Такі ён быў заўсёды і скрозь — прамы, гарачы і прынцыповы. Не зважаючы на пасады службовых асоб, сваім сялянскім вопытам, логікай, учэпістым і светлым розумам даводзіў сваю правату. Адных гэта бянтэжыла, іншыя, абараняючы гонар мундзіра, спрабавалі асадзіць няўрымслівага старшыню: «Гэта вам не партызаншчына, таварыш Корж». Такія папрокі асабліва абражалі Васіля Захаравіча: «У нашым злучэнні, малады чалавек, заўсёды поўны парадак быў, партызанілі без «партызаншчыны», сумленна і арганізавана. Вашай канторы не шкодзіла б пераняць гэты вопыт». І не супакойваўся, пакуль не дамагаўся свайго.
Увосень закончылі дарогу на Гоцк, а там ужо з печаў выгружалі першыя звонкія цагліны, ашчадна складалі ў кузавах грузавікоў, на вазах і везлі на цэнтральную сядзібу. І ў Хораставе ўзнімаліся сцены кароўнікаў, майстэрань, магазінаў і дамоў калгаснікаў.
Электрычнае святло гарэла не толькі на фермах, кармакухнях і складах,— у хатах, на вуліцах. У калгасе працавала 50 электраматораў, былі радыёфікаваны ўсе кватэры, з кожнаю брыгадаю ўстаноўлена телефонная сувязь. Пра надзённыя задачы Васіль Захаравіч часта расказваў калгаснікам па радыё, прасіў Сцяпана, Данілу ці Ганну зрабіць нешта неадкладнае. Людзі слухаліся і рабілі ўсё ях« найлепш.
Клапатліва і дбайна падбіраў старшыня спецыялістаў для сваёй гаспадаркі: механізатары з меліярацыйных атрадаў ахвотна заставаліся ў калгасе, хлопцы жаніліся з сінявокімі палескімі прыгажунямі, а старшыня, як родны бацька, даваў у пасаг то цялушку, то парсючка, і сядзеў на вяселлях на покуце, дапамагаў маладым чым толькі мог. І яны сваёю працаю шчодра аддзячвалі за клопаты праўлення і старшыні.
Аксамітам чарнелі і ільсніліся ўзараныя тарфянікі, зелянелі густой рунню, шумелі пшанічнымі разлівамі і блакітнымі азёрамі льну, а колішнія пясчаныя загоны зарасталі хвойнікам. Ён зберагаў вільгаць і засланяў палі ад сухавеяў.
Ужо ў 1959 годзе калгас «Партызанскі край» меў 8 мільёнаў прыбытку. Але гэта не задавальняла старшыню. Яго захаплялі новыя мары і планы, ён клапаціўся пра дабрабыт калгаснікаў і культуру сяла: будаваў новыя дамы, школы, дзіцячыя сады і яслі, а сам жыў у каморцы пры калгаснай канторы, уставаў да світання, клаўся апоўначы, не меў адпачынкаў і вывадных.
— Адкуль столькі сілы ў чалавека бярэцца? — дзівіліся калгаснікі, і сястра часта папракала:
— Хоць бы да мяне калі заскочыў гарачай капусты пасёрбаць, а то па сухой нішчымніцы жывеш.
— Няма калі расседжвацца, Марыля,— і ён выцягваў з палявой сумкі акраец хлеба, скрылёчак сала, садзіўся на ўзмежак і частаваў сястру.
Толькі воддаль здавалася, што сіле Каржа няма канца-краю. Начамі ныла сэрца, слабелі ногі, у галаве гула малатарня, а ў скроні стукалі малаточкі. Але не было калі прыслухоўвацца да ўсіх немачаў: новае світанне клікала ў поле, а дзень прыносіў сотні клопатаў і неадкладных спраў. Ён ніколі не скардзіўся на стому, нікому не казаў, як яму бывае цяжка. «Камандзір заўсёды павінен быць бадзёры і вясёлы. Я ж — камандзір палёў, і аперацыі тут бываюць не менш складаныя і адказныя, як на фронце»,— суцяшаў сябе Корж.
А раённае начальства ўсё часцей «спачувала» яму: «Папрацавалі вы, Васіль Захаравіч, самаахвярна, пара і пра сябе паклапаціцца. Няхай маладзейшыя пакруцяцца».
Прыемна, калі дбаюць пра цябе, але гэтыя клопаты і насцярожвалі Каржа: «Чым не дагадзіў? Праўда, бываю рэзкі. Падтакваць і лісліва ўсміхацца не ўмею. Магчыма, гатовенькае месца нехта ўпадабаў. Сем гадоў назад, калі было пуста і гола, ахвотнікаў не знаходзілася, а цяпер кожны ласы». Але часам і пярэчыў сабе: «Можа, і праўда, малады, энергічны старшыня зробіць больш і лепш? Пайсці на спакой, атрымліваць генеральскую пенсію, у піжаме і пантофлях сядзець на канапе ці забіваць у двары з пенсіянерамі «казла»? Не, спакой не для мяне!»
І ўсё ж... усё ж 11 сакавіка 1961 года вырашыў напісаць заяву Цэнтральнаму Камітэту Кампартыі Беларусі:
«Пасля бесперапыннай барацьбы за нашу Савецкую Радзіму, мне давялося апошнія сем гадоў працаваць у вельмі цяжкіх умовах старшынёй калгаса «Партызанскі край».
Гэта была палеская глухмень, бездараж, пяскі і балоты, народ галадаў.
Цяпер гэты край стаў непазнавальны: асушана, раскарчавана болей за 2 тысячы гектараў балот. Яны даюць высокія ўраджаі. Пабудаваны жывёлагадоўчыя фермы, электрыфікаваны і радыёфікаваны ўсе вёскі, тэлефанізаваны брыгады, пабудаваны каларыферныя сушылкі, механізавана апрацоўка льну і канапель, працуюць млын, піларама, цагельня ў Гоцну, два дызелі, 50 электраматораў, 12 трактараў, 5 камбайнаў, 16 аўтамашын. Калгас мае 2 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы, 110 гектараў саду, пракладаюцца добрыя дарогі. Але, па вялікі жаль, мне ўжо 63 гады. Нястомная барацьба, нягоды і цяжкасці партызанскага жыцця падарвалі маё здароўе. Урачы даўно настойваюць, каб я пакінуў гэты цяжкі ўчастак работы.