Таму прашу Цэнтральны Камітэт падабраць на маё месца добрага, ініцыятыўнага работніка, хоць, шчыра кажучы, выказаць гэта мне вельмі цяжка.
В. К о р ж».
Калгасны сход расцягнуўся аж на два дні. Пра ўсё ўспаміналі аднавяскоўцы; што гадамі жыло ў сэрцы, выказвалі цяпер. Скупыя на пахвалу і падзякі сяляне прыгадалі сваё галоднае і лапцюжнае існаванне «за панскім часам», пакуты ў гады фашысцкай навалы, першыя пасляваенныя гады на папялішчах, радаваліся дастатку, у якім цяпер жыве іх «Партызанскі край».
— Не пакідай, Захаравіч, папрацуй яшчэ.
— Не рвіся, як раней, толькі камандуй, а мы твайго кожнага слова будзем слухацца,— упрошвалі калгаснікі.
Устаў заўсёды маўклівы Яўстаф Аляксеевіч Цуба і па праву старэйшага звярнуўся так, як некалі ў маладосці:
— Памятаеш, Васіль, кім былі мы да трыццаць дзевятага года? IIa куццю ў пана выпрошвалі жменю папцаку. На ўсю поласць было толькі 70 газніц, а Гахаючы, Чаланец, Груздава, Пузічы і Вейна сляпіліся пры лучыне. На сто душ прыпадала 8 пісьменных. Ды і то якія там былі грамацеі — замест крыжыкаў тры літары з кручком надрапаюць. Да бальніцы, як да таго бога, не дапнеш. А цяпер? Дзесяць школ, дзве бальніцы ў калгасе, сем клубаў, дзевяць магазінаў, электрыка не толькі людзям — парсюкам свеціць. На колішняй дрыгве пшаніца, як гай, шуміць. І ўсё гэта мы за некалькі гадоў нажылі. Ты думаеш, мы не ведаем тваіх бяссонных начэй? Ведаем, лічылі. Канца ім няма. А цяпер ты хочаш кінуць нас, як роднае дзіця, што выняньчыў сваімі рукамі? Адумайся, Васіль! Паслужы яшчэ сваім землякам, як служыў дагэтуль. Усе людзі,— ён абвёў рукою перапоўненую залу,— просяць цябе. Астанься, пабудзь яшчэ.
Казытала ў горле, падкочваўся тугі камяк, а з праходаў і з усіх куткоў умольна глядзелі такія знаёмыя вочы равеснікаў і равесніц, іх дзяцей і ўнукаў. Восем разоў браў слова Васіль Захаравіч, абяцаў дапамагаць парадай, калі будзе што не так, папраўляць, сачыць за ростам гаспадаркі.
Нехта прапанаваў:
— Калі не здолееш — з пасады адпусцім, але будзь ганаровым старшынёй. Дзе новы не пацягне, ганаровы падставіць плячо. Памятай, Васіль Захаравіч, «Партызанскі край» — твой край, твой родны калгас.
Апошнія словы заглушылі воплескі. Ледзьве стрымаў хваляванне Васіль Захаравіч. Нібыта выціраючы пот, перахапіў скупую слязінку і папракнуў сябе: «Відаць, старэю. Сэрца размякла. Сваёй слязы з маленства не памятаю». І зноў выпрастаўся, заціснуў нервы ў кулак.
Разыходзіцца не спяшаліся, усё яшчэ ўгаворвалі адумацца, не пакідаць іх.
Выйшаў Корж разам з новым старшынёй Сцяпанам Жыбуртовічам. Хрупала над нагамі падшэрхлая наледзь, з палёў патыхала вільгаццю праталін і набраклым сітаватым снегавы На ўсе бакі мігцелі сузор'і электрычных агнёў.
Сэрца сціскала трывога: няўжо ўсё створанае, здабытае, адбудаванае за сем з лішнім гадоў, зробіцца чужым, староннім? Няўжо не будзе ніякіх клопатаў і хваляванняў? Супакоенасць і пустата душы — прыкмета старасці. Прыгадалася даўняя гісторыя: выбракавалі баявога кавалерыйскага каня і прадалі вадавозу. Кожны дзень ён вазіў цяжкую бочку. Аднойчы пачуў трывожны сігнал трубы, да крыві закусіў цуглі, не паслухаўся фурмана і з бочкаю стаў у строй.
«Можа, і мяне яшчэ пакліча баявая труба?» — суцяшаў сябе Васіль Захаравіч.
Ён не спаў да раніцы, перабіраў у памяці ўсё жыццё: баі і паходы па лясах і дрыгве, па камяністых сцежках Валенсіі, прыгадаў і радасць Перамогі. За што ваяваў? За гэтую родную зямлю, за шчасце людзей на ёй, за дабро, якое шчодра сеяла яго жылаватая дужая рука.
На досвітку пайшоў пратаптанаю за многія гады сцежкаю — на фермы, у майстэрню, прыдзірліва прыглядаўся да кожнай драбніцы. Узрадаваўся, сустрэўшы новага старшыню: «І гэты не праспаў першага дасвецця». А ў душы зашчымела пякучая зайздрасць. Але хіба можна зайздросціць і папракаць за маладосць?
Дамовіліся пасля нарады абмеркаваць бліжэйшыя задачы.
— Вызначым, якія вышыні прыйдзецца браць,— усміхнуўся Корж...
Доўга вызначалі, складалі дзёрзкія планы.
А выязджаць з родных мясцін не хацелася: марудзіў. Ледзь не тыдзень перадаваў справы, знаёміў новага старшыню з гаспадаркай і з людзьмі. Ад сястры даведаўся, што калгаснікі рыхтуюць яму ўрачыстыя праводзіны. Баяўся, што не стрымаецца, расчуліцца.