся, даводзіў, станавіўся абаронцам зялёнага друга.
А пра што ён не дбаў?
Прачытаўшы раман Леаніда Ляонава «Рускі лес», старшыня палескага калгаса ацэньвае аўтарскую пазіцыю: «Мне здаецца, раман трэба было пісаць смялей, глыбей выкрываць недахопы ў гэтай вялікай дзяржаўнай справе. А мы тым часам нішчым лясы і спусташаем прыроду».
Клопаты, паходы ў розныя ўстановы, бяссонныя ночы, асабісты прыклад нястомнага працаўніка на балотнай трасе, на меліярацыі, на ворыве і сяўбе, на жніве і на копцы бульбы далі відавочныя вынікі ўжо на першым годзе старшынёўства Васіля Захаравіча, абудзілі ў кожнага селяніна новую сілу і веру ў поспех. Пра свайго старшыню аднавяскоўцы казалі: «Не здаўся на вайне і цяпер не адступіцца. Ён слова на вецер не кідае. Сказаў — значыць зробіць!»
30 красавіка 1955 года рэспубліканская газета «Колхозная правда» надрукавала артыкул старшыні арцелі
Героя Савецкага саюза В. З. Каржа. У ім Васіль Захаравіч расказваў: «Пры актыўнай дапамозе механізатараў за першы год мы асушылі і асвоілі 270 гектараў тарфянікаў... Даход арцелі дасягнуў 1 076 241 рубель. Толькі ад жывёлагадоўлі мы атрыаіалі больш за 370 тысяч рублёў. Калгаснікам на кожны працадзень выдалі па І кг збожжа, па 2 кг бульбы, па 2 рублі грашыма... У 140 дамах калгаснікаў, у гаспадарчых і жывёлагадоўчых будынках гарыць электрычнасць, працуюць піларама, малатарня, саламарэзка... І яшчэ важна зазначыць, што за мінулы год у арцель вярнулася 37 калгаснікаў, якія раней выехалі на працу ў горад. Гэта была ўжо маральная перамога.
Не толькі ўзровень дабрабыту, размах работ і перспектывы росту гаспадаркі вярталі назад «уцекачоў». Абаяльнасць старшыні, яго клопат пра кожнага чалавека, шчырае жаданне памагчы старому і малому прыцягвалі людзей да сябе, і нельга ўжо было адарвацца ад падабрэлай, ласкавай роднай зямлі.
Старшыню калгаса шукалі не ў канторы, а ў брыгадзе меліяратараў, на пракладцы дарогі ў Гоцк, у полі або на ферме. На пытанні прыезджых: «Дзе знайсці Васіля Захаравіча?» звычайна адказвалі: «Ён, мабыць, і начуе ў баразне. На полі ці на балоце шукайце».
Прыбегла аднойчы да старшыні немаладая калгасніца.
— Стары мой зусім занядужаў. Жыватом качаецца. Памажыце адвезці да доктара.
— Збірай. Праз паўгадзіны еду ў Мінск. Там яго і здам добрым дактарам.