Выбрать главу

Пазней у сваім дзённіку Васіль Захаравіч запісаў:

«Забраў з сабою хворага, можа, і дапамогуць яму і даследуюць, як трэба. Добры ён чалавек, брыгадзір будаўнікоў Карп Гарасімавіч Данілевіч. У 18 гадзін былі ўжо ў Мінску, і я паспеў дамовіцца ў Міністэрстве аховы здароўя пра хворага. Раніцою наклаў яго ў першую клініку. Прафесар гаварыў з ім пры мне. Карп Гарасімавіч згадзіўся на аперацыю».

Мінская кватэрка Каржа на Дрэваапрацоўчай вуліцы ператварылася ў калгасную гасцініцу і ў склад. Сюды прыязджалі, як дамоў, выпісаныя з бальніцы, жылі тыднямі, у сенцах, і ў двары стаялі маторы, скруткі дроту, запасныя часткі для трактараў і аўтамабіляў, мяхі з гатунковым насеннем, тоненькія прышчэпы для калгаснага саду.

Васіль Захаравіч не ленаваўся ездзіць да суседзяў, не саромеўся вучыцца ў іх і пераймаць добры вопыт.

Калгас «Зара Палесся» ўзначальваў былы партызан Палескага злучэння Д. І. Хаміцэвіч. Васіль Захаравіч прыехаў да яго. Славутага партызанскага генерала сустракала ўся вёска. Тут усе ведалі яго, многія былі абавязаны жыццём дзяцей і мацярок лясным салдатам Каржа і яму асабіста. Кожны запрашаў жаданага госця да сябе, гатовы быў падзяліцца апошнім, дапамагчы, параіць. Са згоды праўлення Васіль Захаравіч абмяняў на грэчку гатунковага насення яравога жыта.

На Любаншчыну, дзе слава камароўцаў жыла ў памяці старых і малых, у славуты калгас імя БВА Васіль Захаравіч прыехаў з двума будаўнікамі, даяркаю і бухгалтарам. Няхай паглядзяць, як людзі будуюцца, даглядаюць кароў і вядуць улік, ды і самому хацелася параіцца з вопытным старшынёй Ціханам Георгіевічам Смірновым.

Калгас вырошчваў добрыя ўраджаі на тарфяніках, асушваў балоты, сеяў шматгадовыя травы, будаваў новыя фермы. Было тут чаму павучыцца. У кожнай брыгадзе сустракаліся баявыя таварышы, нізка кланяліся Каржу незнаёмыя жанчыны і дзякавалі, што ратаваў іх у гады фашысцкай навалы, каля платоў купкамі стаялі белагаловыя хлапчукі і прагна ўглядаліся ў партызанскага камандзіра, пра якога ў кожнай хаце расказвалі легенды.

А ён жартаваў і ўсміхаўся, гладзіў злінялыя чубкі будучых гаспадароў гэтай зямлі, думаў, кім праз дзесятак гадоў стануць гэтыя хлапчукі і дзяўчынкі, гэты людскі «падлесак», які трэба клапатліва і патрабавальна гадаваць і загартоўваць.

З калгаса імя БВА ў свой «Партызанскі край» прывёз Васіль Захаравіч 600 кілаграмаў насення цімафееўкі і парады, як вырошчваць шматгадовыя травы на асушаным балоце.

Слава калгаса «Рассвет» і яго старшыні Кірылы Пракопавіча Арлоўскага грымела на ўсю рэспубліку. Колькі ж мінула гадоў з таго часу, як яны ўпершыню сустрэліся на «крэсах усходніх», тут, у старобінскіх лясах? Трыццаць тры. Разам грамілі панскіх асаднікаў, вызвалялі з пастарункаў падпольшчыкаў, нават ваяводу далі адстаўку. Разам з Арлоўскім ваявалі ў гарах Іспаніі, у Айчынную вайну білі фашыстаў — адзін у баранавіцкіх лясах, другі на Палессі. І цяпер агульны клопат у колішніх баявых сяброў — сеяць, радавацца першаму коласу і апошняму снапу, несці нялёгкі абавязак старшыні калгаса. «Якая адпаведнасць, які агульны лёс,— думаў Васіль Захаравіч.— Можам з Кірылам Пракопавічам памяняцца біяграфіямі, і ўсё супадзе. Відаць, таму, што наша пакаленне камуністаў ідзе адною дарогаю, сагрэта агульнаю ідэяю і марай».

У Арлоўскага, кажуць, пабудаваны выдатныя тыпавыя фермы, ды і ўраджаі добрыя збіраюць кожны год. І Васіль Захаравіч вырашыў: «Ноччу ў суботу трэба паехаць у «Рассвет» разам з заатэхнікам. Паглядзім фермы, а раніцаю ў панядзелак будзем дома».

Разам з Васілём Захаравічам у «Рассвет» ехалі ачунялы пасля аперацыі брыгадзір будаўнікоў Данілевіч і заатэхнік Бабко. Начавалі ў машыне, а раніцаю прыйшлі на нарад. У кожным слове і руху Арлоўскага пазнаваў Корж гарачы і рэзкі характар даўняга баявога таварыша, дысцыплінаванага і суровага, клапатлівага і няўрымслівага гаспадара. Потым абодва старшыні хадзілі на палях, аглядалі кароўнікі, Кірыла Пракопавіч расказваў пра работу на фермах, дзяліўся вопытам.

Назаўтра Корж запісаў у сваім сшытку: «Ну ж і наварочаў Кірыла Пракопавіч за дзевяць з палавінаю гадоў! Пакуль што няма роўнага яму. Але нарад, на якім мы прысутнічалі, думаецца, павінен быць іншы. Няўжо і тут дысцыпліна пераваляе над свядомасцю? Відаць, Кірыла Пракопавіч, нервы табе трэба лячыць. Рэзкае і грубае слова балюча раніць чалавека, а ты яго паспрабуй пераканаць ласкаю, і чалавек усё зробіць з ахвотаю, а не па абавязку».

Корж не саромеўся вучыцца ў вопытных калгасных кіраўнікоў, хоць і не ўсё прымаў бясспрэчна: пераймаў толькі тое, што падыходзіла да іх гаспадаркі, абвяргаў няўдалыя эксперыменты, узважваў новыя пошукі, разважаў, спрачаўся з некаторымі старшынямі, даваў ім свае парады, не заўсёды згаджаўся нават з такім аўтарытэтным кіраўніком, як Кірыла Пракопавіч Арлоўскі, адстойваў свае погляды дзеля агульнай справы. Для яго перакананасць была важней любога аўтарытэта.